2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Сёмухі
Ты ж, дзіця маё, умацоўвайся ў ласцы, што ў Езусе Хрысце.
Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
А пачутае ад мяне пры многіх сведках, перадай верным людзям, якія будуць здольныя навучыць таксама іншых.
І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
Цярпі разам са мною як добры жаўнер Хрыста Езуса.
Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
Той, хто служыць у войску, каб падабацца таму, хто ўзяў яго на службу, не ўмешваецца ў жыццёвыя справы.
Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
Таксама і той, хто змагаецца як атлет, не стане пераможцам, калі будзе змагацца не па правілах.
Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
Земляробу, які працуе, першаму належыць карыстацца пладамі.
Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
Зразумей, што гавару; няхай дасць табе Пан зразумець усё.
Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
Памятай пра Езуса Хрыста з пакалення Давіда, які ўваскрос паводле майго Евангелля,
Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
за якое я цярплю нядолю аж да кайданаў, нібы злачынца. Але Божага слова не зняволіш.
за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
Таму я ўсё вытрымліваю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збаўленне ў Езусе Хрысце з вечнаю славаю.
Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;
Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;
калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем;
калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;
калі адрачэмся, і Ён адрачэцца ад нас; калі мы не верым, Ён застаецца верным, бо самога сябе адрачыся не можа.
калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.
Нагадвай пра гэта, даючы сведчанне перад Богам, каб не спрачацца з-за словаў, бо гэта не прыносіць ніякай карысці, а толькі шкодзіць слухачам.
Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.
Старанна імкніся, каб Бог палічыў цябе годным, бездакорным працаўніком, які правільна пераказвае слова праўды.
Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.
Пазбягай людскога пустаслоўя, бо гэта вядзе да штораз большай бязбожнасці.
А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,
Словы такіх людзей пашыраюцца, як гангрэна. Сярод іх Гіменэй і Філет,
і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,
якія адступіліся ад праўды, кажучы, што ўваскрашэнне ўжо настала, і гэтым разбураюць веру некаторых.
якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.
Але Божы фундамент стаіць моцна, маючы такую пячатку: «Пан ведае сваіх» і: «Няхай адступіцца ад несправядлівасці кожны, хто заклікае імя Пана».
Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».
У вялікім жа доме ёсць не толькі залатое і сярэбранае начынне, але драўлянае і глінянае. Адно — у пашане, другое — не ў пашане.
А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
Калі хтосьці ачысціць сябе ад гэтага, то стане начыннем пачэсным, асвячаным і карысным Пану, прыдатным для ўсялякай добрай справы.
Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
Асцерагайся юнацкай пажадлівасці, імкніся да справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, хто заклікае імя Пана ад чыстага сэрца.
Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
А неразумных і бессэнсоўных спрэчак пазбягай, ведаючы, што яны прыводзяць да сварак.
Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
Слуга Пана не павінен сварыцца, а павінен быць ласкавым да ўсіх, здольным да навучання і цярплівым,
а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
спакойна настаўляць непрыхільных.
здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, — можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
Можа, калісьці Бог дасць ім апамятацца дзеля пазнання праўды і вырвацца з пастак д’ябла, які аблытаў іх, каб падпарадкаваць сваёй волі.
каб яны вызваліліся зь цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю.