Другі закон 27 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 1999
Загадаў вось Майсей разам са старэйшынамі Ізраэля народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёння загадваю.
Калі пяройдзеш праз Ярдан у зямлю, якую табе дасць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя камяні і абмаж іх вапнай,
каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсці ў зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх.
Дык калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я вам сёння загадваю, на гары Гэбал, і абмажце іх вапнай.
І пабудуй там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, з камянёў, якіх не кранула жалеза,
з камянёў нячэсаных, і складзі на ім ахвяру цэласпалення Госпаду, Богу твайму.
І складзі ахвяры прымірэння, і еж там і весяліся перад абліччам Госпада, Бога твайго;
ды напішы на камянях усе словы закону гэтага выразна і ясна».
Потым Майсей і святары левіты народа прамовілі да ўсяго Ізраэля: «Слухай уважліва, Ізраэль: у дзень сённяшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго.
Слухай голас Яго і спаўняй прыказанні і загады Яго, якія я загадваю табе».
У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
«Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сімяон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэньямін.
На гары ж Гэбал, згодна абраду, для праклёну будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, і Асэр, і Забулон, Дан і Нэфталі.
І пачнуць абвяшчаць левіты і загамоняць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраэля:
“Пракляты чалавек, які робіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маці”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто перасоўвае межы блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто несправядліва судзіць чужынца, сірату і ўдаву”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто падманвае сляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто спіць з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча яго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто спіць з любой жывёлай”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто спіць з сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто спіць з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто тайна заб’е блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
“Пракляты той, хто не трымаецца слоў гэтага закону і не спаўняе іх у справе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.