Сьвятая Бібля 20
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Лепш дакараць, чым гневацца, і таму, хто вызнае ў маленні, — не перашкаджаць!
Страсць еўнуха згвалчвае дзяўчыну:
гэта тое самае, што правесці суд несправядлівы — сілаю.
Як добра выкрытаму паказаць пакаянне! Бо так усцеражэшся добраахвотнага граху.
Бывае, што хто маўчыць, той аказваецца мудрым, і іншы ненавісны за сваю языкатасць.
Бывае, хто маўчыць, бо не ведае, што адказаць, і іншы маўчыць, чакаючы адпаведнага часу.
Мудры чалавек будзе маўчаць аж да часу, а языкаты і дурань не будзе чакаць часу.
Хто шмат слоў гаворыць — будзе пракляты, і хто несправядліва сабе бярэ ўладу, пападае ў нянавісць.
Бывае поспех у няшчасцях чалавеку неакуратнаму, і бывае знаходка — на шкоду.
Бывае дар, які не ёсць карысны, і бывае такі дар, які з’яўляецца двайной аддзякаю.
Бывае ўпакарэнне дзеля славы, і здараецца, хтосьці ад пакорлівасці падымае галаву.
Бывае, што за малую цану купляе шмат і плаціць за гэта ў сем разоў больш.
Мудрэц словамі робіць сябе любімым, і ласка неразумных застанецца дарэмнай.
Дар неразумнага не будзе табе карысным, бо яго вочы — семярныя:
мала дасць, а шмат упікаць будзе, і раскрывае вусны свае, як вяшчун.
Хто сёння пазычае, і заўтра дамагаецца звароту: ненавісны чалавек такі!
Неразумны кажа: «Не маю прыяцеля, ды не маю ўдзячнасці за мае даброцці».
Бо тыя, што ядуць яго хлеб, — ёсць ілжывага языка. Колькі іх і колькі разоў абсмяюць яго!
Бо не толькі тое, што меў мець, добрым розумам раздзяліў, падобна і тое, што не меў мець — ёсць абыякавае яму.
Лепш падзенне на зямлю, чым падзенне языком: так падзенне ліхіх скора надыдзе.
Непрыемны чалавек — як байка не ў свой час; яна будзе заўсёды ў вуснах невыхаваных.
Прымаўка з вуснаў неразумнага будзе праціўная, бо не кажа яе ў адпаведны час.
Бывае, што нехта ўстрымліваецца ад граху праз недастатак, і ў час супачынку свайго не будзе перажываць.
Бывае, што праз сорам губіць хто сваю душу, і губіць яе ад неразважнага чалавека; губіць ён сябе прыняццем гэтага чалавека.
Іншы з-за сораму прыракае што прыяцелю і так нажывае сабе ў ім ворага.
Ілгарства ёсць ліхая прывычка ў чалавеку, і ў вуснах людзей невыхаваных будзе пастаянна.
Лепшы злодзей, чым той, хто заўсёды лжэ; загубу ж атрымаюць абодва ў спадчыну.
Прывычка лгаць чалавека зневажае, і сорам яго заўсёды з ім.
Слова прыказак: Мудры ў словах выкажа сябе, і чалавек мудры спадабаецца магнатам.
Хто абрабляе зямлю сваю, павысіць сцірту збожжа, і хто спаганяе справядлівасць — сябе ўзвысіць; а хто падабаецца магнатам — усцеражэцца несправядлівасці.
Частаванні і дарункі асляпляюць вочы суддзяў, і яны, як быццам аброць на вуснах, адварочваюць іх дакаранні.
Схаваная мудрасць і скрыты скарб — якая з іх абаіх карысць?
Лепшы той, хто скрывае неразумнасць сваю, чым чалавек, які скрывае сваю мудрасць.