Яна 10 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;
"Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік.
а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.
Але хто ўваходзіць праз дзьверы — Ён пастырам авец.
Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае іх.
Такому прыдзьверны адчыняе і Яго голасу слухаюць авечкі. Свае авечкі заве Ён па імю ды выводзіць (выганяе іх, выпускае іх).
А калі выпусціць сваіх авечак, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;
А калі выпусьціць свае авечкі, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі гоняцца за Ім, бо знаюць Яго голас.
а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».
Але за чужым яны ня пойдуць, але ўцікаюць ад яго, бо голасу чужых ня знаюць".
Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.
Такую прыповесьць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі таго, што ім гаварыў.
Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы для авечак.
Дык сказаў ім Езус паўторна: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: што Я дзьвярымі для авец".
Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, — злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
Усе сколькі іх не прыйшло, злодзеі яны і разбойнікі. Ды іх не паслухалі авечкі.
Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.
Я — дзьвярмі. Калі хто праз Мяне ўвойдзе — будзе збаўлены: ён увойдзе і выйдзе, ды знойдзе пазвішча.
Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.
Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі багацейшае.
Я — Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё Сваё.
Я — Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё аддае за свае авечкі.
Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, — а воўк хапае іх і разганяе авечак, —
Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага воўка, кідае авечкі, ды ўцікае, а воўк хватае і разганяе авечкі.
А найміт уцякае, бо ён — найміт і не рупіцца пра авечак.
Найміт жа ўцікае, бо ён найміт, і ён ня рупіцца пра авечкі.
Я — добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць,
Я — Добры пастыр, знаю свае і яны Мяне знаюць;
як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.
як знае Мяне Айцец, а я знаю Айца. Ды жыцьцё Сваё адддаю за авечкі Свае.
Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць Мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
Ды і іншыя маю, якія не з гэтага аўчарніка. І гэтыя мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго. Так станецца адзін аўчарнік да адзін пастыр.
Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
Таму любіць Мяне Айцец, што Я Сваё жыцьцё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».
Ніхто Мне яго не адбірае, але Я з Сваёй волі аддаю яго. Маю права (моц) ахвяраваць яго і маю моц яго аддабыць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго".
Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між юдэямі з-за гэтых слоў.
Дзеля таго ўзьнікла зноў раздваеньне між Юдэямі дзеля гэтых слоў.
Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»
Затым многа з іх гаварыла: "Чарта мае і шалее". Пашто Яго слухаць?"
Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»
Іншыя ж казалі: "Гэта не навука апанаванага ліхім. Ці ж ліхі можа сьляпым вяртаць зрэньне?"
Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма,
Выпала ў Ерузаліме ўрачыстасьць Пасьвята Сьвятыні, а была зіма.
і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.
Хадзіў Езус па сьвятыні ў галярэі (прыбудовы) Салямона.
Тады абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам яўна».
Тады абступілі Яго Жыды і казалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстус, скажы нам яўна".
Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.
Адказаў ім Езус: "Кажу ж вам, а вы ня верыце. Учынкі Мае, каторыя выконваю ў імя Айца Майго — сьведчаць (даказваюць) аба Мне".
Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец.
Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,
Авечкі Мае слухаюць голасу Майго і Я знаю іх і яны ідуць за Мной.
і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.
І даю Я ім жыцьцё вечнае, і не прападуць век, ды ніхто ня вырве з Маёй рукі.
Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго.
Тое, што Мне даў Мой Айцец, большым ёсць чым усё, ды ніхто не можа вырваць з рук Айца Майго.
Я і Айцец — адно».
Я і Айцец адно".
Дык зноў юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.
Дык Юдэі хапілі каменьні, каб Яго ўкаменаваць.
Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»
Сказаў ім Езус: "Многа добрых учынкаў выявіў вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў хочаце ўкаменаваць Мяне?"
Адказалі Яму юдэі, кажучы: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзненне, за тое, што Ты, хоць Ты чалавек, робіш Сябе Богам».
Адказалі Яму Юдэі: "Не каменуем Цябе за добры ўчынак, але за блюзьнерства, за тое, што Ты будучы чалавекам, робіш сябе Богам".
Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: “Я сказаў: вы — багі”?
Адказаў ім Езус: "Ці ж у Законе вашым не напісана: "Я сказаў: багамі вы ёсьць" (Пс 81:6)?
Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, — а Пісанне памыліцца не можа, —
Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, а Пісаньне мыліцца ня можа,
аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: “Ты блюзніш!”, бо Я сказаў: “Я — Сын Божы”?
аб тым, каго Айцец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце, што блюзьніць, бо сказаў, што Я — Сын Божы.
Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.
Калі не выконваю учынкаў Айца Майго — ня верце Мне.
Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і паверылі, што Айцец — ува Мне, а Я — у Ім».
Але калі спаўняю, дык хоць вы Мне верыць не хацелі, верце ўчынкам, каб пазналі ды ўверылі, што Айцец у ва Мне, а Я ў Айцу".
Імкнуліся затым Яго ўзяць, але Ён ухіліўся ад іх рук.
Стараліся затым Яго ўзяць, але Езус ухіліўся з іхніх рук.
І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.
Пайшоў зноў за Ярдан, дзе раней Ян хрысьціў ды там прабываў.
І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знака не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».
Многія прыходзілі да Яго і казалі: Ян, што праўда ніводнага цуду не ўчыніў.
І многія там паверылі ў Яго.
Але ўсё, што Ян аб Езусе сказаў было праўдай. І многія ўверылі ў Яго.