Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Лукаша 4 Паводле Лукаша 4 разьдзел

1 Езус поўны Духа Сьвятога вярнуўся спад Ярдану (ад) і быў Духам заведзены ў пустыню, —
2 на сорак дзён і быў там спакушаны дыяблам. Ды ня еў у тыя анічога. А калі скончыліся тыя, захацеў есьці.
3 Сказаў Яму д'ябал: "Калі Ты Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам".
4 Адказаў яму Езус: "Не адно хлебам жыве чалавек".
5 Затым падняў Яго на адзін мамэнт (хвіліну) і паказаў Яму ўсе каралеўствы сьвету,
6 ды сказаў Езусу д'ябал: "Дам Табе ўладу (валадаць) над сусьветам і іх славу, бо мне гэта дадзена: каму хачу, таму даю яе.
7 Дык калі Ты паклонішся перада мной — усё будзе Тваё".
8 У адказ сказаў яму Езус: "Напісана: "Госпаду Богу Твайму будзеш кланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш" (Паўт. 6:13).
9 Затым завёў Яго д'ябал у Ерузалім і паставіў на верху сьвятыні і сказаў Езусу: "Калі ты Сын Божы, дык кінься ў ніз".
10 Бо напісана: "Ён загадае анёлам адносна — Цябе, берагчы Цябе",
11 ды: "Каб на руках несьлі б Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі Сваёй (Пс. 90:11−12).
12 Адказаў яму Езус: Сказана: "Не спакушай Госпада Бога Твайго" (Паўт. 6:16).
13 А калі скончыў шатан усе спакушэньні, адступіўся ад Яго да часу.
14 Затым у моцы Духа вярнуўся Езус у Галілею, і вестка пра Яго разнеслася па ўсёй краіне.
15 А Езус вучыў іх у сынагогах, праслаўляны ўсімі.
16 Потым накіраваўся ў Назарэт, дзе быў узгадаваны і па сваім звычаю ў Шабат увайшоў у сынагогу, падняўся чытаць.
17 Падалі Яму кнігу Ізаія прарока. А калі развярнуў скутак — кнігу, натрапіў на месца, дзе было напісана:
18 "Дух Госпадаў нада Мною і таму Мяне намасьціў, каб вясьціў Эвангелію ўбогім. Паслаў Мяне вясьціць свабоду вязьням, а сьляпым зрок, аздараўляць разжаленых (каючыхся) у сэрцы.
19 Вясьціць год спагадлівасьці Госпада".
20 Потым закрыў кнігу, аддаў прыслузе і сеў. А вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.
21 Ён пачаў тады гаварыць ім: "Сёньня споўніліся толькі што вамі чутыя словы сьв. Пісаньня".
22 Усе прытаківалі Яму ды дзівіліся чароўнасьці слоў выплываючых з Ягоных вуснаў. Казалі: "Ці ж гэта ня сын Язэпаў?"
23 А Ён сказаў ім: "Хіба скажаце Мне гэну пагаворку: "Лекару, вылечы самога сябе". Як чулі — вялікія рэчы ўчыніў Ты ў Кафарнаўме — учыні і тут, у бацькаўшчыне Сваёй".
24 Сказаў Езус: "Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок ня міла бачаны ў сваёй бацькаўшчыне.
25 Сапраўды кажу вам, што хоць многа ўдоў было ў Ізраеля ў пару Гальяша, калі неба было замкнута на тры гады і шэсьць месяцаў ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі,
26 то да ніводнай з удоваў ня быў пасланы Гальяш, а адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідону.
27 Таксама было многа пракажоных у Ізраеля за Элізэя Прарока, але ніводзін з іх ня быў ачышчаны, адно Ноаман сырыец.
28 Чуючы гэта ўсе ў сынагозе закіпелі злосьцю.
29 Яны паўскаквалі і выцягнулі Яго за горад, ды ўзьвялі на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб спіхнуць Яго.
30 Але Ён прайшоў між іх і ўдаліўся.
31 Затым направіўся Езус у Галілейскі горад Кафарнаўм, і там навучаў у Шабаты.
32 А ўсе дзівіліся з навукі Ягонай ды мова Яго валадарная.
33 У той час быў у сынагозе чалавек апанаваны нячыстым. Ён крычаў моцным голасам:
34 "Што, што Табе да нас — Езусе з Назарэту. Прыйшоў губіць нас! Знаю Цябе, ведаю, Хто Ты — Ты Сьвяты Божы.
35 Але Езус прыгразіў яму, загадваючы: "Замаўчы, ды выйдзі з яго". А шатан кінуўшы яго на сярэдзіну — выйшаў з яго, ня шкодзячы яму.
36 Таму паў страх на ўсіх. Яны зварачаліся адзін да аднаго кажучы: "Што гэта за слова, што мае ўладу і сілу загадваць духам нячыстым, а тыя ўступаюць".
37 І так слава аб Ім разыходзілася па ўсіх мясцовасьцях кругом.
38 Выйшаўшы Езус з сынагогі пайшоў у дом Сымона. А цёшча Сымона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі аздаравіць яе.
39 Езус стаўшы пры ёй спыніў гарачку і яна пакінула яе. І яна зараз жа падняўшыся паслугавала ім.
40 А па захадзе сонца ўсе, што мелі хворых на ўсякія немачы, прыводзілі да Яго. А Ён клаў рукі на кожнага ды аздараўляў іх.
41 З многіх выходзілі таксама дэманы з крыкам: "Ты — Сын Божы". Але Езус пагражаючы ім, не пазваляў гэтага казаць, бо яны ведалі, што Ён — Хрыстус.
42 А калі настаў дзень, Езус выйшаў і падаўся на пустыннае месца. Натоўп аднак шукаў Яго і прыйшоў да Яго, стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.
43 Ды Ён сказаў ім: "Трэба, каб Я іншым гарадам вясьціў Каралеўства Божае, бо Я на гэта пасланы".
44 І далей навучаў у сынагогах Галілеі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Лукаша, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.