Сьвятая Бібля 15

Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Учыніць гэта той, хто Бога баіцца, ды хто трымаецца закону, будзе мець яе;
 

і яна пяройме яго, як пачэсная маці, і, як маладзіца, прыме яго.
 

Накорміць яго хлебам жыцця і розуму, ды напоіць яго вадою мудрасці збаўлення, і застанецца ў ёй,
 

і не зменіцца, і паверыць ёй, і не засаромеецца; і яна падыме яго перад блізкімі яго,
 

і на сходзе адчыніць яму вусны, ды напоўніць яго духам мудрасці і розуму і шатамі славы адзене яго,
 

узбагаціць яго прыемнасцю і радасцю; і вечнае імя атрымае ў спадчыну.
 

Неразумныя людзі не зразумеюць яе, а разумныя людзі пяроймуць яе; грэшныя людзі не ўбачаць яе, бо яна далёка ад пыхі і падману.
 

Людзі лжывыя не падумаюць аб ёй; а людзі праўдзівыя знойдуць сябе ў ёй, і будуць мець поспех аж да наведвання Божага.
 

Не ёсць прыгожая пахвала ў вуснах грэшніка,
 

бо не ад Бога дадзена яму; бо пахвала мудрасці застанецца ў Бога, і вусны мудрага скажуць пахвалу, і Валадар яе навучыць ёй.
 

Не кажы: «Ад Бога грэх мой», — бо што Ён ненавідзіць, таго Ён не чыніць.
 

Не кажы: «Ён увёў мяне ў зман», — бо не патрэбны Яму бязбожныя людзі.
 

Госпад ненавідзіць усякую ліхоту зману, і яна будзе нямілай усім, хто баіцца Яго.
 

Бог ад пачатку стварыў чалавека і пакінуў яго ў руцэ наканавання Свайго, ды аддаў яго ў рукі руплівасці Сваёй.
 

Даў яму загады і прыказанні Свае і разуменне спаўняць Яго волю.
 

Калі хочаш спаўняць загады, яны захаваюць цябе; калі будзеш спадзявацца на Яго — таксама ты будзеш жыць.
 

Прапанаваў табе ваду і агонь, чаго хочаш — працягні сваю руку.
 

Перад чалавекам: жыццё і смерць, дабро і зло: што табе падабаецца, будзе табе дадзена.
 

Бо вялікая мудрасць Божая, і магутны Ён уладаю, бачачы ўсіх без перашкоды.
 

Вочы Госпада — на тых, што баяцца Яго, і Ён пазнае ўсякую дзейнасць чалавека.
 

Нікому Ён не загадвае блага рабіць, ды нікому не дае магчымасці грашыць.
 

Не жадай многа дзяцей няверных і злачынных.