Да Рымлянаў 10 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Браты! Жаданне сэрца майго ды гарачае маленне да Бога аб Ізраэлі дзеля збаўлення.
Сведчу я ім, што рупяцца яны пра Бога, але не паводле розуму.
Бо, не разумеючы справядлівасць Божую і спрабуючы ўстанавіць сваю справядлівасць, яны не пакарыліся справядлівасці Божай.
Бо завяршэнне закону — Хрыстос, для апраўдання кожнага, хто верыць.
Майсей вось піша аб справядлівасці, якая з закону: «Чалавек, які выканае яго, будзе жыць ім».
А справядлівасць з веры так кажа: «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыдзе ў неба?”, — гэта значыць Хрыста звесці,
або: “Хто спусціцца ў бездань?”, — гэта значыць Хрыста вывесці з мёртвых».
Але што яна кажа: «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх ды ў сэрцы тваім», гэта значыць слова веры, якое абвяшчаем.
Бо калі вуснамі тваімі вызнаеш: «Ісус — Госпад», і ў сэрцы тваім уверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены.
Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення.
Пісанне ж кажа: «Усякі, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».
Няма таму розніцы між юдэем і грэкам, адзін бо Госпад усіх, багаты для ўсіх, хто Яго прызывае.
Бо кожны, хто прызывае імя Госпада, будзе збаўлены.
Як жа могуць прызываць Таго, у Каго не паверылі? Або як павераць у Таго, пра Якога не чулі? Але як жа пачуць без прапаведніка?
І як жа прапаведаваць, калі не пасылаюць? Як напісана: «Якія прыгожыя ногі тых, якія дабравесцяць мір, абвяшчаюць добрую вестку!»
Але не ўсе паслухаліся Евангелля. Ісая, вось, кажа: «Госпадзе! Хто паверыў пачутаму ад нас?»
Таму вера — ад слухання, а слуханне — праз слова Бога.
Дык кажу: ці яны не пачулі? Але ж наадварот: «Па ўсёй зямлі загучаў голас іх, і словы іх — аж да ўскрайкаў свету».
Зноў пытаю: ці ж Ізраэль не зразумеў? Першы Майсей кажа: «Я прывяду вас да руплівасці праз ненарод, праз народ неразумны вас паклічу да гневу».
А Ісая адважыўся сказаць: «Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне; яўна аб’явіўся Я тым, якія пра Мяне не пыталіся».
Да Ізраэля ж так кажа: «Увесь дзень працягваў Я рукі Мае да народа непаслухмянага і ўпорыстага».