Яна 10 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзверы, але пранікае інакш, той злодзей і разбойнік;
 

а хто ўваходзіць праз дзверы, той пастыр над авечкамі.
 

Яму прыдзвернік адчыняе, і авечкі слухаюцца яго голасу, і сваіх авечак кліча ён па імю ды выпускае іх.
 

А калі выпусціць сваіх авечак, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас;
 

а за чужым яны не пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых не ведаюць».
 

Такую прыпавесць сказаў ім Ісус; але яны не зразумелі, што значыць тое, што ім гаварыў.
 

Дык сказаў ім Ісус ізноў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — дзверы для авечак.
 

Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, — злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
 

Я — дзверы: калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.
 

Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красці, забіваць і губіць; Я ж прыйшоў, каб мелі жыццё і мелі ўдосталь.
 

Я — Пастыр добры. Добры Пастыр аддае за авечак жыццё Сваё.
 

Але найміт ды той, хто не пастыр, у каго авечкі не свае, бачыць, што набягае воўк, кідае авечак ды ўцякае, — а воўк хапае іх і разганяе авечак, —
 

А найміт уцякае, бо ён — найміт і не рупіцца пра авечак.
 

Я — добры Пастыр і ведаю Маіх, і яны Мяне ведаюць,
 

як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыццё Маё аддаю за авечак.
 

Ды і іншых авечак маю, якія не з гэтай аўчарні, і тых належыць Мне прывесці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адзін статак і адзін Пастыр.
 

Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыццё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
 

Ніхто ў Мяне яго не адбірае, але Я па Сваёй волі аддаю яго. Маю ўладу аддаваць яго і маю ўладу яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго».
 

Дзеля таго ўзнікла зноў спрэчка між юдэямі з-за гэтых слоў.
 

Затым многія з іх гаварылі: «Дэмана мае і шалее! Нашто Яго слухаць?»
 

Іншыя ж казалі: «Гэта не словы апанаванага дэманам. Ці ж дэман можа сляпым вяртаць зрок?»
 

Сталася тады ў Ерузаліме ўрачыстасць пасвячэння святыні; была зіма,
 

і хадзіў Ісус па святыні ў прысенках Саламона.
 

Тады абступілі Яго юдэі і казалі Яму: «Дакуль будзеш бянтэжыць душу нашу? Калі Ты — Хрыстос, скажы нам яўна».
 

Адказаў ім Ісус: «Сказаў Я вам, а вы не верыце; справы, якія Я выконваю ў імя Айца Майго, яны сведчаць пра Мяне.
 

Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак, як Я сказаў вам.
 

Авечкі Мае слухаюцца голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной,
 

і Я даю ім жыццё вечнае, і не прападуць вечна, і ніхто не вырве іх з Маёй рукі.
 

Айцец Мой, Які даў Мне іх, большы за ўсіх, і ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго.
 

Я і Айцец — адно».
 

Дык зноў юдэі схапілі камяні, каб Яго ўкаменаваць.
 

Адказаў ім Ісус: «Многа добрых учынкаў паказаў Я вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў кідаеце ў Мяне камяні?»
 

Адказалі Яму юдэі, кажучы: «Не камянуем Цябе за добрую справу, але за блюзненне, за тое, што Ты, хоць Ты чалавек, робіш Сябе Богам».
 

Адказаў ім Ісус: «Ці ж у законе вашым не напісана: “Я сказаў: вы — багі”?
 

Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, — а Пісанне памыліцца не можа, —
 

аб Тым, Каго Айцец усвяціў і паслаў у свет, вы кажаце: “Ты блюзніш!”, бо Я сказаў: “Я — Сын Божы”?
 

Калі Я не раблю спраў Айца Майго, не верце Мне.
 

Але калі раблю, дык, калі вы Мне верыць не хочаце, верце справам, каб спазналі і паверылі, што Айцец — ува Мне, а Я — у Ім».
 

Імкнуліся затым Яго ўзяць, але Ён ухіліўся ад іх рук.
 

І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысціў Ян, ды там застаўся.
 

І многія прыходзілі да Яго і казалі: «Ян, што праўда, ніводнага знака не ўчыніў; але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай».
 

І многія там паверылі ў Яго.