Сьвятая Бібля 14
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Шчасны чалавек, які не зграшыў словам вуснаў сваіх, ды не турбуе яго смутак злачынства.
Шчасны той, каго не асуджае душа яго і хто не згубіў сваёй надзеі.
Для чалавека скупога багацце не мае сэнсу, і нашто золата скнары.
Хто адмаўляе ў належным сваёй душы, для другіх збірае, і з дастаткаў яго іншы багата жыць будзе.
Хто для сябе ліхі, як для каго іншага добры будзе? І ён не пацешыцца з маёмасці сваёй.
Няма горшага чалавека за таго, хто скнара для сябе; і гэта адплата за яго ліхоту.
І калі ён добрае што робіць, то несвядома і пад прымусам, і затым выявіць сваю ліхоту.
Ліхое ёсць вока скнары, і ён адварочвае аблічча сваё і зверху глядзіць на іншых.
Ненасытнае вока хціўцы, не насыціцца тым, што мае, пакуль не знішчыць, высушваючы, сваю душу.
Ліхое хцівае вока прагне хлеба і пагарджае ежай сваёю.
Сыне, калі маеш магчымасць, дбай пра сваё дабро і ўскладай належныя ахвяры Богу.
Памятай, што смерць не марудзіць і прымірэнне памерлых, бо яно не адкрыта табе: прымірэнне бо гэтага свету: смерцю памрэ.
Перш, чым памрэш, добра рабі прыяцелю свайму і, па магчымасці сваёй, працягнуўшы руку, дай яму.
Не пазбаўляй сябе добрага дня, і доля хацення дабра хай не пройдзе міма цябе.
Ці не другім пакінеш маёмасць, здабытую з цяжкасцю, ды труды свае на падзел жэрабя?
Давай і бяры ды пацяшай сваю душу;
перад сконам сваім спаганяй справядлівасць, бо ў пекле не трэба шукаць прыемнасці.
Усё жывое старэецца, як адзенне і як лістота на дрэве, што прыносіць плады:
адны нараджаюцца, а другія ападаюць; такі род цела і крыві: адно ўмірае, а другое нараджаецца.
Усякі тленны твор у рэшце рэшт знікне, і той, хто яго робіць, з ім пойдзе;
і кожная адборная праца будзе апраўдана, і кожны творца яе праз яе будзе ўшанаваны.
Шчасны чалавек, які застанецца ў мудрасці і будзе разважаць у сваёй справядлівасці ды ў разважнасці будзе разглядаць наканаванне Божае;
хто разважае ў сваім сэрцы аб шляхах Яго, ды разумее ў яе скрытых справах, ідучы за ёй, як наглядальнік, і цвёрда трымаючыся яе дарог;
хто заглядае праз вокны яе і слухае пры яе дзвярах;
хто супачывае каля яе дома і ўбівае кол у яе сцены; паставіць палатку сваю каля яе і супачыне ў гасцініцы багаццяў павек.
Пакіне дзяцей сваіх пад яе дахам ды пад яе галінамі будзе прабываць;
будзе схаваны ад спякоты пад дахам яе, і ён супачыць у яе славе.