Мацьвея 14 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
У той час пачуў тэтрарх Ірад погалас пра Ісуса.
У той час Ірад чацьвертаўладнік, дачуўшыся пра славу Ісусаву,
Дык гаварыў ён паслугачам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму праз яго творацца цуды».
сказаў падуладным сваім: «Гэта Ян Хрысьціцель; ён уваскрос зь мертвых, і таму цуды дзеюцца праз яго».
Бо Ірад узяў Яна, і звязаў яго, і пасадзіў у вязніцу дзеля Ірадыяды, жонкі Піліпа, брата свайго.
Бо Ірад схапіў Яна, зьвязаў яго й пасадзіў у вязьніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата яго.
Бо Ян казаў яму: «Нельга табе мець яе».
Бо Ян гаварыў яму: «Ня можна табе мець яе».
І ён хацеў забіць яго, але баяўся народа, бо лічылі яго прарокам.
І хацеў забіць яго, але баяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.
Але ў дзень нараджэння Ірада дачка Ірадыяды скакала ў прысутнасці ўсіх і спадабалася Іраду.
Але ў дзень народзін Ірада дачка Ірадыяды танцавала перад сабранымі й вельмі ўсьцешыла Ірада.
Дык пад прысягай ён абяцаў ёй даць, што толькі ад яго запатрабуе.
І ён, пакляўшыся, абяцаў ёй даць, чаго-б яна ні папрасіла.
Яна, падвучаная маці сваёй, сказала яму: «Дай мне на блюдзе галаву Яна Хрысціцеля».
Яна-ж, навучаная маткаю сваею, сказала: «Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля».
Цар засмуткаваў, але дзеля прысягі ды дзеля тых, што разам узлягалі, загадаў, каб далі.
І засмуціўся кароль, але з увагі на прысягу й на гасьцей сваіх, загадаў даць ёй.
І паслаў адсячы Яну галаву ў вязніцы.
І паслаў сьцяць галаву Яна ў вязьніцы.
І прынеслі яго галаву на блюдзе і далі дзяўчыне, а яна занесла яе маці сваёй.
І прынясьлі галаву ягоную й далі дзяўчыне, а яна занесла маці сваёй.
А вучні яго, прыступіўшы, узялі цела і пахавалі яго і, прыйшоўшы, расказалі пра гэта Ісусу.
Вучні-ж ягоныя прышлі і ўзялі цела яго й пахавалі яго ды пайшлі паведамілі Ісуса.
Калі Ісус пачуў пра гэта, Ён адплыў адтуль на лодцы ў пустыннае месца адзін. І, калі пачулі, многія людзі пайшлі за Ім следам пехатою з гарадоў.
І, пачуўшы гэтае, Ісус адплыў адтуль у чаўне адзінотна ў месца бязьлюднае; народ, дачуўшыся пра гэта, пайшоў за Ім зь местаў пехатою.
І, выйшаўшы, убачыў вялікі натоўп, і пашкадаваў іх, і аздаравіў хворых іх.
І, зышоўшы на зямлю, Ісус убачыў грамады народу; і зьлітаваўся над імі, і аздаравіў нядужных іхных.
Калі настаў вечар, падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: «Месца тут пустыннае, і час ужо позні; адпусці людзей, каб, пайшоўшы ў селішчы, купілі сабе харчоў».
Калі-ж настаў вечар, прыступілі да Яго вучні Ягоныя, кажучы: «Месца тут пустыннае, а пара ўжо позьняя; адпусьці народ, каб маглі пайсьці ў аселішчы купіць сабе ежы».
Ісус жа сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».
Ісус-жа сказаў ім: «Ня трэба ім адыходзіць, вы дайце ім есьці».
Яны ж кажуць Яму: «Не маем мы тут нічога, толькі пяць хлябоў і дзве рыбы».
Яны-ж кажуць Яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы».
Ён гаворыць: «Прынясіце Мне іх сюды».
Ён сказаў ім: «Прынясеце Мне іх сюды».
І пасля таго, як загадаў людзям узлегчы на траву, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, зірнуў на неба, дабраславіў, і паламаў, і раздаў вучням хлябы, а вучні — людзям.
Тады сказаў народу супачыць на траве; і ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў на неба, дабрасловіў і, паламаўшы, даў вучням хлябы, а вучні — народу.
І елі ўсе і наеліся, а з астаткаў сабралі дванаццаць поўных кашоў.
І елі ўсе да задаволеньня, і назьбіралі астачы дванаццаць карабоў поўных.
Людзей жа, што елі, было каля пяці тысяч, апрача жанчын і дзяцей.
А ела-ж блізу пяці тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
І адразу ж загадаў вучням сесці ў лодку і выправіцца раней за Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей.
Зараз-жа воліў Ісус вучням Сваім увайсьці ў човен і плысьці перш за Яго на другі бок, пакуль Ён адпусьціць народ.
І, адпусціўшы людзей, адзін узышоў на гару маліцца. А калі звечарэла, адзін там заставаўся.
І адпусьціўшы народ, узыйшоў на гару памаліцца на самоце, і да позьняга вечара аставаўся там адзін.
А лодка ўжо адплыла на многа стадый ад зямлі, і кідалі яе хвалі, бо вецер быў супраціўны.
А човен быў ужо сярод мора, падбіваны хвалямі, бо вецер быў супраціўны.
А чацвёртай начной варце прыйшоў Ісус да іх, ідучы па моры.
У чацьвертую старожу ночы, Ісус пайшоў да іх, ідучы па моры.
А вучні, бачачы, што Ён ідзе па моры, напалохаліся, кажучы: «Гэта здань!» Ды ад страху закрычалі.
Вучні-ж Ягоныя, убачыўшы пешага на моры, спалохаліся й гаварылі: «Гэта здань». І ад страху закрычалі.
Дык адразу звярнуўся да іх Ісус, кажучы: «Бадрыцеся, гэта Я; не палохайцеся».
Але Ісус ураз-жа адазваўся да іх, кажучы: «Бадзёрцеся, гэта Я, ня бойцеся».
Пётра ж сказаў Яму: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсці да Цябе па вадзе».
Тады Пётра сказаў Яму ў адказ: «Госпадзе, калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе».
А Ён сказаў: «Ідзі!» Дык Пётра, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, і прыйшоў да Ісуса.
Ён-жа сказаў: «Прыйдзі!» І выйшаўшы з чоўна, Пётра пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Ісуса.
Але, адчуваючы моцны вецер, спалохаўся і, калі пачаў тануць, закрычаў, кажучы: «Госпадзе, ратуй мяне!»
Але, гледзячы на моцны вецер, спужаўся й стаў тапіцца ды загаласіў, кажучы: «Госпадзе! Уратуй мяне».
А Ісус, працягнуўшы руку, зараз схапіў яго і гаворыць яму: «Малаверны, чаму засумняваўся?»
Ісус ураз-жа працягнуў руку, падтрымаў яго й кажа яму: «Малаверны! Чаму-ж ты сумляваўся?»
І, калі ўвайшлі ў лодку, сціх вецер.
І калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сьціх.
А тыя, што былі ў лодцы, пакланіліся Яму, кажучы: «Сапраўды, Ты — Сын Божы».
А ўсе, што былі ў чаўне, падыйшлі й пакланіліся Яму ды сказалі: «Запраўды, Ты — Сын Божы!»
І, калі пераправіліся, прыйшлі ў зямлю Генезарэцкую.
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Гэнісарэцкую.
І, калі даведаліся пра Яго людзі з таго месца, абвясцілі па ўсім тым наваколлі, і ўсе прынеслі да Яго немачных,
Людзі-ж тэй мясцовасьці, пазнаўшы Яго, разьнясьлі вестку па цэлай ваколіцы, і прывялі да Яго ўсіх хворых.
і прасілі Яго дакрануцца хоць да краю вопраткі Яго; і тыя, хто толькі дакранаўся, рабіліся здаровымі.
І прасілі Яго каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся — выздараўлялі.