Малахіі 4 разьдзел

Кніга прарока Малахіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Бо вось надыдзе дзень палючы, як печ; і ўсе пыхліўцы і ўсе, хто чыніць бязбожнае, будуць саломаю; і спаліць іх гэты надыходзячы дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — ён не пакіне па іх ані кораня, ані галінкі.
 
Бо вось, настаець дзень, што будзе гарэць, як печ, і ўсі пыхатыя, і ўсі, што робяць нягодна, будуць як жнеўнік, і спале іх ідучы дзень, — кажа СПАДАР войскаў, — што не застанецца ад іх ані караня, ані галузы.

І для вас, шануючых імя Маё, узыдзе сонца справядлівасці, і аздараўленне будзе ў промнях яго; і вы выйдзеце, і будзеце скакаць, як адкормленыя цяляты,
 
Але ўзыйдзе вам, што баіцеся імені Майго, сонца справядлівасьці і ўздараўленьне ў косах яго, і вы выйдзеце, і будзеце падскакаваць, як кормныя цяляты;

і вы патопчаце бязбожнікаў, бо яны будуць, як попел пад ступнямі ног вашых у дзень, у які Я буду дзейнічаць, — кажа Госпад Магуццяў. —
 
І будзеце таптаць нягодных, бо яны будуць попелам пад ступнямі ног вашых у дзень, што Я зраблю, — кажа СПАДАР войскаў.

Памятайце пра закон слугі Майго Майсея, якому на Гарэбе Я даў прыказанні і законы для ўсяго Ізраэля.
 
Памятуйце закон Масеяў, слугі Майго, каторы Я расказаў яму на Гарыве дзеля ўсяго Ізраеля, уставы а суды.

Вось, Я пашлю вам прарока Іллю перад надыходам дня Госпадавага, дня вялікага і страшнага;
 
Вось, Я пашлю вам Ільлю прароку перад настаньням дня СПАДАРОВАГА, вялікага а страшнага.

і ён схіліць сэрца бацькоў да сыноў і сэрца сыноў да бацькоў іх, каб Я, прыйшоўшы, не знішчыў зямлю праклёнам».
 
І ён аберне сэрца айцоў да сыноў і сэрца сыноў да айцоў, каб Я, прышоўшы, ня выцяў зямлі закляцьцям».