1 да Карынфянаў 12 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Аб духоўных-жа, браты, не хачу, каб вы няве́далі.
Адносна ж духоўных [дароў], браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
Ве́даеце, што, як былі вы паганамі, дык да ідалаў безгалосных хадзілі, быццам вялі вас.
Вы ведаеце, што, калі былі вы паганамі, да ідалаў безгалосых скіроўваліся, быццам вялі вас.
Дзеля гэтага кажу вам, што ніхто, гаворачы Духам Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі Духам Сьвятым.
Дзеля гэтага паведамляю вам, што ніхто, хто гаворыць у Духу Божым, ня скажа праклёну на Ісуса; і ніхто ня можа назваць Ісуса Госпадам, як толькі ў Духу Сьвятым.
Ёсьць розьніцы ў дараваньнях, але Дух той самы;
Ёсьць адрозьненьні ў дарах, але Дух той самы;
і розьніцы ў служэньні, а Госпад той самы;
і ёсьць адрозьненьні ў служэньнях, але Госпад той самы;
і розьніцы ў дзе́яньні, а Бог той самы, што ўсё і ў-ва ўсіх робіць.
і ёсьць адрозьненьні ў дзеяньнях, але Бог той самы, Які ўсё ў-ва ўсіх робіць.
Але кожнаму дае́цца выяўле́ньне духа на карысьць:
А кожнаму даецца выяўленьне Духа дзеля карысьці.
аднаму дае́цца Духам слова мудрасьці, другому слова ве́ды тым-жа Духам;
Бо аднаму даецца праз Духа слова мудрасьці, а другому — слова веданьня праз таго самага Духа;
іншаму ве́ра тым жа духам; іншаму дар азрадаўляньня тым-жа Духам;
а іншаму — вера ў тым самым Духу; а іншаму — дары́ аздараўленьня ў тым самым Духу;
іншаму рабіць цуды, іншаму прароцтва, іншаму распазнаваньне духаў, іншаму розныя мовы, іншаму тлумачэньне моваў.
іншаму — рабіць цуды, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаваньне духаў, іншаму — разнастайныя мовы, а іншаму — тлумачэньне моваў.
Усё-ж гэтае робіць адзін і той-жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца.
А ўсё гэтае робіць адзін і той самы Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Ён хоча.
Бо, як це́ла адно, але ма́е многа чле́наў, і ўсе чле́ны аднаго це́ла, хаця іх і многа, ёсьць адно це́ла, — гэтак і Хрыстос.
Бо як цела адно, але ма́е шмат членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і шмат, ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос.
Бо ўсе́ адным Духам ахрышчаны ў адно це́ла, Юдэі ці Грэкі, рабы ці вольныя, і ўсе́ напоены адным Духам.
Бо мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, ці Юдэі, ці Грэкі, ці слугі, ці вольныя, і ўсе напоены адным Духам.
Це́ла-ж не адзін чле́н, але многа.
Бо і цела — гэта не адзін член, але шмат.
Калі скажа нага́: я — ня рука, я не ад це́ла, дык ці-ж яна і не ад це́ла?
Калі скажа нага: «Як я не рука, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яна не ад цела?
І калі скажа вуха: я ня — вока, я не ад це́ла, дык няўжо-ж яно і не ад це́ла?
І калі скажа вуха: «Як я ня вока, я не ад цела», хіба дзеля гэтага яно не ад цела?
Калі ўсе це́ла — вока, дык гдзе́ слых? Калі ўсе слых, дык гдзе́ нюх?
Калі ўсё цела — вока, дзе слых? Калі ўсё — слых, дзе нюх?
Але-ж Бог разлажыў чле́ны, кожны з іх па адным, у це́ле, як Сам хаце́ў.
Але цяпер Бог разьмясьціў члены, кожны з іх асобна, у целе, як Сам хацеў.
А калі-б усе́ былі адзін чле́н, дык гдзе́ це́ла?
А калі б усе былі адзін член, дзе цела?
Але цяпе́р чле́наў многа, а це́ла адно.
Але цяпер членаў шмат, а цела адно.
Ня можа-ж вока сказаць руцэ: ты мне́ непатрэбна; ці таксама галава нага́м: вы мне́ непатрэбныя.
Ня можа вока сказаць руцэ: «Я ня ма́ю ў табе патрэбы», або таксама галава нагам: «Я ня ма́ю ў вас патрэбы».
Але-ж чле́ны це́ла, якія здаюцца слабе́йшымі, шмат патрабне́йшыя,
Але члены цела, якія лічацца слабейшымі, нашмат больш патрэбныя,
і, якія нам здаюцца больш непачэснымі ў целе, тых бале́й у чэсьці ма́ем, і нашыя няпрыстойныя больш прыстойны выгляд маюць,
і тыя, якія нам падаюцца менш пачэснымі ў целе, атачаем асаблівай пашанай, і нашыя непрыстойныя [члены] маюць асаблівую павагу.
а нашыя прыстойныя ня маюць патрэбы. Але Бог склаў це́ла, даўшы ме́нш дасканалым большую чэсьць,
А нашыя паважаныя [члены] ня маюць [такой] патрэбы. Але Бог спалучыў цела, даўшы тым, якія маюць недахопы, асаблівую пашану,
каб ня было падзе́лу ў це́ле, а ўсе́ чле́ны аднолькава адзін аб адным каб рупіліся.
каб не было падзелу ў целе, але члены адзін пра аднаго клапаціліся.
Дзеля гэтага, калі це́рпіць адзін член, церпяць з ім усе́ чле́ны; калі славіцца адзін чле́н, з ім радуюцца ўсе́ чле́ны.
І калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі славіцца адзін член, радуюцца з ім усе члены.
Вы-ж — це́ла Хрыстовае, а паасобна — чле́ны.
Вы ж — Цела Хрыстовае, а паасобна — члены.
І адных Бог паставіў у Царкве́ напе́рш Апосталамі, потым прарокамі, трэціх вучыцялямі; дале́й (цудоўныя) сілы, затым дары аздараўляньня, дапамаганьня, гаспадараваньня, розныя мовы.
І адных Бог паставіў у царкве, па-першае, апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; пасьля — [тых, хто ма́е] сілы, пасьля — дары́ аздараўля́ньня, дапамага́ньня, гаспадарава́ньня, разнастайныя мовы.
Ці ўсе́ Апосталы? ці ўсе́ прарокі? ці ўсе́ вучыцялі? Ці ўсе́ (цудоўныя) сілы?
Ці ўсе апосталы? Ці ўсе прарокі? Ці ўсе настаўнікі? Ці ўсе сілы?
Ці ўсе́ маюць дар аздараўляньня? ці ўсе́ гавораць мовамі? ці ўсе́ тлумачы?
Ці ўсе маюць дары́ аздараўля́ньня? Ці ўсе гавораць мовамі? Ці ўсе тлумачаць?
Рупцеся аб дарох большых, і я пакажу вам шлях яшчэ ле́пшы.
Рупцеся пра дары́ большыя, і я пакажу вам шлях яшчэ лепшы.