Лукаша 8 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І сталася пасьля, праходзіў Ён па ме́стах і сёлах, прапаве́дываючы і абвяшчаючы добрую ве́стку аб Царстве Божым, і з Ім дванаццацёра,
 
І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і апавяшчаючы добрую навіну (Евангелію) аб Божым Каралеўстве. І было з Ім Дванаццаць.

і некаторыя жанчыны, каторых Ён аздаравіў ад злых духаў і хвароб, — Марыя, называная Магдаліна, з якое выйшлі се́м чартоў,
 
Ды некалькі жанчын, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Мар'я звана Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў.

і Іоанна, жана́ Хузы, наглядчыка Ірадавага, і Сусанна, і многія другія, што служылі Яму з мае́масьці сваёй.
 
Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Гэрада, Зузанна поруч многа іншых, каторыя памагалі ім сваімі маёмасьцямі.

Калі-ж сабралося множства народу, і з усіх гарадоў жы́хары зыходзіліся да Яго, Ён пача́ў гаварыць прыпо́весьцю:
 
А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў да іх у прыповесьцях.

выйшаў сейбіт се́яць се́мя сваё; і, калі ён се́яў, іншае ўпала пры дарозе і было патаптана, і птушкі нябе́сныя паклявалі яго;
 
"Выбраўся сейбіт сеіць насеньне сваё. А калі сеіў, адно ўпала пры дарозе і было стоптана ды нябесныя птушкі зьдзюбалі іх.

а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня ме́ла вільгаці;
 
А другое пала на скалу і ўзыйшоўшы засохла, бо ня мела сырасьці (вільготы).

а іншае ўпала між цярнінаю, і вырасла цярніна і заглушыла яго;
 
Яшчэ іншае папала між церняў (калюшніку) і церні вырасшы разам з ім — заглушылі іх.

а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынясло плод стакро́тны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто ма́е вушы слухаць, няхай слухае.
 
Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і калі выраслі — далі плён у сто раз. Гэта разказваючы, усклікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".

Вучні-ж Яго спыталіся ў Яго: што-б значыла прыповесьць гэтая?
 
Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.

Ён сказаў: вам да́дзена знаць тайны Царства Божага, а для рэшты яны ў прыпо́весьцях, так што яны, бачучы ня бачуць і чуючы, не разуме́юць.
 
Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, — іншым жа праз прыповесьці, каб гледзячы ня відзілі ды слухаючы не разумелі" (Із 6:9).

Вось што́ значыць прыповесьць гэтая: се́мя ёсьць слова Божае.
 
А гэта такая прыповесьць: "Насеньнем — слова Божае.

А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, ды пасьля прыходзіць д’ябал і забірае слова з сэрца іх, каб не паве́рылі і не спасьліся;
 
Пры дарозе — тыя, што слухаюць, затым прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб уверыўшы — не былі збаўлены.

а на ка́мені гэта тыя, што, калі пачуюць слова, дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня́ і часова ве́раць, а ў час спакусы адпадаюць;
 
А што на скалу — гэтыя, што слухаюць ды з радасьцю прымаюць слова, але яны ня маюць карэньняў і вераць да часу, а ў час спакусы адпадаюць.

а што ўпала ў цярніну — гэта тыя, што слухаюць слова, але, адыходзячы, заглуша́юцца клапотамі, бага́цьцем і ўце́хамі жыцьцёвымі і не даюць плёну.
 
Каторая ж пала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць, але праз хлопаты і багацтвы ды раскошамі жыцьця задушаны (заглушаны) не прыносяць пладоў.

А ўпаўшае на добрую зямлю — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
 
Што ў добрую зямлю — гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады праз стойкасьць, цярплівасьць.

Ніхто, запаліўшы сьве́чку, не прыкрывае яе́ судзінаю, або не стаўляе пад ложак, але ставіць на ліхтар, каб, уваходзячы, бачылі сьвятло́,
 
Ніхто запаліўшы сьвечку не хавае пад пасуду або пад ложак, але памяшчае на падсьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.

бо няма нічога тайнага, што-б ня выявілася, ні ўкрытага, што ня сталася-б вядомым і ня выйшла-б наве́рх.
 
Няма бо нічога тайнага (схаванага), што не было б выяўлена, ані схаванага — каб ня ведалі, каб ня выйшла на яў.

Глядзіце-ж, як вы слу́хаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто ня ма́е, у таго адымецца й тое, што ён думае ме́ць.
 
Глядзіце тады, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца мае, будзе аднята ад яго".

І прыйшлі да Яго маці і браты Яго і не маглі падыйсьці да Яго з прычыны народу.
 
Аднойчы прыйшлі да Яго маці, браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.

І далі знаць Яму: маці і браты Тваі стаяць вонках, хо́чучы бачыць Цябе́.
 
Паведамілі Яму: "Маці Твая, і браты Твае стаяць перад домам, хочуць Цябе пабачыць".

Ён сказаў ім у адказ: маці мая́ і браты мае́ — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выпаўняюць яго.
 
А Езус адказаў ім: "Маці мая і браты мае гэта тыя, што слухаюць слова Божае ды спаўняюць яго".

І сталася, аднаго дня Ён увайшоў з вучнямі Сваімі ў човен і сказаў ім: пераплыве́м па той бок возера. І паплылі.
 
Здарылася, аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера. Ды адправіліся.

Калі-ж яны плылі, Ён заснуў. На возеры падняўся бурны ве́цер, і залівала іх хва́лямі, і яны былі ў небясьпе́цы.
 
У час пераправы — Езус задрамаў. А надыйшоў гураган (вятруга) на возера. Іх хвалі залівалі, апынуліся ў небясьпецы.

І, падыйшоўшы, збудзілі Яго ды сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем. Але Ён, устаўшы, закрычэу ве́тру і хваляваньню вады; і спыніліся, і ста́лася ціша.
 
Дык падыйшлі і разбудзілі Яго кажучы: "Вучыцелю — гінем!" А Езус устаў і загадаў віхру і навальніцы спыніцца, ды яны спыніліся і настала цішыня.

Тады Ён сказаў ім: дзе́ ве́ра ваша? Яны-ж у страху і задзіўле́ньні гаварылі адзін аднаму: Хто ж гэта, што ве́трам загадвае і вадзе́, і слухаюцца Яго?
 
Езус сказаў ім: "А дзе ваша вера?" Яны ж напалоханы гаварылі зьдзіўлены адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае і яны Яго слухаюць?"

І прыплылі ў старану Гадарынскую, што насу́праць Галіле́і.
 
Затым паплылі ў мясцовасьць Гэргэзэнаў, што напроціў Галілеі.

Калі-ж выйшаў Ён на бе́раг, спаткаў Яго адзін чалаве́к з ме́ста, які ме́ў чарто́ў з даўных часоў і хадзіў не адзе́ўшыся, і жыў ня ў доме, але ў магілах.
 
А калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны д'яблам ад даўжэйшага часу. Не надзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў грабах.

Ён, угле́дзіўшы Ісуса, закрычэўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Малю Цябе́, ня муч мяне́.
 
Ён убачыўшы Езуса ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".

Бо Ісус сказаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалаве́ка; бо ён доўгі час мучыў яго, так што яго вязалі ланцугамі й сьцераглі яго, але ён разрываў ланцугі, і нячысты гнаў яго ў пустыні.
 
Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо ўжо ад даўжэйшага часу валадаў ім. І хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і гнаўся шатанам у пустыню.

Ісус спытаўся ў яго: як тваё імя? Ён сказаў: легіён; бо многа чартоў увайшло ў яго.
 
Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа д'яблаў у яго ўвайшло.

І прасілі Яго, каб не вяле́ў ім ісьці ў бяздоньне.
 
Прасілі яны каб не загадваў ім ісьці ў бездань. А там нагары пасьвілася многа сьвіней.

Тут жа на гарэ пасьвіўся вялікі гурт сьвіне́й; і чарты́ прасілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх. Ён дазволіў ім.
 
Дык прасіліся Яго, каб пазволіў ім ўвайсьці ў іх. Пазволіў ім.

Чарты́, выйшаўшы з чалаве́ка, увайшлі ў сьвіне́й.
 
Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней. А стада рынулася са стромага берагу ў мора і патанула.

І кінуўся гурт з кру́чы ў мора, і ўтануў. Пастухі, бачучы, што́ ста́лася, пабе́глі ды расказалі ў ме́сьце і сёлах.
 
Бачачы гэта пастухі, што здарылася — уцяклі і разказалі гэта ў горадзе і ў вёсках.

І выйшлі бачыць стаўшаеся; і, прыйшоўшы да Ісуса, знайшлі чалаве́ка, з каторага выйшлі чарты́, се́дзячы ля ног Ісусавых, адзе́тага і пры розуме; і перепалохаліся.
 
Дык выйшлі паглядзець, што сталася. А затым прыйшлі да Езуса, і ўвідзелі, што чалавек з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса. Дык апанаваў іх страх.

А бачыўшыя расказалі ім, як спасён быў апанаваны чарта́мі.
 
А тыя, што бачылі, разказалі ім, як чалавек быў аздорыўлены ад дэманаў.

І прасіў Яго ўве́сь народ Гадарынскае краіны пайсьці ад іх, бо іх зьняў вялікі страх. Ён увайшоў у човен і вярнуўся.
 
Дык увесь народ мясцовасьці Гэргэзэнаў прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.

А чалаве́к, з якога выйшлі чарты́, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Ісус адправіў яго, сказаўшы:
 
А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:

вярніся ў дом твой і раскажы, што ўчыніў табе́ Бог. Ён пайшоў і наказваў па ўсім ме́сьце, што ўчыніў яму Ісус.
 
"Вярніся дамоў і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе. І ён пайшоў, разказваючы па ўсім горадзе, як вялікія рэчы Езус учыніў яму.

Калі-ж вярнуўся Ісус, народ прыняў Яго, бо ўсе́ чакалі Яго.
 
Калі Езус вярнуўся пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.

І вось прыйшоў чалаве́к, імем Яір (а быў ён начальнікам школы); і, упаўшы да ног Ісусавых, прасіў Яго ўвайсьці ў дом яго,
 
Якраз явіўся чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі. Ён паў да ног Езуса і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,

бо ў яго была адзіная дачка́, гадоў дванаццацёх, і тая была пры сьме́рці. Калі-ж Ён ішоў, народ ціснуўся да Яго.
 
бо ўмірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаць гадоў. Калі Езус ішоў, а грамады націскалі на Яго,

І адна жанчына, што мучылася ад крываце́чы дванаццаць гадоў і аддала на ле́караў усю мае́масьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць яе́,
 
здарылася, што адна жанчына, маючая ад дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечана,

падыйшоўшы ззаду, дакрану́лася да краю вопраткі Яго; і той час крываце́ча ў яе́ спынілася.
 
падыйшла ззаду да Езуса і дакранулася краю шаты Яго і ў той час спынілася цячэньне крыві.

І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне́? Калі-ж усе́ адпіраліся, Пётр і быўшыя з Ім сказалі: Настаўнік! народ акружае Цябе́ ды націскае, і Ты кажаш: хто дакрануўся да Мяне́?
 
Спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётр і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: "Хто дакрануўся да Мяне?"

Але Ісус сказаў: не́хта дакрануўся да Мяне́, бо Я адчуваю сілу, што выйшла з Мяне́.
 
Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".

Жанчына-ж, бачучы, што яна ня ўто́іцца, дрыжучы, падыйшла і, упаўшы перад Ім, аб’явіла Яму перад усім народам, з якое прычыны дакрану́лася да Яго, і як тады-ж паздараве́ла.
 
А жанчына відзечы, што яна не ўтаілася, падыйшла дрыжучы і пала да ног Езусу. І перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.

Ён сказаў ёй: бадрыся, дачка́! ве́ра твая спасла́ цябе́; ідзі з мірам.
 
А Езус сказаў ёй: "Дочка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакою".

Калі Ён яшчэ гаварыў гэтае, прыходзіць не́хта з дому начальніка школы і кажа ім: дачка́ твая паме́рла; ня турбуй Вучыцеля.
 
Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць да начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памярла не фатыгуй Яго.

Але Ісус, пачуўшы гэтае, сказаў яму: ня бойся, толькі ве́р, і спасёна будзе.
 
Але Езус пачуўшы гэта, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, вер толькі, а будзе яна аздароўлена".

Прыйшоўшы-ж у дом, не дазволіў увайсьці нікому апрача Пятра, Іоана і Якава, і бацькі ды маткі дзяўчыны.
 
І калі Езус прыбыў у дом, не пазволіў нікому ўвайсьці з Сабой, адно Пятру, Якубу і Яну разам з бацькам і маткаю дзіцяці.

Усе́ плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; яна не паме́рла, але сьпіць.
 
Усе плакалі і шкадавалі яе. А Езус сказаў: "Ня плачце, не памярла дзяўчынка, але сьпіць".

І сьмяяліся з Яго, ве́даючы, што яна паме́рла.
 
Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памярла.

Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе́ за руку, клікнуў, кажучы: дзяўчына, устань!
 
А Ён ўзяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"

І вярнуўся дух яе́; і ўраз жа ўстала; і Ён вяле́ў даць ёй е́сьці.
 
І вярнуўся ў яе дух і яна зараз устала. Загадаў даць ёй есьці.

І зьдзівіліся бацькí яе́. Ён жа вяле́ў ім не гаварыць нікому аб тым, што́ сталася.
 
Дык зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.