1 да Карынфянаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Гэтак чалаве́к павінен разуме́ць нас, як служак Хрыстовых і аканомаў тайнаў Божых;
Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.
ад аканомаў жа вымагаецца, каб кожны быў знойдзены ве́рным.
Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.
Для мяне́ найме́ншая рэч, як судзіце аба мне́ вы, ці як судзяць людзі; я й сам ня суджу сябе́.
Для мяне малая [рэч], як су́дзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе.
Бо хоць і нічога ня ве́даю за сабою, але ў гэтым не апраўдываюся; судзьдзя-ж мне́ Госпад.
Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад — Той, Які су́дзіць мяне.
Дзеля гэтага ня судзіце перадчасна, пакуль ня прыдзе Госпад, які і асьве́ціць схаванае ў це́мры і выявіць думкі сэрцаў; і тагды кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Так што не судзі́це перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала́ ад Бога.
Гэтае, браты, прыклаў я да сябе́ і Апалёса дзеля вас, каб вы на нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, ды каб не вывышаліся адзін над адным.
А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным.
Бо хто адзначае цябе́? Што́ ты маеш, чаго-б ня ўзяў? А калі ўзяў, на што хвалішся, як быццам ня браў?
Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?
Вы ўжо сытыя, ужо разбагаце́лі, пачалі цараваць бяз нас. О, каб вы зацаравалі, каб і нам з вамі царыць!
Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць!
Бо я думаю, што Бог нас, Апосталаў, за апошніх паставіў, як бы на сьме́рць засуджаных; бо мы сталіся як-бы відовішчам для сьве́ту, для ангелаў і для людзе́й.
Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.
Мы — дурныя дзеля Хрыста, а вы — мудрыя ў Хрысьце́; мы слабыя, а вы дужыя; вы слаўныя, а мы ў няславе.
Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы — слабыя, а вы — ду́жыя; вы — слаўныя, а мы — без паша́ны.
Навет да цяпе́рашняе гадзіны мы це́рпім голад і смагу, мы нагія, і б’юць нас, і бадзяемся,
Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б’юць нас, і туля́емся,
і працуем, робячы сваімі рукамі. Абмаўляныя, мы багаславім; перасьле́даваныя, мы це́рпім;
і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім;
зьняважа́ныя, мы молімся. Мы сталіся, як сьмяцьцё сусьве́тнае, як пыл для ўсіх да цяпе́р.
абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкі́ды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер.
Не на тое, каб пастыдзіць вас, пішу гэтае, але як умілаваных маіх дзяце́й перасьцерагаю.
Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю.
Бо, хаця-б вы тысячы настаўнікаў ме́лі ў Хрысьце́, але айцоў нямнога: бо я спарадзіў вас у Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле.
Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але ня шмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эва́нгельле.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімахве́я, які ёсьць дзіця мае́ ўмілаванае і ве́рнае ў Госпадзе, і ён напомніць вам шляхі мае́ ў Хрысьце Ісусе, як я ўсюды ў-ва ўсякай царкве́ навучаю.
Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагада́е вам шляхі мае́ ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю.
Як быццам я ня маю прыйсьці да вас, гэтак некаторыя з вас загардзе́лі;
А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся,
але я хутка прыйду да вас, калі захоча Госпад, і распазнаю ня словы гардуноў, а сілу,
але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу,
бо Царства Божае ня ў слове, а ў сіле.
бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле.
Чаго хочаце? з дубцом прыйсьці да вас, ці з любоўю і духам лагоднасьці?
Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?