1 Аднойчы сказаў Езус вучням сваім: "Немагчыма, каб не былі згаршэньні, але бяда тому праз каго яны прыходзяць.
2 Лепш было б яму, каб завесіць яму камень млынавы на шыю ды ўкінуць яго ў мора, чым меў бы ён згоршыць аднаго з маленькіх.
3 Глядзіце! Калі брат саграшыў проціў цябе, упомні яго, а калі пакаіўся, даруй яму.
4 Калі б сем раз на дзень саграшыў супроць цябе і сем раз звярнуўся да цябе, кажучы: каюся за гэта, даруй яму.
5 Дык сказалі Апосталы Госпаду: "Павяліч нам веру".
6 А Госпад сказаў: "Калі б вы мелі веру хоць як зярнётка гарчыцы, дык сказалі б гэтаму морвы: вырвіся з корэням і перасадзіся ў мора, і яно паслухала б вас.
7 А хто з вас, маючага слугу ратая (аратага) або пастуха, калі ён вернецца з поля, скажа яму: "Хадзі сядзь за стол".
8 А ці ня скажа: "Прыгатуй мне вячэру, або падперажыся ды паслугуй мне, пакуль не наемся і не нап'юся, а потым ты будзеш есьці і піць.
9 Ці ён дзякуе слузе таму, што ён зрабіў тое, што яму загадаў?
10 Ня думаю. Так і вы: калі споўнілі ўсё, што вам загадана, кажыце: "Слугі мы не зарадныя, што павінны былі зрабіць — зрабілі".
11 Аднойчы ідучы ў Ерузалім, праходзіў сярэдзінай Самарыі і Галілеі.
12 А калі ўваходзіў у адно пасяленьне, пераняло Яго дзесяць чалавек пракажонных. Яны сталі здалёку
13 і крычалі ў голас: "Езусе, Вучыцелю, пашкадуй нас!"
14 Езус убачыўшы іх, сказаў: "Ідзіце, пакажыцеся сьвятарам. І калі яны ішлі, сталася, што былі ачышчаныя.
15 Адзін жа з іх, як аглядзеўся, што быў ачышчаны, вярнуўся і моцным голасам славячы Бога
16 паў на твар ля ног Езуса, дзякуючы. А быў ён самаранін.
17 А Езус сказаў: "Ці ня дзесяць было ачышчаных?А дзе дзевяць?
18 Не знайшоўшыся з іх ніхто, хто б вярнуўся і славіў Бога, акрамя гэтага чужынца.
19 Затым сказаў яму: " Устань, ідзі, бо вера твая, аздаравіла цябе."
20 Запытаны фарызэямі, калі надыйдзе Каралеўства Божае, у адказ сказаў ім: Каралеўства Божае ня прыйдзе відавочна.
21 І ня скажуць: " Во тут або там. Бо Каралеўства Божае ў вас.
22 Затым сказаў вучням сваім: "Прыйдуць дні, калі вы будзеце прагнуць відзець адзін дзень Сына Чалавечага і не ўвідзеце.
23 Скажуць вам: "Вось тут" або "Вось там" не ідзіце і не шукайце.
24 Бо як маланка зазьзяе спад неба і асьвеціць тое, што пад небам, так Сын Чалавечы у Свой дзень.
25 Але трэба, каб перш многа перацярпеў ды быў адкінутым праз гэта пакаленьне (род).
26 Як дзеілася ў дні Ноя, так будзе ў днях Сына Чалавечага.
27 Будзе есьці і піць, жаніцца і замуж выдаваць аж да дня, калі Ной увайшоў у Арку. Затым прыйшоў патоп і выгубіў усіх.
28 Падобна як рабілася ў дні Лёта: елі і пілі, куплялі і прадавалі, садзілі і будавалі.
29 Аж да дня, калі Лёт выйшаў з Садомы, спаў з неба, як дождж, агонь серкавы і выгубіў усіх.
30 Так будзе таксама ў дзень, калі Сын Чалавечы аб'явіцца.
31 А хто б у тую пару быў на даху, а прылады яго дома, хай не сыходзіць, каб іх забраць. А хто на полі, хай таксама не вяртаецца.
32 Помніце на жану Лёта.
33 Калі б хто стараўся жыцьцё сваё зьберагчы, загубіць яго, а хто загубіў, сышчыць яго.
34 Кажу вам, у тую ноч будзе двух на адным ложку, адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты.
35 Дзьве будуць малоць разам, адна будзе ўзята, а другая застанецца; двух будзе на полі, адзін узяты, другі застанецца.
36 А яны запыталіся ў Яго: "Дзе Госпадзе?" А Ён адказаў ім:
37 "Дзе будзе цела, там і арлы сабяруцца".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Эвангельле паводле Лукаша, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
