Ераміі 32 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Слова, якое было Ярэміі ад Госпада ў дзесятым годзе Сэдэцыі, цара Юдэйскага, ён жа — васемнаццаты год Набукаданосара.
 

Тады войска цара Бабілона трымала ў аблозе Ерузалім, а прарок Ярэмія быў увязнены на вартавым падворку, які быў у палацы цара Юдэйскага.
 

Памясціў яго туды пад варту Сэдэцыя, цар Юдэйскі, кажучы яму: «Чаму прадказваеш ты, кажучы: “Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
 

А Сэдэцыя, цар Юдэйскі, не ўцячэ з рук халдэяў, але будзе выдадзены ў рукі цара Бабілона, і будзе гаварыць вусны ў вусны з ім, ды вочы яго ўбачаць вочы яго.
 

І павядзе ён Сэдэцыю ў Бабілон, і ён будзе там, пакуль Я не наведаю яго, — кажа Госпад. — Калі ж будзеце ваяваць з халдэямі, не пашчасціць вам”»?
 

І сказаў Ярэмія: «Было слова Госпада мне, што казала:
 

“Вось жа, Ханамээль, сын Сэлума, дзядзькі твайго, прыйдзе да цябе, кажучы: “Купі сабе маё поле, якое ў Анатоце, бо ты маеш сямейнае права купіць”».
 

І прыйшоў да мяне, на вартавы падворак, Ханамээль, сын дзядзькі майго, згодна са словам Госпада, і сказаў мне: «Прымі ва ўласнасць маё поле, якое ў Анатоце ў зямлі Бэньяміна, бо ты маеш права спадчыны, а да таго ж ты сваяк, так што можаш завалодаць!» Зразумеў я тады, што гэта было слова Госпада.
 

Дык купіў я поле ад Ханамээля, сына дзядзькі майго, у Анатоце, і адважыў яму срэбра: семнаццаць сікляў срэбранікаў,
 

і напісаў у кнізе, і запячаткаваў, і ўзяў сведкаў, і ўзважыў срэбра на шалях.
 

Потым узяў я дамову аб уласнасці, запячаткаваную, якая ўтрымлівала пагадненне і пастанову, а таксама [дамову] адкрытую;
 

і даў я дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, сына Маасіі, на вачах Ханамээля, сына дзядзькі майго, ды ў прысутнасці сведкаў, якія падпісаліся ў дамове куплі, і на віду ўсіх жыхароў Юдэі, што сядзелі ў вартавым падворку.
 

І даў я даручэнне Баруху ў іх прысутнасці, кажучы:
 

гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вазьмі гэтыя дакументы, гэтую дамову куплі запячаткаваную і гэтую дамову, што адкрыта, ды памясці іх у гліняную пасудзіну, каб маглі яны захоўвацца шмат дзён».
 

Бо гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Будуць яшчэ ў гэтай зямлі набываць дамы, палі і вінаграднікі».
 

І маліўся я да Госпада пасля таго, як аддаў дамову аб уласнасці Баруху, сыну Нэрыі, кажучы:
 

«О Госпадзе Божа, вось, Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і плячом узнятым Тваім. Нічога няма для Цябе немагчымага!
 

Ты чыніш міласэрнасць тысячам і аддаеш за грахі бацькоў ва ўлонне сыноў іх пасля іх; Божа вялікі і магутны, імя Якога — Госпад Магуццяў!
 

Вялікі ў рашэннях і магутны ў справах, вочы Твае адкрыты на ўсе шляхі сыноў Адама, каб аддаць кожнаму паводле шляхоў яго і паводле пладоў учынкаў яго.
 

Ты чыніў знакі і цуды ў зямлі Егіпецкай і аж да сёння ў Ізраэлі ды сярод людзей і зрабіў Сабе імя, якое маеш сёння.
 

І вывеў Ты народ Свой, Ізраэль, з зямлі Егіпецкай знакамі і цудамі, і рукою магутнаю, і плячом узнятым між трывогі вялікай.
 

І даў Ты ім гэту зямлю, якою прысягнуў бацькам іх, што дасі ім яе, зямлю, што ацякае мёдам і малаком.
 

І прыйшлі яны, і ўзялі яе ва ўласнасць, але не слухаліся голасу Твайго, не жылі паводле закону Твайго і не спаўнялі ўсяго таго, што Ты ім загадаў, каб спаўнялі. І навёў Ты на іх усе гэтыя беды.
 

Вось жа, валы нагрувашчаны перад горадам, каб яго здабыць, і горад аддадзены ў рукі халдэяў, якія ваююць супраць яго, на пажыву меча, голаду і пошасці. І тое, што Ты казаў, здзяйсняецца, як Ты Сам гэта бачыш!
 

А Ты, Госпадзе Божа, кажаш мне: “Купі поле за срэбра і пакліч сведкаў, у той час як горад будзе аддадзены ў рукі халдэяў!”»
 

І было слова Госпада да Ярэміі, што казала:
 

«Вось, Я — Госпад, Бог кожнага цела; ці ж можа быць для Мяне штосьці цяжкім?
 

Таму гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам гэты горад у рукі халдэяў ды ў рукі цара Бабілона, і ён здабудзе яго.
 

І ўвойдуць халдэі, што ваююць супраць гэтага горада, і падкладуць агонь пад яго, і спаляць яго дамы, на дахах якіх складалі ахвяры Баалу і лілі вадкасці ў ахвяру іншым багам, каб Мяне зняважыць”.
 

Бо ад сваёй маладосці сыны Ізраэля і сыны Юды рабілі толькі ліхоту на віду ў Мяне, сыны Ізраэля, якія аж да сёння раздражнялі Мяне ўчынкамі рук сваіх, — кажа Госпад. —
 

“Бо прычынай гневу і абурэння Майго стаўся для Мяне гэты горад ад дня, калі пабудавалі яго, аж да гэтага дня, калі забіраецца ён з-пад аблічча Майго,
 

дзеля ўсёй злачыннасці сыноў Ізраэля і сыноў Юды, якой дапускаліся яны, каб выклікаць Мой гнеў, яны, цары іх, князі іх, святары іх і прарокі іх, жыхары Юдэі і жыхары Ерузаліма.
 

І павярнуліся яны да Мяне спінаю, а не тварам, хаця Я вучыў іх, падымаючыся на досвітку і навучаючы, ды яны не хацелі слухаць, каб успрыняць навучанне.
 

І паставілі сваіх ідалаў у доме, над якім прызывана імя Маё, каб зневажаць яго.
 

І збудавалі ўзгоркі Баала, якія ў лагчыне Бэн-Гэном, каб прысвячаць сваіх сыноў і сваіх дачок Малоху. Не загадваў Я ім гэтага, ані на думку Мне гэта не прыйшло, каб рабіць такую брыдоту ды давесці Юду да граху”.
 

І цяпер дзеля гэтага вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, аб гэтым горадзе, аб якім вы кажаце, што будзе ён выдадзены ў рукі цара Бабілона праз меч, голад ды пошасць:
 

“Вось, Я збяру іх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх у час лютавання Свайго, і гневу свайго, і вялікага абурэння, і вярну іх на гэтае месца, і дазволю ім жыць спакойна.
 

І будуць яны Мне народам, а Я буду ім Богам.
 

І дам ім адно сэрца і шлях адзін, каб шанавалі Мяне ва ўсе дні, каб добра было ім і дзецям іх пасля іх.
 

І заключу з імі запавет вечны, і не спынюся рабіць дабро ім, і страх Мой ушчаплю ў сэрца іх, каб не адварочваліся ад Мяне.
 

І буду цешыцца з іх, калі буду спагадаць ім, і насялю іх на гэтай зямлі стала, ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй”.
 

Бо гэта кажа Госпад: “Як навёў Я на гэты народ усё гэта няшчасце вялікае, так спашлю на іх усё дабро, якое выказваю ім.
 

І будуць набываць палі ў гэтай зямлі, пра якую вы кажаце, што яна апусцела, бо не засталося людзей і жывёлы, і аддадзена яна ў рукі халдэяў.
 

І будуць купляць палі за грошы, і будуць пісаць дамовы, і будуць прыкладаць пячатку, і клікаць сведкаў з зямлі Бэньяміна, у ваколіцах Ерузаліма, у гарадах юдэйскіх, у гарадах горных, у гарадах лагчынных і ў гарадах паўднёвых, бо Я змяню лёс іх,” — кажа Госпад».