Марка 2 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме.
 
І па некалькіх днях зноў Ісус наведаў Кафарнаўм,  і людзі пачулі, што Ён у доме,

Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх.
 
і  сышлося такое мноства, што нават пры дзвярах не маглі памясціцца, і гаварыў ім слова.

Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі паралізаванага.
 
І прыйшлі да Яго насільшчыкі са спаралізаваным, якога неслі ўчатырох.

Не змогшы прынесці яго да Езуса праз натоўп, разабралі страху, дзе Ён быў, і праз адтуліну спусцілі насілкі, на якіх ляжаў паралізаваны.
 
І калі з-за натоўпу не маглі яго паднесці да Ісуса, дык раскрылі дах там, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзіру, спусцілі насілкі з пасцеллю, на якіх ляжаў спаралізаваны.

Убачыўшы іх веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца твае грахі».
 
А калі Ісус убачыў іх веру, кажа спаралізаванаму: «Сыне, адпускаюцца  грахі твае».

Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх:
 
Былі ж там некаторыя кніжнікі, што сядзелі і думалі ў сэрцы сваім:

«Чаму Ён так кажа? Ён блюзнерыць! Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
 
«Што Ён кажа? Блюзніць! Хто можа адпускаць грахі, калі не Сам Бог?»

Езус, адразу пазнаўшы духам сваім, што яны так разважаюць, сказаў ім: «Чаму так разважаеце ў сэрцах вашых?
 
А Ісус, адразу пазнаўшы Сваім Духам, што яны так думалі ў сабе, кажа ім: «Што думаеце ў сэрцах вашых?

Што лягчэй? Сказаць паралізаванаму: “Адпускаюцца твае грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі?”
 
Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: «Адпускаюцца твае грахі», ці сказаць: «Устань, вазьмі насілкі свае і хадзі».

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму:
 
Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі, — гаворыць спаралізаванаму:

«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго».
 
«Табе кажу: устань, вазьмі насілкі твае і вяртайся ў дом твой».

Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Ніколі мы такога не бачылі!»
 
Дык ён адразу ўстаў і, узяўшы насілкі, пайшоў перад усімі, якія дзівіліся і славілі Бога, кажучы: «Мы такога ніколі не бачылі».

Езус зноў выйшаў да мора. Усе людзі прыходзілі да Яго, а Ён навучаў іх.
 
І Ісус зноў адышоў да мора, а ўвесь натоўп людзей ішоў да Яго, і Ён навучаў іх.

Праходзячы, Ён убачыў Левія, сына Алфея, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
 
І, калі праходзіў міма, убачыў Левія Алфеевага, што сядзеў на мытні, і гаворыць яму: «Ідзі за Мной!» І ён, падняўшыся, пайшоў за Ім.

Калі Езус быў за сталом у доме ягоным, шмат мытнікаў і грэшнікаў было разам з Ім і вучнямі Ягонымі, бо шмат было тых, хто ішоў за Ім.
 
І здарылася, калі ўзлягаў пры стале ў доме яго, узлягала разам з Ісусам і Яго вучнямі шмат мытнікаў і грэшнікаў. Было бо многа іх, і яны хадзілі за Ім.

Кніжнікі з ліку фарысеяў, убачыўшы, што Ён есць з грэшнікамі і мытнікамі, казалі вучням Ягоным: «Чаму Ён есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
 
І кніжнікі фарызейскія, бачачы, што Ісус есць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: «Чаму Ён есць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?»

Пачуўшы гэта, Езус сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым; Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
 
Пачуўшы гэта, Ісус кажа ім: «Не здаровым патрэбен лекар, але тым, што хварэюць. Я прыйшоў клікаць не справядлівых, але грэшнікаў».

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі і сказалі Яму: «Чаму вучні Янавы і фарысеяў посцяць, а Твае вучні не посцяць?»
 
Вучні Янавы і фарызеі посцілі. Дык прыходзяць да Яго ды кажуць: «Чаму вось вучні Янавы і фарызейскія посцяць, а Твае вучні не посцяць?»

Езус адказаў ім: «Ці могуць пасціць госці на вяселлі, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць.
 
Адказаў ім Ісус: «Ці ж могуць посціць вясельнікі, пакуль малады з імі? Дакуль маюць жаніха ў сябе, не могуць посціць.

Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць у той дзень.
 
А надыдуць дні, калі жаніха забяруць ад іх, і тады будуць посціць у тыя дні.

Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
 
Ніхто не прышывае латы з новага сукна да старога адзення, бо новая лата раздзярэ старое адзенне, і дзіра зробіцца большая.

І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі».
 
Ніхто таксама не ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо віно разарве мяхі — і віно выцячэ, і мяхі прападуць; таму маладое віно ўліваць трэба ў мяхі новыя».

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы.
 
Прыйшлося аднойчы Ісусу ў суботу праходзіць праз палеткі, засеяныя збожжам. Вучні ж Яго, ідучы наперадзе, пачалі зрываць каласы.

Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?»
 
Дык фарызеі казалі Яму: «Вось, што робяць у суботу, гэта ж не след рабіць!»

Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім?
 
Ісус жа кажа ім: «Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і галодны, ды тыя, што з ім былі?

Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?»
 
Як увайшоў у дом Божы да Абіятара першасвятара ды еў хлябы пакладныя, якіх нельга яму было есці, а толькі святарам, і поруч даў тым, што з ім разам былі?»

І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату.
 
Ды казаў ім: «Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
 
Значыць, Сын Чалавечы ёсць Гаспадар суботы».