Выслоўяў Саламонавых 21 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Сэрца цара ў руцэ Госпада — як ручаі водаў: Ён паверне яго, куды пажадае.
 

Усякая дарога чалавека здаецца яму вернай, але Госпад узважвае сэрцы.
 

Тварыць міласэрнасць і законнасць больш падабаецца Госпаду, чым крывая ахвяра.
 

Гордасць вачэй і фанабэрыстасць сэрца — светач бязбожнікаў — грэх.
 

Намеры кемлівага — заўсёды для прыбытку, а ўсякі паспешлівы — заўсёды ў галечы.
 

Хто збірае скарбы падманным языком, той будзе кінуты ў пасткі смерці.
 

Раз’ятранасць бязбожнікаў скіне іх, бо не пажадалі яны тварыць законнасць.
 

Нясталы шлях — чужы для чалавека; а хто чысты, таго справа верная.
 

Лепей сядзець у кутку гарышча, чым са сварлівай [жонкай] — у агульным доме.
 

Душа бязбожніка жадае ліха; над ім не злітуецца блізкі яго.
 

Калі пакараюць насмешніка, просты чалавек паразумнее; а калі вучаць мудрага — ён набудзе веды.
 

Справядлівы назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя у няшчасце.
 

Хто вуха сваё затыкае на лямант беднага, той і сам будзе лямантаваць, але не будзе выслуханы.
 

Падарунак патаемны спыняе гнеў, а падарунак за пазухай — найвялікшае абурэнне.
 

Тварыць законнасць — гэта радасць для справядлівага і пагібель для тых, хто чыніць несправядлівасць.
 

Чалавек, які сыдзе з дарогі разважлівасці, прабудзе на сходзе мёртвых.
 

Хто любіць балі — будзе ў галечы, не ўзбагаціцца, хто любіць віно і тлустую ежу.
 

Збаўленне за справядлівага — бязбожнік, а за прастадушных — несправядлівы.
 

Лепей жыць на пустыннай зямлі, чым з жонкай сварлівай і запальчывай.
 

Жаданы скарб і тлушч у жыллі мудрага, а неразважлівы чалавек прамантачыць яго.
 

Хто ідзе ўслед за справядлівасцю і міласэрнасцю, той знойдзе жыццё, і справядлівасць, і славу.
 

Уваходзіць мудры ў горад дужых і знішчае цытадэль іх упэўненасці.
 

Хто беражэ вусны свае і язык свой, той беражэ душу сваю ад бед.
 

Пыхлівы і фанабэрысты завецца насмешнікам, што дзейнічае ў пыхлівым гневе.
 

Жаданні гультая забіваюць, бо рукі яго не жадаюць нічога рабіць:
 

увесь дзень ён жадае і прагне; а справядлівы — той, хто раздае і не шкадуе.
 

Ахвяры бязбожнікаў — агідныя, тым болей, што прапаноўваюцца яны са злачынства.
 

Ілжэсведка загіне, чалавек пакорлівы будзе гаварыць на перамогу.
 

Бязбожны чалавек упарціцца ў поглядзе сваім; а той, хто верны, — выпраўляе дарогу сваю.
 

Няма мудрасці, ані разважлівасці, ані законнасці супраць Госпада.
 

Каня рыхтуюць на дзень вайны, але выратоўвае Госпад.