Яна 4 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Калі затым Госпад даведаўся, што фарысеі чулі, што Ісус здабывае больш вучняў і больш хрысціць, чым Ян, —
Калі затым Езус даведаўся, што фарызэі чулі, што Езус здабывае больш вучняў ды хрысьціць чым Ян.
хоць Сам Ісус не хрысціў, але вучні Яго, —
(Хоць ня Езус хрысьціў, але вучні Ягоныя),
дык пакінуў Юдэю і вярнуўся зноў у Галілею.
дык пакінуў Юдэю і вярнуўся йзноў у Галілею.
А выпала Яму ісці праз Самарыю.
А выпала Яму ісьці праз Самар'ю.
Прыйшоў тады ў самарыцянскі горад Сіхар, непадалёк ад паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну;
Прыбыў затым у самаранскі горад Сыхар, непадалёку паселішча, якое даў Юзэфу, свайму сыну.
і была там крыніца Якуба. І Ісус, змучаны дарогай, сядзеў пры крыніцы; было каля шостай гадзіны.
Ды была там студня Якуба і Езус змучаны дарогай сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
У той час прыйшла жанчына з Самарыі браць ваду. Кажа ёй Ісус: «Дай мне напіцца»;
У той час прыйшла жанчына самар'янка браць ваду. Кажа Ёй Езус: "Дай мне напіцца?"
бо вучні Яго пайшлі ў горад, каб купіць ежы.
Бо вучні Яго пайшлі ў горад купіць харчоў (жыўнасьці).
Кажа тады Яму жанчына самарыцянка: «Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі?» Бо юдэі не маюць зносін з самарыцянамі.
Кажа тады яму жанчына самар'янка: "Як жа ты будучы Юдэям можаш прасіць жанчыну самар'янку вады?" Бо Юдэі ня маюць адносін з самар'янамі".
Адказаў Ісус і сказаў ёй: «Калі б ты ведала дар Божы ды Хто ёсць Той, Хто цябе просіць: “Дай мне піць”,ты, напэўна, прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».
Адказаў ёй Езус: "Калі б ты знала дар Божы ды кім Той, Хто цябе просіць: Дай мне піць, напэўна прасіла б Яго, а Ён даў бы табе жывой вады".
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, не маеш нават чым зачэрпаць, а студня глыбокая; адкуль тады маеш жывую ваду?
Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, ня маеш нават чым набраць вады, а студня глыбокая, адкуль тады возьмеш жывой вады?"
Ці ж Ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў, і сыны яго, і скаціна яго?»
Ці ж ты важнейшы (большы) за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэту студню, з якой сам піў і сыны яго, і статак?"
Адказаў ёй Ісус і сказаў: «Кожны, хто п’е гэтую ваду, зноў смагнуць будзе;
У адказ сказаў ёй Езус: "Кожны, хто п'е гэту ваду, зноў смагнуць будзе, а хто аднак нап'ецца вады, якую Я яму дам, ніколі ня будзе чуць смагі.
а хто нап’ецца вады, якую Я яму дам, ужо не будзе смагнуць навекі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім крыніцай вады, што бруіцца ў жыццё вечнае».
Але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім жаралом б'ючым на жыцьцё вечнае.
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой».
Кажа яму жанчына: "Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой".
Кажа ёй Ісус: «Ідзі, пакліч мужа свайго і прыйдзі сюды».
Кажа ёй Езус: "Ідзі, пазаві мужа свайго і прывядзі сюды.
Адказала жанчына і сказала Яму: «Я не маю мужа». Кажа ёй Ісус: «Добра ты сказала: “Я не маю мужа”,
Жанчына адказала: "Я ня маю мужа". Сказаў ёй Езус: "Добра сказала ня маю мужа,
бо мела ты пяць мужоў, а гэты, якога цяпер маеш, не ёсць твой муж. Гэта ты праўду сказала».
бо мела ты пяць мужоў, а гэты, каторага цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам; гэта ты праўду сказала".
Кажа Яму жанчына: «Госпадзе, бачу, што Ты — прарок.
Кажа яму жанчына: "Госпадзе, віджу, што ты Прарок.
Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерузаліме месца, дзе належыць пакланяцца».
Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся Богу, а вы даказваеце, што Ерузалім гта месца, дзе належыцца славіць Яго".
Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што надыходзіць час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме будзеце пакланяцца Айцу.
Сказаў ёй Езус: "Жанчына, павер Мне, што набліжаецца пара, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме, ня будзеце славіць Айца.
Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; а мы пакланяемся таму, што ведаем, бо ад юдэяў збаўленне.
Вы славіце чаго ня знаеце, а мы славім, што знаем, бо з Юдэяў збаўленьне.
Але надыходзіць час, ды ўжо надышоў, што праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе, бо і Айцец шукае такіх, што паклоняцца Яму.
Але надыходзіць пара дый ужо надыйшла, што праўдзівыя спахвальнікі будуць славіць Айца ў Духу і ў праўдзе. Бо і Айцец шукае такіх спахвальнікаў.
Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў Духу і ў праўдзе».
Бог Духам і тыя, што Яго славяць павінны аддаваць Яму спахвалу ў Духу і ў праўдзе".
Кажа Яму жанчына: «Ведаю, што прыйдзе Месія, значыць Хрыстос; калі Ён прыйдзе, усё нам аб’явіць».
Кажа Яму жанчына: "Ведаю, што прыйдзе Мэсія, званы Хрыстом, калі Ён прыйдзе, усё нам аб'явіць".
Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, Той, Які з табою размаўляе».
Сказаў ёй Езус: "Ім — Я, Які з табою размаўляю".
Неўзабаве прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; але ніхто не сказаў: «Пра што пытаеш?» або «Пра што з ёй гаворыш?»
Небавам прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Езус размаўляў з жанчынаю. Але ніводзін з іх не спытаўся: "Аб што пытаеш, або: пра што з ёй гаворыш.
Жанчына ж пакінула збанок свой і паспяшыла ў горад, і кажа тым людзям:
Жанчына ж пакінула збанок свой, пайшла ў горад, і разказала жыхарам ягоным:
«Ідзіце і пабачце Чалавека, Які мне сказаў усё, што я толькі зрабіла; ці гэта не Сам Хрыстос?»
"Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі рабіла. Ці гэта ня Хрыстус?"
Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
Дык пайшлі з горада і сьпяшылі да Яго.
Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Рабі, еж».
Тым часам вучні прасілі Яго: "Вучыцелю, еш!"
Але Ён сказаў ім: «Я маю ежу, пра якую вы не ведаеце».
Але Ён сказаў: "Маю Я ежу, пра каторую вы ня ведаеце".
Казалі тады вучні між сабой: «Няўжо нехта прынёс Яму есці?»
Казалі тады вучні між сабой: "Няўжо нехта прынёс Яму есьці?"
Кажа ім Ісус: «Мая ежа — каб выконваць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і каб скончыць справу Яго.
Сказаў ім Езус: "Маёю ежай спаўняці волю Таго, Хто паслаў Мяне выканаць паручэньне Ягонае.
Ці ж вы не кажаце: “Яшчэ чатыры месяцы, і пачнецца жніво”? Вось, кажу вам: падыміце вочы вашы і паглядзіце на прасторы, якія яны ўжо белыя да жніва.
Ці ж вы ня кажаце, яшчэ чатыры месяцы і пачнецца жніво? Дык кажу вам: "Падыміце вочы вашыя і прыгледзьціся ваколіцам, як ужо бялеюць на жніво.
Ужо жнец атрымоўвае плату і збірае плод на жыццё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
Жнеяр атрымоўвае заплату і сабірае плён на жыцьцё вечнае, каб і сейбіт і жнівяр (жнея) разам радаваліся.
І гэтым спраўджваецца слова: адзін сее, а іншы збірае.
Тут на самым дзеле спраўджаецца пагаворка, што адзін сее, а хто іншы сабірае.
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі; іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іх».
Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не трудзіліся: Іншыя трудзіліся, а вы карыстаецеся іхнім трудом, потам".
І многа самарыцянаў з горада таго паверыла ў Яго дзеля слоў жанчыны, якая сведчыла: «Ён мне сказаў усё, што я толькі зрабіла».
Затым многа самр'янаў з горада таго ўверыла ў Яго не дзеля слоў жанчыны, даказваючай: "Ён мне сказаў усё, што я толькі рабіла".
І, калі да Яго прыйшлі самарыцяне, прасілі Яго, каб у іх пабыў; дык прабыў Ён там два дні.
Дык калі да Яго прыйшлі самар'яне, прасілі Яго, каб там пабыў. Дык пабыў там два дні.
Ды многа болей уверыла дзеля слоў Яго.
Ды многа болей уверыла ў Яго дзеля Ягонай навукі.
Жанчыне ж казалі: «Ужо не дзеля твайго аповеду верым; але дзеля таго, што пачулі і ведаем, што Ён — сапраўды Збаўца свету, Хрыстос».
Жанчыне ж казалі: "Ужо не дзеля твайго разказу верым, але дзеля таго, што чулі, пераканаліся, што Ён праўдзівым Збаўцаю сьвету.
А па двух днях пайшоў Ён адтуль у Галілею;
А па двух днях пайшоў адтуль і направіўся ў Галілею.
хоць Сам Ісус сведчыў, што прарок не мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
Бо сам Езус сказаў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
Калі затым прыйшоў у Галілею, галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што Ён ўчыніў у Ерузаліме ў дзень свята; бо і яны прыходзілі на свята.
Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў час сьвятаў, бо і яны былі на сьвяце.
Ісус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе зрабіў ваду віном. І быў там нейкі ўрадовец, якога сын хварэў у Кафарнаўме;
Езус узноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. А тым быў урадавец нейкі, каторага хварэў сын у Кафарнаўме.
ён, калі пачуў, што Ісус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго; а ён ужо канаў.
Ён, калі пачуў, што Езус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб Ён прыйшоў і аздаравіў сына яго, які быў пры сьмерці.
Сказаў яму Ісус: «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце».
Сказаў яму Езус: "Калі ня відзіце знакаў і цудаў, ня верыце.
Кажа Яму ўрадовец: «Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ».
Кажа Яму ўрадавец: "Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ".
Кажа яму Ісус: «Ідзі. Сын твой жыве». Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Ісус, і пайшоў.
Кажа яму Езус: "Ідзі, сын твой жывы". Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Езус, дый пайшоў.
А калі быў яшчэ ў дарозе, паслугачы яго выйшлі насустрач яму, каб сказаць, што сын яго жыве.
А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі на спатканьне і сказалі яму: "Сын твой жыве".
Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі яму: «Учора а сёмай гадзіне спынілася ў яго гарачка».
Спытаўся іх тады аб пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі: "Учора а сёмай гадзіне спынілася гарачка".
Дык даведаўся бацька, што гэта быў той час, у які сказаў яму Ісус: «Сын твой жыве», і паверыў ён ды ўвесь дом яго.
Дык пераканаўся бацька, што гэта быў час, у які сказаў яму Езус: "Сын твой жыве". Дык уверыў ён ды ўвесь дом ягоны.
І гэты другі знак учыніў Ісус, калі прыйшоў з Юдэі ў Галілею.
Гэта ўжо другі цуд, які ўчыніў Езус, калі вярнуўся з Юдэі ў Галілею.