Якава 4 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Скуль войны й бітвы у вас? Ці ня згэтуль: з раскошаў вашых, што ў чле́нах вашых ваююць?
Адкуль войны і зва́дкі між вамі? Ці не адсюль, з асалодаў вашых, якія змагаюцца ў членах вашых?
Жадаеце й ня ма́еце; забіваеце й завідуеце, ды ня можаце дасягнуць; сварыцёся і ваюеце, ды ня маеце, бо ня просіце.
Вы жадаеце і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце, і ня можаце атрымаць, ва́дзіцеся і ваюеце; а ня маеце дзеля таго, што ня просіце.
Просіце і не дастаецё, бо просіце блага, каб ужыць на раскошы вашыя.
Просіце і не атрымліваеце, бо блага просіце, каб вы́даткаваць дзеля асалоды вашае.
Бясчэсныя й бясчэсьніцы! Ці ня ве́даеце, што дружба са сьве́там ёсьць варожасьць да Бога? Дык, хто хоча быць другам сьве́ту, той робіцца ворагам Богу.
Чужаложнікі і чужаложніцы! Ці вы ня ведаеце, што сяброўства са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога? Дык хто хоча быць ся́брам сьвету, той робіцца ворагам Богу.
Ці вы думаеце, што надарма́ кажа Пісаньне: да завісьці любіць дух, што жыве́ ў нас?
Ці вы думаеце, што надарма́ кажа Пісаньне: «Да рэўнасьці прагне Дух, Які жыве ў нас»?
і тым большую дае́ ласку, дык і сказана: Бог гордымі брыдзіцца, а пакорным ласку дае́ (Прыповесьцяў 3:34).
Але яшчэ большую дае ласку і дзеля гэтага кажа: «Бог пыхлівым працівіцца, а пакорным ласку дае».
Дык пакарыцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас.
Дык падпарадкуйцеся Богу; супраціўцеся д’яблу, і ўцячэ ад вас.
Бліжэй падыйдзе́це да Бога, і прыблізіцца да вас. Ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;
Наблізьцеся да Бога, і Ён наблізіцца да вас. Ачысьціце ру́кі, грэшнікі, выпраўце сэрцы, двудушныя!
скрушайцеся, плачце й галасіце: някай сьме́х ваш абе́рнецца ў плач, і радасьць — у гора.
Скрушайцеся, плачце і галасіце; няхай сьмех ваш пераменіцца ў плач, і радасьць — у смутак.
Скарыцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.
Панізьцеся перад Госпадам, і Ён узвысіць вас.
Не абмаўляйце, браты, адзін аднаго: хто брата абмаўляе й асуджа́е брата свайго, той абмаўляе закон і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, то ты не́ выпаўніцель закону, але судзьдзя.
Не ачарняйце, браты, адзін аднаго. Хто ачарняе брата і су́дзіць брата свайго, той ачарняе Закон і су́дзіць Закон. А калі ты судзіш Закон, ты не выканаўца Закону, але судзьдзя.
Адзін законадаўца можа збавіць і загубіць; а хто ты, што судзіш другога?
Адзін ёсьць Заканадаўца, Які можа збавіць і загубі́ць. А хто ты, які судзіш другога?
А ну цяпер вы, што кажаце: сягоньня ці заўтра вырушым у такое й такое ме́ста і пражыве́м там адзін год, і будзем таргаваць і зарабляць, —
Паслухайце цяпер вы, якія кажаце: «Сёньня і заўтра пойдзем у такі і такі горад, і будзем там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць»,
вы, якія ня ве́даеце, што будзе заўтра: бо што такое вашае жыцьцё? Па́ра, што зьяўляецца на малы час, а потым зьнікае.
вы, якія ня ведаеце, што [будзе] заўтра. Бо што такое жыцьцё вашае? Бо яно — па́ра, якая зьяўляецца на малы [час], а потым чэзьне.
Заме́ст таго, каб вам гаварыць: калі Госпад захоча й будзем жывыя, дык зробім тое ці другое, —
Замест таго, каб гаварыць вам: «Калі Госпад захоча і будзем жывыя, зробім тое ці другое»,
вы вось праз пыху сваю пуста хваліцеся. Усякае гэткае пустахвальства ёсьць зло.
вы цяпер праз пы́ху сваю хва́ліцеся. Усякая гэткая пахвальба́ ёсьць зло.
Дык вось, хто ве́дае, як рабіць дабро, ды ня робіць, грэх таму.
Дык хто ведае, як рабіць дабро, і ня робіць, грэх таму.