Сьвятая Бібля 37
Сьвятая Бібля у перакладзе Яна Станкевіча
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кожны прыяцель кажа: «І я пасябраваў з ім!»; але бывае прыяцель толькі з імя прыяцель. Ці ж сумаванне не падобнае аж да смерці,
калі сябар і прыяцель абарачваюцца ў ворага?
О ліхая пераваротнасць! Адкуль ты ўзялася, каб пакрыць зямлю злом і подступам сваім!
У памыснасці сябар цешыцца з прыяцелем, і ў час гора робіцца праціўнікам;
сябар памагае прыяцелю ў працы з прычыны жывата, і ў час вайны возьмецца за шчыт.
Не забудзь пра прыяцеля твайго ў сваёй душы, і не забывай пра яго ў дастатку сваім.
Не шукай парады ў таго, хто на цябе цікуе, і перад зайздроснымі хавай свой намер.
Кожны дарадчык хваліць сваю параду, але ёсць дарадчык такі, што раіць у сваю карысць.
Сцеражы душу сваю ад дарадчыка, і перш даведайся, што яму трэба, — бо ён будзе думаць пра сваю душу, —
каб часам не кінуў на цябе жэрабя ды не сказаў табе:
«Добрая твая дарога», — а сам стане насупраць цябе, каб паглядзець, што станецца з табой.
Не райся з зайздросным і ад зайздроснага хавай свой намер; не райся з жанчынай, што да яе саперніцы; з баязлівым, што да вайны; з купцом, што да пазыкі, якую маеш узяць; з гандляром, што да продажу; са злосным, што да ўдзячнасці;
з бязбожным адносна пабожнасці; з несумленным, што да сумленнасці; з лянівым адносна нейкай працы;
з гадавым парабкам пра заканчэнне работы, з гультаяватым нявольнікам аб вялікай рабоце — не пакладайся на такіх ні пры якой парадзе.
Але з чалавекам пабожным падтрымай сяброўства, а таксама з тым, аб якім ведаеш, што беражэ прыказанні,
чыя душа, як твая душа, ды хто, калі ў поцемках будзеш блукаць, паспагадае табе.
І трымайся парады свайго сэрца; бо няма за яе нічога вярнейшага для цябе.
Душа чалавечая часам праўдзівейшае скажа, чым сем наглядчыкаў, што сядзяць на ўзгорку для наглядання.
І пра ўсё гэта ўмольвай Узвышняга, каб дарогай праўды тваёй кіраваў.
Хай кожную тваю дзейнасць папераджае слова праўды, ды перад кожным учынкам хай будзе заўсёдная парада.
Корань намераў у сэрцы, з якога паўстаюць чатыры галіны: дабро і зло, жыццё і смерць; і над гэтым язык мае поўную ўладу.
Бывае чалавек спрактыкаваны, знаўца многага, а для душы сваёй бескарысны.
Бывае хітра гаворыць і ненавісны; і такі застанецца без усякай ежы салодкай.
Не дадзена яму ласка Госпадам: пазбаўлены бо ён усякай мудрасці.
Бывае мудрэц для душы сваёй мудры, і плады яго ведаў — на целе яго.
Бывае мудрэц, што народ свой выхоўвае, і плады яго розуму верныя.
Мудры чалавек перапоўнены будзе дабраславеннямі, і ўсе, хто бачыць яго, назавуць шчасным.
Жыццё чалавека абмежавана лікам дзён, а дні Ізраэля без ліку.
Мудры набудзе славу ў свайго народа, і імя яго будзе жыць вечна.
Сыне, у жыцці сваім гартуй душу сваю і глядзі, калі што шкоднае ёй, не давай ёй таго.
Бо не ўсё карысна для ўсіх, і не кожнай душы ўсё падабаецца.
Не будзь сквапным ва ўсякім балі і не кідайся на ўсякую ежу.
Дзеля многіх бо страў узнікне хвароба, і хцівасць давядзе да расстройства жывата.
Ад пераядання многія памерлі, а хто ўмее паўстрымацца — прадаўжае жыццё.