Сьвятая Бібля 27

Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Многія дапускаюцца граху дзеля прыбытку; і той, што стараецца разбагацець, адварочвае сваё вока.
 

Як між змацаваных камянёў убіваецца слуп, так і між продажам і купляй улазіць грэх.
 

[Калі не будзеш трымаць сябе ў страху Госпадавым, то адразу ж і хутка разваліцца твой дом.]
 

Як пры трасенні рэшата застаюцца парушынкі, так застаецца бруд чалавека пры разважанні яго.
 

Гліняныя пасудзіны выпрабоўвае печ, і выпрабаванне справядлівых людзей — у бядзе.
 

Як догляд за дрэвам выяўляецца ў яго плодзе, так разумнасць сэрца чалавечага — у слове.
 

Не хвалі чалавека перад размовай: яна бо ёсць выпрабаванне людзей.
 

Калі будзеш шукаць справядлівасць, знойдзеш яе, ды адзенешся ёю, як шатамі славы, і зжывешся з ёю,
 

і яна захавае цябе павек, ды ў дзень прызнання знойдзеш апору.
 

Птушкі злятаюцца з падобнымі да сябе, і праўда вернецца да тых, хто яе здзяйсняе.
 

Леў заўсёды цікуе на здабычу, так грахі на тых, якія дапускаюцца злачынстваў.
 

Размова богабаязнага заўсёды прабывае ў мудрасці; неразумны ж змяняецца, як месяц.
 

Сярод неразумных скарачай час, а пасярод мудрых — падаўжай.
 

Размова неразумных — абрыдная, і смех іх — у грэшных прыемнасцях.
 

Языкатасць з частымі прысягамі — падыме дыбам валасы на галаве, і звадка іх — хоць затыкай вушы.
 

Праліццё крыві — вынік звадкі пыхліўцаў, і цяжка слухаць іх праклёны.
 

Хто раскрывае тайны — траціць давер сябра, ды не знойдзе сябра па душы сваёй:
 

любі сябра ды будзь яму верны,
 

бо калі адкрыеш тайны яго, не ганіся болей за ім.
 

Як бо чалавек, што страціў таго, хто памёр, так і ты, што страціў сяброўства блізкага свайго;
 

і як хто выпусціў птушку з рукі сваёй, так ты адпіхнуў блізкага свайго і ўжо не вернеш яго.
 

Не бяжы за ім, бо ён далёка; уцёк бо ён, як сарна з сеткі, бо скалечана яго душа,
 

болей не зможаш яго затрымаць. Гэта пагаджэнне з праклятым,
 

адкрыць жа тайны сябра — гэта знішчэнне надзеі.
 

Хто міргае вокам — задумвае ліха; хто ведае яго, адступіцца ад яго.
 

Перад вачамі тваімі ён асалодзіць свае вусны і будзе дзівіцца на твае словы; але ў рэшце рэшт перакруціць свае вусны і па словах тваіх зробіць закід.
 

Многа што я ненавіджу, і не параўноўваю з ім, і Госпад зневавідзіць яго.
 

Хто кідае камень угору, упадзе ён яму на галаву; і балючы ўдар падступнага
 

Той, хто капае дол, сам у яго ўваліцца, і хто прыгатаваў камень блізкаму, сам ударыцца аб яго, і хто ставіць пастку іншаму, сам у яе трапіць.
 

Хто дае нядобрую параду, на таго абернецца яна, і не пазнае, адкуль прыйдзе на яго.
 

Ганьба ды знявага — пыхліўцу, і помста, як леў, будзе цікаваць на яго.
 

У сетку трапяць тыя, якія цешацца з падзення справядлівых, боль жа паразіць іх перш, чым памруць.
 

Гнеў і абурэнне — абодва абрыдныя, і грэшнік з’яўляецца ўдзельнікам іх.