Якава 3 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Браты маі! Ня многія рабе́цеся вучыцялямі, ве́даючы, што мы большы дастанем прысуд,
 
Ня многія рабіцеся настаўнікамі, браты мае́, ведаючы, што мы большы атрымаем прысуд,

бо ўсе́ мы шмат грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той — дасканалы чалаве́к, які дуж закелза́ць і ўсё це́ла.
 
бо ўсе мы шмат спатыкаемся. Хто не спатыкаецца ў слове, той дасканалы чалавек, які ма́е моц, каб зацугля́ць і ўсё цела.

Вось мы ўкладаем зяле́зы ў рот коням, каб яны слухаліся нас, і кіруем усім це́лам іх;
 
Вось, мы ўкладаем цуглі ў рот коням, каб мець пэўнасьць у іх, і кіруем усім целам іхнім.

вось і караблі ун якія вялікія, што іх ве́тры магутныя носяць, а невялікім стырном кіруюцца, куды хоча корнік;
 
Вось і караблі, такія вялікія, і вятры магутныя іх носяць, а невялікім стырном кіруюцца, куды корнік хоча.

гэтак і язык — невялікі чле́н, але шмат робіць. Паглядзі, невялікі агонь, а як многа рэчаў запалівае;
 
Гэтак і язык — малы член, а шмат узносіцца. Вось, маленькі агонь, а які вялікі лес запальвае.

і язык — агонь, сьве́т няпраўды. Язык гэтак зьмяшчаецца міжы чле́намі нашымі, што апаганівае ўсё це́ла і запалівае круг жыцьця, а сам запальваецца ад гее́нны,
 
І язык — агонь, сьвет няправеднасьці. Язык гэтак зьмяшчаецца сярод членаў нашых, што апаганьвае ўсё цела, і запальвае круг жыцьця, і сам запальваецца ад геенны.

бо ўсякая прырода зьве́раў і птушак, га́даў і марскіх жывёл гамуецца й угамована прыродаю чалаве́чаю,
 
Бо ўсякая прырода зьвяроў, і птушак, і паўзуноў, і марскіх жывёлаў тайму́ецца і ўтаймава́на прыродаю чалавечаю,

а ўгамаваць языка ніхто з людзей ня можа: гэта — нястрымнае зло; ён напоўнены сьмяротнаю атрутаю.
 
а языка ніхто з людзей утаймаваць ня можа; ён — нястрымнае ліха, поўны сьмяротнай атруты.

Ім славім Бога і Айца — і ім праклінаем людзе́й, што створаны на ўзор Бога;
 
Ім дабраслаўляем Бога і Айца і ім праклінаем людзей, што створаны на падабенства Бога;

з тых самых вуснаў выходзіць багаслаўле́ньне і праклён. Не павінна быць гэтага, маі браты.
 
з тых самых вуснаў выходзіць дабраслаўленьне і праклён. Не павінна быць гэтак, браты мае́.

Ці цячэ з аднаго жарала́ крыніцы салодкае і горкае?
 
Ці з аднаго жарала крыніцы выцякае салодкая і горкая [вада]?

Ня можа, браты маі, смоква радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза смоквы: гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салоную і салодкую ваду.
 
Ня можа, браты мае́, фі́гавае дрэва радзі́ць аліўкі, або вінаградная лаза́ — фігі; гэтаксама адна крыніца — даваць салёную і салодкую ваду.

Хто з вас мудры й разумны? Пакажы гэта на дзе́ле добрым паступаньнем з лагоднасьцяй мудрасьці.
 
Хто з вас мудры і ма́е розум, няхай пакажа гэта справамі сваімі праз добры лад жыцьця з ціхасьцю мудрасьці.

Але, калі ў вашым сэрцы вы ма́еце горкую завісьць і сварлівасьць, дык не хвале́цеся і не брашыце на праўду:
 
А калі ў вашым сэрцы вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, не вывышайцеся і не хлусі́це насуперак праўдзе.

гэта ня ёсьць мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, але зямйая, душэўная, чартоўская,
 
Гэта ня ёсьць мудрасьць, якая з вышыні́ зыходзіць, але зямная, душэўная, дэманава,

бо гдзе́ завісьць і сваркі, там ладу няма і ўсе́ благія ўчынкі.
 
бо дзе зайздрасьць і сварлівасьць, там бязладзьдзе і ўсякія благія рэчы.

Але мудрасьць, што зьве́рху зыходзе, перадусім чыстая, потым згодлівая, лагодная, паслухмяная, поўная міласэрдзя й добрых пладоў, бесстаронная і некрывадушная.
 
Але мудрасьць, якая з вышыні́, па-першае, — чыстая, пасьля — мірная, спагадная, саступлівая, поўная літасьці і добрых пладоў, бесстаронная і некрывадушная.

Плод жа праўды ў міры се́ецца тымі, што мір робяць.
 
Плод жа праведнасьці ў супакоі сеецца тымі, якія робяць супакой.