4 царстваў 2 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Здарылася ж, што калі Госпад хацеў узяць Іллю на неба ў віхуры, ішлі Ілля і Элісей з Галгала,
 

і сказаў Ілля Элісею: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне аж у Бэтэль». Элісей адказаў яму: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». І прыйшлі яны ў Бэтэль,
 

і выйшлі сыны прарокаў, якія былі ў Бэтэлі, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён адказаў: «Я таксама ведаю, маўчыце».
 

І сказаў яму Ілля: «Элісей, застанься тут, бо Госпад паслаў мяне ў Ерыхон». Але ён адказаў: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Калі прыйшлі яны ў Ерыхон,
 

падышлі сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне, да Элісея і сказалі яму: «Ці ты ведаеш, што сёння забярэ Госпад гаспадара твайго па-над галавой тваёй?» Ён кажа: «Ведаю, а вы маўчыце!»
 

І сказаў яму Ілля: «Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдана». Ён кажа: «Жыве Госпад і ты жыві, не пакіну цябе». Дык пайшлі яны абодва разам,
 

і пяцьдзесят чалавек з сыноў прарокаў пайшлі, і сталі насупраць паводдаль. А яны абодва стаялі каля Ярдана.
 

Тады Ілля зняў плашч свой, і скруціў яго, і ўдарыў ім па вадзе, якая раздзялілася ў адзін і ў другі бок, і перайшлі абодва па сухому.
 

І, калі перайшлі, Ілля сказаў Элісею: «Прасі, чаго хочаш, каб я зрабіў табе, пакуль не буду забраны ад цябе». А Элісей сказаў: «Прашу, хай дух, які ў табе, будзе на мне ўдвая!»
 

Ён адказаў: «Цяжкога ты просіш. Калі, аднак, убачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, будзе табе тое, пра што просіш; а калі не ўбачыш, — не будзе».
 

І, калі яны ішлі і, ідучы, размаўлялі, раптам з’явілася агністая калясніца і агністыя коні і раздзялілі абодвух, і Ілля ў віхуры падняўся на неба.
 

А Элісей глядзеў і крычаў: «Айцец мой! Айцец мой! Калясніца Ізраэля і коннік яго». І болей яго ўжо не бачыў, і, схапіўшы шаты свае, раздзёр іх на дзве часткі.
 

Потым падняў ён плашч Іллі, які зваліўся з яго, і вярнуўся і стаў на беразе Ярдана.
 

І плашчом Іллі, які зваліўся з яго, ударыў па вадзе і сказаў: «Дзе зараз Госпад, Бог Іллі?» І ўдарыў па вадзе, і яна раздзялілася туды і сюды, і Элісей перайшоў.
 

І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія былі ў Ерыхоне насупраць, і сказалі: «Дух Іллі супачыў на Элісеі». І прыйшлі насустрач яму, і пакланіліся яму, упаўшы тварам на зямлю,
 

і сказалі яму: «Вось паміж паслугачоў тваіх знаходзяцца пяцьдзесят мужных чалавек, якія могуць пайсці і пашукаць гаспадара твайго, ці, часам, не падняў яго Дух Госпадаў і не спусціў на адной з гор або ў якой лагчыне». Ён сказаў: «Не пасылайце!»
 

А яны вымушалі яго, пакуль не надакучылі так, што Элісей сказаў: «Пасылайце». І паслалі яны пяцьдзесят чалавек. Паколькі яны шукалі Іллю тры дні і не знайшлі,
 

то вярнуліся да яго. А ён быў у Ерыхоне і сказаў ім: «Ці ж не казаў я вам: “Не ідзіце”»?
 

Таксама сказалі жыхары горада Элісею: «Вось, месца гэтага горада вельмі добрае, як сам ты, гаспадару, бачыш; але вада вельмі дрэнная і зямля не дае пладоў».
 

А ён сказаў: «Прынясіце мне новую місу і ўкіньце ў яе солі». Калі яны прынеслі яму,
 

ён пайшоў да крыніцы вады, укінуў у яе соль і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Аздаравіў Я ваду гэтую, і не будзе ў ёй больш ані смерці, ані неўрадлівасці”».
 

Такім чынам, аздароўлена была вада аж да сёння паводле слова Элісея, якое ён сказаў.
 

Адтуль жа пайшоў ён у Бэтэль. Калі ж ішоў ён дарогаю, малыя хлопцы выбеглі з горада і смяяліся з яго пагардліва, кажучы: «Ідзі, лысы; ідзі, лысы!»
 

Калі ён аглянуўся, убачыў іх і пракляў іх у імя Госпада; і выйшлі дзве мядзведзіцы з лесу, і разарвалі з іх сорак два хлопцы.
 

Адтуль жа пайшоў ён на гару Кармэль і адтуль вярнуўся ў Самарыю.