Лукаша 6 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І сталася ў суботу, пе́ршую па другім дні Пасхі, здарылася Яму праходзіць засе́янымі палямі, і вучні Яго зрывалі калосьсе і е́лі, расьціраючы рукамі.
Аднойчы калі Езус праходзіў праз пшанічнае поле, вучні Ягоныя зрывалі каласы, выціскалі зярняты пукамі ды елі.
Некаторыя-ж з фарысэяў сказалі ім: на што робіце тое, чаго ня можна рабіць у суботу?
Некаторыя фарызэі наракалі на іх: "Што гэта робіце, што нельга ў шабат?!"
Ісус сказаў ім у адказ: ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захаце́ў е́сьці сам і быўшыя з ім?
А Езус адказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
як ён увайшоў у дом Божы, узяў хле́бы паложаныя, якіх ня можна было е́сьці ні кому, апрача сьвяшчэньнікаў, і е́ў, і даў быўшым з ім.
Як увайшоў у дом Божы і сам браў хлябы пакладныя — і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць ня належыцца іх есьці толькі самым сьвятарам".
І сказаў ім: Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і суботы.
Далей казаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Госпадам і шабату".
Здарылася-ж і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў школу і навучаць. Там быў чалаве́к, у якога правая рука была сухая.
У іншы шабат здарылася таксама. Езус увайшоў у сынагогу і навучаў. А быў там чалавек, які меў сухую правую руку.
Кніжнікі-ж і фарысэі сачылі Яго, ці не аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне проці Яго.
А вучоныя і фарызэі паглядалі на Яго, ці будзе таксама ў шабат аздараўляць, каб найсьці прычыну абвінаваціць Яго.
Але Ён, ве́даючы думкі іх, сказаў чалаве́ку з сухою рукой: устань і выступі насярэдзіну. І той устаў і выступіў.
Езус знаў іхнія думкі і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Падыміся і стань па сярэдзіне. І ён устаў падняўшыся.
Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? снасьці душу ці загубіць? Яны маўчалі.
Тады спытаўся ў іх Езус: "Пытаюся вас, ці нельга ў шабаты добра рабіць, ці можна блага, жыцьцё ўратаваць (спасьці) ці загубіць?"
І, паглядзе́ўшы на іх, сказаў таму чалаве́ку: выцягні руку тваю. Ён так і зрабіў: і сталася рука яго здаровая, як другая.
Ды глянуўшы вакруг на ўсіх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку сваю!" І ён выцягнуў і здаровай сталася рука ягоная.
Яны прыйшлі ў шал і гаварылі адзін да аднаго: што-б ім зрабіць з Ісусам?
Але яны, як шалёныя, радзіліся між сабой, што зрабіць з Езусам.
У тыя дні ўзыйшоў Ён па гару памаліцца і прабыў усю ноч на малітве да Бога.
Здарылася ў тыя дні, што Езус пайшоў на гару маліцца ды правёў усю ноч на маленьні Божым.
Калі-ж настаў дзе́нь, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі.
А панастаньні дня, пазваў вучняў сваіх ды выбраў спаміж іх Дванаццаць і назваў іх Апосталамі:
Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Якава і Іоана, Піліпа й Баўтраме́я,
Сымона, каторага пераназваў Пятром, Андрэя, брата Ягонага, Якуба і Яна і Баўтарамея,
Мацьве́я й Хаму, Якава Алфе́явага і Сымона, называнага Зілотам,
Матэвуша (Мацьвея) і Тамаша, Якуба Алфеявага, і Сымона, каторага завуць Руплівым,
Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы потым стаўся здраднікам.
Юду Якубавага ды Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.
І, зыйшоўшы з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы, і множства вучняў Яго і многа народу з усяе́ Юдэі і Ерузаліму і прыморскіх ме́сцаў Тырскіх і Сідонскіх,
А калі з імі сыйшоў і затрымаўся нараўніне разам з грамадой сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліму, спад мора, Тыру і Сыдону,
што папрыходзілі паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх, як і церпячыя муку ад нячыстых духаў; і здараве́лі.
ды тых, што прыбылі паслухаць навук і што былі аздароўлены з сваіх немашчаў. Таксама мучаны нячыстымі духамі былі аздароўлены.
І ўве́сь народ стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.
А ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла моц ды аздараўляла ўсіх.
І Ён, падняўшы вочы Свае́ на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Царства Божае.
У той час Езус зьвярнуўшы вочы на вучняў сваіх, казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашым Каралеўства Божае.
Шчасьлівыя галодныя цяпе́р, бо насы́ціцеся. Шчасьлівыя пла́чучыя цяпе́р, бо засьмяецёся.
Шчасьлівыя, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасьлівыя, што цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца,
Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі прагоняць вас і будуць зьневажа́ць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалаве́чага.
шчасьлівыя будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісьці, і калі вас адпіхнуць і праклінаць вас будуць і зьнеслаўляць імя вашае як ліхое дзеля Сына Чалавечага.
Радуйцеся ў той дзе́нь і весяліцеся, бо вялікая нагарода вам на нябёсах. Так паступалі з прарокамі айцы іх.
Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо заплата вашая шчодра ў небе.
Наадварот, гора вам, багатыры! бо вы ўжо дасталі сваю радасьць.
Але гора вам, багацеі, бо маеце пацяшэньне вашае.
Гора вам, перасычаныя цяпе́р, бо будзеце цярпе́ць голад. Гора вам, сьмяю́чыяся цяпе́р, бо запла́чаце й зарыдаеце.
Гора вам, каторыя цяпер у наддастатку — бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер сьмяіцёся, бо будзеце сумаваць і плакаць.
Гора вам, калі ўсе́ людзі будуць гаварыць аб вас добра. Бо гэтак паступалі з фальшывымі прарокамі бацькі іх.
Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць, бо так сама фальшывым прарокам рабілі бацькі іхнія.
Але вам, што слу́хаеце, кажу: любе́це ворагаў вашых, чыне́це дабро ненавідзячым вас.
Кажу вам, каторыя слухаеце: "Любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць.
Багасла́ўце праклінаючых вас і мале́цеся за крыўдзячых вас.
Спагадайце тым, што вас праклінаюць, а маліцеся за тых, што вас ачарняюць.
Удэ́рыўшаму цябе́ па шчацэ́ падстаў і другую; і адыма́ючаму ў цябе́ ве́рхнюю адзе́жу не перашкаджай узяць і кашулю.
А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другі. А таму, хто заграбае табе накідку (плашч), не забараняй і туніку.
Усякаму, хто просіць у цябе́, давай, і ад узяўшага тваё ня трэбуй назад.
Кожнаму, хто цябе просіць — дай, а хто табе забірае нешта тваё, не дамагайся звароту.
І як хо́чаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі.
А як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.
І, калі лю́біце лю́бячых вас, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі любячых іх любяць.
Калі любіце тых, што вас любяць, якая вам заплата? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць.
І калі робіце дабро тым, што вам робяць дабро, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі тое-ж робяць.
А калі б вы рабілі дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас заплата? Бо нават так грэшнікі робяць.
І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб дастаць назад гэтулькі-ж.
А калі пазычаеце тым, ад якіх спадзяіцёся звароту, дык якая ж для вас заплата? Так і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб зноў толькі было вернута.
Але вы любе́це во́рагаў вашых, і рабе́це дабро, і пазычайце, ня ждучы́ нічога; і будзе вам нагарода вялікая, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры і да няўдзячных і злосных.
Калі ж любіце непрыяцеляў вашых — добра ім робіце, і пазычаеце, нічога адтуль не спадзяючыся, а заплата ваша будзе вялікай і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і для неўдзячных і благіх.
Дык будзьце-ж міласэрныя, як і Ацец ваш міласэрны.
Будзьце ж тады міласэрныя, як і ваш Бацька міласэрны.
Не асуджайце, і ня будзеце асуджаны; дароўвайце, і вам дарована будзе;
Не судзіце і ня будзеце суджаны. Не асуджайце і ня будзеце асуджаны. Адпушчайце і вам будзе адпушчана.
давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, націсьненую, стрэсеную і з коптурам адсыплюць вам у лона вашае; бо якою ме́раю ме́раеце, такою-ж і вам адме́раецца.
Давайце і будзе вам дадзена, меркай добрай, поўнай, патрэсянай і набітаю дадуць вам за пазуху вашу. Бо такой самай меркай, каторай вы мераеце, будзе вам адмерана.
Сказаў такжа ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
Затым прывёў ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы весьці сьляпога? Ці не абое ўваляцца ў яму?
Вучань ня бывае вышэй за свайго вучыцеля, але кожны будзе даскана́лы, як вучыцель яго.
Вучань ня над вучыцеля, але кожны будзе дасканалы, як вучыцель ягоны.
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна́ ў тваім воку не адчуваеш?
Чаму відзеш затруску ў воку брата свайго, а ня відзіш белькі ў сваім воку.
Ці як можаш сказаць брату твайму: брат! дай, я выму сучок з вока твайго, — калі сам ня бачыш бервяна́ ў тваім воку? Крывадушны! вы́мі ране́й бервяно з твайго вока, тады ўбачыш, як выбраць сучок з вока брата твайго.
Або як можаш казаць брату твайму: Пазволь, браток, выняць затруску з твайго вока, а белькі, што ў тваім воку — ня бачыш? Крывадушніку, выкінь перш бельку з свайго вока, а затым праглянеш, каб выняць затруску з вока брата свайго.
Няма добрага дрэва, каторае прыно́сіла-б благі плод; і няма благога дрэва, каторае прыно́сіла-б плод добры.
Няма вось дрэва добрага, родзячага благія фрукты, ані благога дрэва, родзячага добрыя фрукты.
Бо ўсякае дрэва пазнае́цца па пло́дзе яго; бо ня зьбіраюць смокваў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з шыпшыньніка.
Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім фрукце. Таксама не сабіраюць фігаў з церняў або вінаграду з калючніку.
Добры чалаве́к з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а благі чалаве́к з благога скарбу сэрца свайго выносіць благое; бо ад перапо́ўненага сэрца гавораць вусны яго.
Добры чалавек дабывае з добрага скарбца сэрца свайго — дабро, а благі чалавек з ліхога скарбца сэрца свайго дабывае зло, ліхоцьце. Бо вусны гавораць са шчодрасьці сэрца.
Што завецё Мяне́: Госпадзе! Госпадзе! і ня робіце таго, што Я кажу?
Чаму прызываеце Мяне: "Госпадзе, Госпадзе!", а чаму не выконваеце (не спаўняеце) таго, што вам загадваю (кажу).
Усякі, прыходзячы да Мяне́ і слухаючы словы Мае́ і выпаўняючы іх, — скажу вам да каго падобны:
Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае навук Маіх і спаўняе, скажу вам, да каго ён падобны.
ён падобны да чалаве́ка, што, стаўляючы дом, капаў глы́бака й заклаў фундамант на ка́мені, дзеля чаго, калі зда́рыліся паводкі, і вада́ напе́рла на гэты дом, то не магла скрануць яго, бо ён быў заснаваны на ка́мені,
Падобны ён да чалавека, які будуе дом. Укапаўся глыбока і палажыў падмурак на скале. А калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не яна яго зварухнуць, бо быў ён пастроены на скале.
а хто слухае і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, паставіўшага дом на зямлі без падмуроўкі, які, калі напе́рла на яго вада́, ураз жа абваліўся; і разбурэньне яго было вялікае.
Але той, хто слухае але не выконвае, падобны да чалавека, які будуе свой дом на зямлі без падмурка, у яго націснула рака і зараз паваліўся. А падзеньне дому таго было страшнае (вялікае).