Лукаша 4 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;
 
Езус поўны Духа Сьвятога вярнуўся спад Ярдану (ад) і быў Духам заведзены ў пустыню, —

там сорак дзён Ён быў спакуша́ны ад д’ябла й нічога ня е́ў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;
 
на сорак дзён і быў там спакушаны дыяблам. Ды ня еў у тыя анічога. А калі скончыліся тыя, захацеў есьці.

і сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.
 
Сказаў Яму д'ябал: "Калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам".

Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазаконьне 8:3).
 
Адказаў яму Езус: "Не адно хлебам жыве чалавек".

І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,
 
Затым падняў Яго на адзін мамэнт (хвіліну) і паказаў Яму ўсе каралеўствы сьвету,

і сказаў Яму д’ябал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна адда́на мне́, і я, каму хачу, даю яе́.
 
ды сказаў Езусу д'ябал: "Дам Табе ўладу (валадаць) над сусьветам і іх славу, бо мне гэта дадзена: каму хачу, таму даю яе.

Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Тваё.
 
Дык калі Ты паклонішся перада мной — усё будзе Тваё".

Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шата́н; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
 
У адказ сказаў яму Езус: "Напісана: "Госпаду Богу Твайму будзеш кланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш" (Паўт. 6:13).

І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
 
Затым завёў Яго д'ябал у Ерузалім і паставіў на верху сьвятыні і сказаў Езусу: "Калі ты Сын Божы, дык кінься ў ніз".

бо напісана: Ангелам сваім нака́жа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе́;
 
Бо напісана: "Ён загадае анёлам адносна — Цябе, берагчы Цябе",

і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да ка́меня нагою Тваёю (Псальм 90:11−12).
 
ды: "Каб на руках несьлі б Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй (Пс. 90:11−12).

Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
 
Адказаў яму Езус: Сказана: "Не спакушай Госпада Бога Твайго" (Паўт. 6:16).

І, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.
 
А калі скончыў шатан усе спакушэньні, адступіўся ад Яго да часу.

І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане́.
 
Затым у моцы Духа вярнуўся Езус у Галілею, і вестка пра Яго разнеслася па ўсёй краіне.

І вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў сла́ўлены.
 
А Езус вучыў іх у сынагогах, праслаўляны ўсімі.

І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхава́ны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць.
 
Потым накіраваўся ў Назарэт, дзе быў узгадаваны і па сваім звычаю ў Шабат увайшоў у сынагогу, падняўся чытаць.

І падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў ме́сца, дзе́ было напісана:
 
Падалі Яму кнігу Ізаія прарока. А калі развярнуў скутак — кнігу, натрапіў на месца, дзе было напісана:

Дух Гасподні на Мне́: бо Ён памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю
 
"Дух Госпадаў нада Мною і таму Мяне намасьціў, каб вясьціў Эвангелію ўбогім. Паслаў Мяне вясьціць свабоду вязьням, а сьляпым зрок, аздараўляць разжаленых (каючыхся) у сэрцы.

і абвяшчаць год Гасподні прые́мны (Ісая 61:1−2).
 
Вясьціць год спагадлівасьці Госпада".

І, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.
 
Потым закрыў кнігу, аддаў прыслузе і сеў. А вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.

І Ён начаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
 
Ён пачаў тады гаварыць ім: "Сёньня споўніліся толькі што вамі чутыя словы сьв. Пісаньня".

І ўсе́ засьве́дчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
 
Усе прытаківалі Яму ды дзівіліся чароўнасьці слоў выплываючых з Ягоных вуснаў. Казалі: "Ці ж гэта ня сын Язэпаў?"

Ён сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.
 
А Ён сказаў ім: "Хіба скажаце Мне гэну пагаворку: "Лекару, вылечы самога сябе". Як чулі — вялікія рэчы ўчыніў Ты ў Кафарнаўме — учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй".

І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў ба́цькаўшчыне сваёй.
 
Сказаў Езус: "Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок ня міла бачаны ў сваёй бацькаўшчыне.

Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсей зямлі;
 
Сапраўды кажу вам, што хоць многа ўдоў было ў Ізраеля ў пару Гальяша, калі неба было замкнута на тры гады і шэсьць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі,

і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
 
то да ніводнай з удоваў ня быў пасланы Гальяш, а адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідону.

Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэема́на Сірыйца.
 
Таксама было многа пракажоных у Ізраеля за Элізэя Прарока, але ніводзін з іх ня быў ачышчаны, адно Ноаман сырыец.

Пачуўшы гэтае, усе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
 
Чуючы гэта ўсе ў сынагозе закіпелі злосьцю.

і, устаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.
 
Яны паўскаквалі і выцягнулі Яго за горад, ды ўзьвялі на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб спіхнуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
 
Але Ён прайшоў між іх і ўдаліўся.

І прыйшоў у Канэрнаум, места Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.
 
Затым направіўся Езус у Галілейскі горад Кафарнаўм, і там навучаў у Шабаты.

І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
 
А ўсе дзівіліся з навукі Ягонай ды мова Яго валадарная.

І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа шатанскага і ён зае́нчыў моцным голасам:
 
У той час быў у сынагозе чалавек апанаваны нячыстым. Ён крычаў моцным голасам:

Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назара́нін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты Божы.
 
"Што, што Табе да нас — Езусе з Назарэту. Прыйшоў губіць нас! Знаю Цябе, ведаю, Хто Ты — Ты Сьвяты Божы.

Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
 
Але Езус прыгразіў яму, загадваючы: "Замаўчы, ды выйдзі з яго". А шатан кінуўшы яго на сярэдзіну — выйшаў з яго, ня шкодзячы яму.

І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыка́звае нячыстым духам, і яны выходзяць?
 
Таму паў страх на ўсіх. Яны зварачаліся адзін да аднаго кажучы: "Што гэта за слова, што мае ўладу і сілу загадваць духам нячыстым, а тыя ўступаюць".

І разьне́слася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцо́х.
 
І так слава аб Ім разыходзілася па ўсіх мясцовасьцях кругом.

Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; це́шча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.
 
Выйшаўшы Езус з сынагогі пайшоў у дом Сымона. А цёшча Сымона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі аздаравіць яе.

І, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
 
Езус стаўшы пры ёй спыніў гарачку і яна пакінула яе. І яна зараз жа падняўшыся паслугавала ім.

Пры за́хадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
 
А па захадзе сонца ўсе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі да Яго. А Ён клаў рукі на кожнага ды аздараўляў іх.

Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ён Хрыстос.
 
З многіх выходзілі таксама дэманы з крыкам: "Ты — Сын Божы". Але Езус пагражаючы ім, не пазваляў гэтага казаць, бо яны ведалі, што Ён — Хрыстус.

Калі-ж настаў дзе́нь, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́сца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
 
А калі настаў дзень, Езус выйшаў і падаўся на пустыннае месца. Натоўп аднак шукаў Яго і прыйшоў да Яго, стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.

Але Ён сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.
 
Ды Ён сказаў ім: "Трэба, каб Я іншым гарадам вясьціў Каралеўства Божае, бо Я на гэта пасланы".

І навучаў у школах Галіле́йскіх.
 
І далей навучаў у сынагогах Галілеі.