Сьвятая Бібля 16
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Не пацешышся сынамі бязбожнымі; калі шмат іх будзе, не парадуешся імі, калі няма страху Божага ў іх.
Не вер жыццю іх, ды не звяртай увагі на труды іх.
Лепш бо адзін, які баіцца Бога, чым тысяча бязбожных дзяцей;
і лепш памерці бяздзетнаму, чым пакінуць бязбожных дзяцей.
Ад аднаго разумнага абжывецца бацькаўшчына, а ад трох бязбожных — апусцее.
Многа такіх здарэнняў убачыла маё вока, ды пра важнейшае за гэта — пачула маё вуха.
На зборышчы грэшнікаў узгарыцца агонь, і ў народзе няверуючым гарыць абурэнне.
Не ўміласцівілі Яго даўнейшыя веліканы, якія паднялі бунт, упэўненыя ў сваёй сіле.
І не пашкадаваў Ён сужыхароў Лота, і выгубіў іх дзеля пыхлівасці іх слова;
не злітаваўся над народам праклятым, што быў знішчаны дзеля грахоў сваіх.
І так шэсцьсот тысяч пешакоў, якія сабраліся ў закамянеласці свайго сэрца; і хоць бы і адзін быў цвердалобы, дзіўным было б, калі б ён не быў пакараны:
бо міласэрнасць і гнеў разам у Яго, Ён цярплівы, літасцівы і спаганяючы гнеў.
Якая вялікая міласэрнасць Яго, такая і вялікая строгасць Яго: чалавека судзіць па яго ўчынках.
Не ўцячэ ад Яго грэшнік са здабычай, і пакута справядлівага не застанецца пустой.
Кожнаму добраму ўчынку — будзе адплата: кожны паводле ўчынкаў сваіх — знойдзе сабе плату і паводле разумення шляху Яго. Госпад закамяніў сэрца фараона, каб не пазнаў Яго, каб справы яго не былі вядомымі пад небам. Міласэрнасць Сваю аб’явіў Ён усім сваім стварэнням, святло Сваё і цемру раздаў Ён сынам чалавечым.
Ты не кажы: «Схаваюся ад Бога! Ды хто на вышынях будзе помніць пра мяне?
У шматлікім народзе не пазнаюць мяне; бо чым жа з’яўляецца мая душа ў такім бязмежным стварэнні?»
Вось, неба і неба нябёсаў, бяздонне і ўся зямля ды ўсё, што на ёй, перад абліччам Яго задрыжыць;
разам горы, і ўзгорышчы, і падваліны зямлі, калі гляне на іх Бог, — задрыжаць са страху.
І ва ўсіх іх Ён размясціць сэрца, бо ўсякае сэрца Ён разумее.
Ды хто разумее Яго шляхі? Як вецер, якога і вока чалавечае не ўбачыць.
Бо надта многія Яго дзеянні — скрытыя, і справы справядлівасці Яго хто выкажа або хто дачакаецца? Бо далёка Яго рашэнне, і пытанне ўсіх вырашыцца па заканчэнні.
У каго зняважлівае сэрца, той так думае, і чалавек неразумны і аблудны думае так нядобра.
Слухай мяне, сыне, і вучыся сэнсу мудрасці,
і я спакойна выкладу навуку і рупліва растлумачу мудрасць, і зваж у сэрцы сваім на словы мае. Выяўлю ў бесстароннасці духа дабрадзейнасці, якія Бог ад пачатку ўклаў у справы Свае, і праўдзіва выкажу Яго веды.
Як Бог ад пачатку стварыў Свае творы і ад заснавання іх Ён раздзяліў іх на часткі,
упарадкаваў навек іх дзеянні, ды валаданне іх па прызначэннях іх. Не адчуваюць голаду і не пакутуюць, ды не спыняюцца ў сваёй дзейнасці.
Не замінае кожны блізкаму сабе,
і аж павек будуць вернымі Яго слову.
Затым глянуў Бог на зямлю і запоўніў яе Сваімі даброццямі;
пакрыў паверхню яе ўсякага роду жывымі істотамі, і ў яе яны зноў вернуцца.