Мацьвея 6 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Зважайце, каб вы вашай добрай справы не ўчынялі перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш узнагароды не будзеце мець у Айца вашага, Які ёсць у небе.
Высьцерагайцеся даваць ахвяры вашыя прад людзьмі, каб было гэта на вачох іх; бо гэтак ня будзеце мець узнагароды ад Айца вашага Нябеснага.
І, калі ты ўчыняеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб іх людзі ўслаўлялі. Сапраўды кажу вам: яны атрымалі сваю ўзнагароду.
Калі-ж даеш ахвяру, не разгалошвай прад сабою, як гэта робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб хвалілі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо атрымліваюць узнагароду сваю.
Але, калі даеш міласціну, хай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая рука,
Ты-ж, калі прыносіш ахвяру, няхай левая твая рука ня ведае, што робіць правая.
каб міласціна твая была ў скрытасці, і Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
Каб ахвяра твая была ў тайне, і Айцец твой, бачыўшы тайнае, узнагародзіць цябе наяве.
І, калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
І калі молісься, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньні вуліц, стоячы, маліцца, каб паказацца прад людзьмі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
А ты, калі будзеш маліцца, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца свайго ў скрытасці. А Айцец твой, Які бачыць скрытае, узнагародзіць цябе яўна.
Ты-ж, калі молісься, увайдзі ў куток свой, і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які ў тайне, і Айцец твой, бачачы тайнае, узнагародзіць цябе яўна.
А молячыся, не гавары многа, як пагане, бо яны лічаць, што ў шматслоўі сваім будуць пачуты.
А молячыся, не гавары лішняга, як пагане. Бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім выслуханы будуць.
Дык не будзьце падобнымі да іх; бо Айцец ваш ведае, у чым ваша патрэба, раней, чым вы Яго папросіце.
Не прыпадабняйцеся да іх, бо ведае Айцец ваш вашыя патрэбы, перш, як вы папросіце ў Яго.
А вось так вы маліцеся: Ойча наш, Які ёсць у небе, свяціся імя Тваё,
Вы-ж малецеся гэтак: Ойча наш Нябесны! Сьвяціся імя Тваё;
прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі.
Прыйдзі Ўладарства Тваё; і станься воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння;
Хлеба надзённага сёньня нам дай.
і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем вінаватым нашым;
І выбач нам нашыя віны, як і мы выбачаем правінным прад намі.
і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Валадарства, і сіла, і слава ў векі векаў. Амін.
І не дапусьці нас да спакусы, але збаў нас ад златворнага. Тваё бо ёсць Уладарства, і сіла, і слава на векі. Амін.
Бо калі вы даруеце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец, Які ў небе, даруе вам.
Бо калі вы выбачаеце людзям правіны іхныя, выбачыць і вам Айцец ваш Нябесны.
Але калі вы не даруеце людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе грахоў вашых.
Калі-ж ня выбачыце людзямі правінаў іхных, то і Айцец ваш Нябесны ня выбачыць вам правінаў вашых.
Калі посціце, не будзьце сумныя, быццам крывадушнікі; бо яны твары свае выкрыўляюць, каб паказацца людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду.
І калі посьціце, не станавецеся панурымі, як крывадушнікі, якія наводзяць сум на абліччы свае, каб паказацца людзям, што яны посьцяць; запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць узнагароду сваю.
А ты, калі посціш, памаж галаву сваю ды абмый твар свой,
А ты, калі посьціш, намасьці галаву тваю і абмый аблічча тваё;
каб паказацца поснікам не людзям, а Айцу твайму, Які ў скрытасці; і Айцец твой, Які бачыць у скрытасці, аддасць табе яўна.
Каб не прад людзьмі паказацца посьнікам, але перад Айцом тваім, Які ў таемнасьці ёсьць; і Айцец твой, бачачы ў таемнасьці, узнагародзіць цябе яўна.
Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе ржа ды моль нішчаць і дзе злодзеі падкопваюць і крадуць.
Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе іржа й моль зьнішчаюць, і дзе зладзеі падкопваюцца й крадуць.
Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ані ржа, ані моль не нішчаць і дзе злодзеі не падкопваюць і не крадуць.
А зьбірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні іржа не зьядаюць, і дзе зладзеі не падкопваюцца й не крадуць.
Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё.
Бо там, дзе скраб ваш, там будзе й сэрца вашае.
Свяцільня цела твайго — вока тваё. Калі вока тваё будзе чыстым, дык і ўсё цела тваё будзе светлым.
Сьветачам целу ёсьць вока. Калі вока тваё будзе чыстае, то ўсё цела тваё будзе сьветлае.
А калі ж вока тваё нягодным будзе, усё цела тваё цёмным будзе. Калі ж святло, што ў табе, — цемра, дык наколькі ж вялікай сама цемра будзе?
Калі-ж вока тваё благое будзе, то ўсё цела тваё зацьмянае будзе. От-жа, калі сьвятло, што ў табе — цемра, то якая-ж сама цемра?
Ніхто не можа двум гаспадарам служыць, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе адданы, а другім пагардзіць. Не можаце Богу служыць і мамоне.
Ніхто ня можа служыць двум гаспадаром: бо аднаго палюбіць, а другога зьненавідзіць, або аднаму стане спрыяць, а другога занядбае; ня можаце служыць Богу й мамоне.
Вось чаму кажу вам: не турбуйцеся пра жыццё ваша, што будзеце есці і што піць, ані пра цела ваша, у што апранацца будзеце. Ці ж жыццё не важнейшае за ежу, а цела — за адзенне?
Дзеля таго кажу вам: ня турбуйцеся пра жыцьцё вашае, што вам есьці і што піць, ні пра цела вашае, у што апрануцца; ці-ж душа не важнейшая за ежу, а цела за вопратку?
Паглядзіце на птушак нябесных, якія ані сеюць, ані жнуць, ані збіраюць у свірны, а Айцец ваш, Які ёсць у небе, корміць іх. Ці ж вы не шмат важнейшыя за іх?
Паглядзеце на птушкі нябесныя: яны ня сеюць, ня жнуць, ані зьбіраюць у сьвірны, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці-ж вы ня лепшыя за іх?
Ды хто ж з вас, клапоцячыся, можа дабавіць да росту свайго адзін локаць?
Дый хто з вас турботаю сваёю можа дадаць да росту свайго хоць адзін локаць?
А пра адзенне нашто турбуецеся? Прыгледзьцеся да палявых лілей, як яны растуць: ані працуюць, ані прадуць.
І пра адзеньне чаго турбуецеся? Гляньце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць.
А Я кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не быў так прыбраны, як адна з іх.
Але, кажу вам, што й Саламон пры ўсёй славе сваёй не ўбіраўся так, як кожная зь іх.
Калі ж гэтую палявую траву, што сёння ёсць, а заўтра будзе ў печ укінута, Бог так апранае, дык непараўнальна вас, малаверы.
Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог так убірае, то ці-ж не балей таго вас, малаверы?
І не турбуйцеся таму, кажучы: “Што будзем есці?”, або “Што будзем піць?”, або “У што будзем апранацца?”
Дык не клапацецеся, разважаючы: што нас есьці й што піць, ці ў што апрануцца?
Бо гэтага ўсяго пагане шукаюць, але Айцец ваш, Які ёсць у небе, ведае, што вы ва ўсім гэтым маеце патрэбу.
Бо ўсяго гэтага шукаюць і пагане; Айцец-жа ваш Нябесны ведае пра ўсе вашыя патрэбы.
Дык шукайце ж перш Валадарства Божага і Яго справядлівасці, а ўсё іншае дадасца вам.
Шукайце перш Уладарства Божага й Праўды Ягонае, а ўсё іншае прыложыцца вам.
І не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо дзень заўтрашні сам пра сябе патурбуецца. Дастаткова кожнаму дню свайго ліха.
Дык ня турбуйцеся пра заўтрашняе, бо заўтрашняе само пра сябе будзе турбавацца; досыць на кожны дзень клопату свайго.