2 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Пана пашыралася і было праслаўлена, таксама як у вас,
 
Нарэшце, браты, маліцеся за нас, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас,

і каб мы ўсцерагліся ад крывадушных і ліхіх людзей, бо не ўсе маюць веру.
 
і каб мы ўсцерагліся ад людзей крывадушных і ліхіх, бо вера ёсць не ва ўсіх.

Верны ёсць Пан, які ўмацуе вас і захавае ад ліхога.
 
Але верны Госпад і ўмацуе вас і ўсцеражэ ад ліхога.

Мы ўпэўнены наконт вас у Пану, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.
 
Мы маем упэўненасць наконт вас у Госпадзе, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы загадваем вам.

Хай жа Пан скіруе сэрцы вашыя да Божай любові і Хрыстовай цярплівасці.
 
Хай жа Госпад пакіруе сэрцы вашыя да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

Наказваем вам, браты, у імя Пана нашага Езуса Хрыста, каб вы асцерагаліся кожнага брата, які жыве ў бязладдзі і нязгодна з традыцыяй, якую прынялі ад нас.
 
Загадваем жа вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб высцерагаліся вы ўсякага брата, які жыве нягодна і не паводле традыцыі, якую вы атрымалі ад нас.

Вы самі ведаеце, як трэба наследаваць нас, бо мы не лайдачылі сярод вас
 
Бо самі ведаеце, як належыць пераймаць нас, бо мы не жылі паміж вас нягодна,

і ні ў кога не елі хлеба дарма, але цяжка і ў мазалях працавалі дзень і ноч, каб не абцяжарваць нікога з вас.
 
ды дарма чужога хлеба не елі, але ў працы ўночы і днём, нікому з вас не былі цяжарам.

Не таму, што мы не мелі ўлады, але каб саміх сябе даць вам як прыклад для пераймання.
 
Не дзеля таго, што не мелі мы ўлады, але каб з сябе даць вам прыклад для наследавання нам.

Калі мы былі ў вас, то наказвалі вам: калі хто не хоча працаваць, няхай і не есць.
 
Дык, калі мы былі ў вас, гэта вам загадвалі: хто не хоча працаваць, хай і не есць.

Але мы чулі, што некаторыя сярод вас жывуць у бязладдзі: нічога не робяць, але займаюцца марнымі справамі.
 
Бо чуем мы, што ёсць некаторыя паміж вамі, што нягодна жывуць, нічога не робяць, а толькі мітусяцца.

Такім загадваем і заклікаем іх у Пану Езусе Хрысце, каб яны працавалі ў спакоі і елі ўласны хлеб.
 
Такім вось, што так жывуць, загадваем і запрысягаем у Госпадзе Ісусе Хрысце, каб, спакойна працуючы, свой уласны хлеб елі.

Вы ж, браты, не пераставайце рабіць дабро.
 
Вы ж, браты, не спыняйцеся рабіць дабро.

Калі хто часам не паслухае словаў паслання нашага, таго асцерагайцеся ды не сябруйце з ім, каб быў асаромлены.
 
Калі хто часам не паслухае слоў ліста нашага, такога прыкмецце ды не сябруйце з такім, каб быў асаромлены.

Аднак не лічыце яго ворагам, але настаўляйце як брата.
 
Але не ўважайце яго за ворага, а ўшчувайце, як брата.

Сам Пан спакою няхай ва ўсім і ўсяляк адорвае вас спакоем. Пан з усімі вамі.
 
Хай жа Сам Госпад супакою дасць вам супакой заўсёды ўсякім спосабам. Госпад з усімі вамі.

Уласнаручнае прывітанне маё, Паўла, што ёсць знакам у кожным пасланні. Так я пішу.
 
Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсць знак у кожным лісце; так я пішу.

Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з усімі вамі.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі.