2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Антонія Бокуна
Ты ж, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Езусе Хрысце.
Дык ты, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Хрысьце Ісусе,
А пачутае ад мяне пры многіх сведках, перадай верным людзям, якія будуць здольныя навучыць таксама іншых.
і, што чуў ад мяне праз многіх сьведкаў, тое перадай верным людзям, якія будуць здольнымі і іншых навучы́ць.
Цярпі разам са мною як добры жаўнер Хрыста Езуса.
Дык перанось цяжкасьці, як добры жаўнер Ісуса Хрыста.
Той, хто служыць у войску, каб падабацца таму, хто ўзяў яго на службу, не ўмешваецца ў жыццёвыя справы.
Ніхто з тых, хто змагаецца, ня зьвязвае сябе справамі жыцьцёвымі, каб падабацца таму, хто яго ўзяў у войска.
Таксама і той, хто змагаецца як атлет, не стане пераможцам, калі будзе змагацца не па правілах.
І калі хто спаборнічае, не атрымае вянка, калі будзе спаборнічаць незаконна.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Земляроб, які працуе, мусіць першы спажыва́ць плады.
Зразумей, што гавару; няхай дасць табе Пан зразумець усё.
Разумей, што кажу. Няхай жа дасьць табе Госпад разуменьне ў-ва ўсім.
Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос паводле майго Евангелля,
Па́мятай пра Ісуса Хрыста, з насеньня Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Эва́нгельля майго,
за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.
у якім пераношу цяжкасьці аж да путаў, як злачынца, але слова Божага нельга зьвязаць.
Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю.
Дзеля гэтага я ўсё трываю дзеля выбраных, каб і яны дасягнулі збаўленьня, што ў Хрысьце Ісусе, з вечнаю славаю.
Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;
Вернае слова, што калі мы памерлі з Ім, і жыць будзем з Ім;
калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем;
калі трываем [з Ім], і валадарыць будзем з Ім; калі адрачэмся [ад Яго], і Ён адрачэцца ад нас;
калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.
калі мы ня верым, Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачыся ня можа.
Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Богам, каб не спрачацца з-за словаў, бо гэта не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам.
Гэта нагадвай, сьведчачы перад Госпадам, каб не спрачаліся дзеля словаў, што нічога не дае, а руйнуе тых, якія слухаюць.
Старанна імкніся, каб Бог палічыў цябе годным, бездакорным працаўніком, які правільна пераказвае слова праўды.
Намагайся паставіць сябе перад Богам вартым, работнікам, які ня будзе асаромлены, які слушна пераказвае слова праўды.
Пазбягай людскога пустаслоўя, бо гэта вядзе да штораз большай бязбожнасці.
А паганага марнаслоўя пазьбягай, бо яны яшчэ больш будуць узрастаць у бязбожнасьці,
Словы такіх людзей пашыраюцца, як гангрэна. Сярод іх Гіменэй і Філет,
і слова іхняе, як гангрэна, будзе мець пажы́ву. Гэтакія Гімэнэй і Філет,
якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрашэнне ўжо настала, і гэтым разбураюць веру некаторых.
якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрасеньне ўжо было, і руйнуюць у некаторых веру.
Але Божы фундамент стаіць моцна, маючы такую пячатку: «Пан ведае сваіх» і: «Няхай адступіцца ад несправядлівасці кожны, хто заклікае імя Пана».
Але цьвёрды падмурак Божы стаіць, маючы гэтакую пячатку: «Ведае Госпад тых, якія Яго», і: «Няхай адыйдзецца ад няправеднасьці кожны, хто называе імя Хрыста».
У вялікім жа доме ёсць не толькі залатое і сярэбранае начынне, але драўлянае і глінянае. Адно — у пашане, другое — не ў пашане.
А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўляны, і гліняны; і адзін — у паша́не, а другі — у га́ньбе.
Калі хтосьці ачысціць сябе ад гэтага, то стане начыннем пачэсным, асвячаным і карысным Пану, прыдатным для ўсялякай добрай справы.
Дык калі хто ачысьціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінаю ў пашане, асьвячонаю і патрэбнаю Ўладару, падрыхтаванаю на ўсякую добрую справу.
Асцерагайся юнацкай пажадлівасці, імкніся да справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, хто заклікае імя Пана ад чыстага сэрца.
Ад юнацкіх пажаданьняў уцякай, а імкніся да праведнасьці, веры, любові, супакою з тымі, хто прызывае Госпада ад чыстага сэрца.
А неразумных і бессэнсоўных спрэчак пазбягай, ведаючы, што яны прыводзяць да сварак.
Ад дурных і бязглуздых спрэчак адмаўляйся, ведаючы, што яны нараджаюць звадкі;
Слуга Пана не павінен сварыцца, а павінен быць ласкавым да ўсіх, здольным да навучання і цярплівым,
а слуга Госпада ня мусіць ва́дзіцца, але быць ветлівым да ўсіх, здольным навуча́ць, цярплівым,
спакойна настаўляць непрыхільных.
у ціхасьці настаўляць тых, якія працівяцца, ці ня дасьць ім Бог навяртаньня дзеля пазнаньня праўды,
Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі.
каб яны вызваліліся з пасткі д’яблавай, які злавіў іх пад сваю волю.