Лукаша 23 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
І падняла́ся ўся грамада́ іх, і павялі Яго да Пілата,
Паднялося ўсё іхняе зборышча і завялі Яго да Пілата.
і пачалі абвінавачываць Яго, кажучы: Яго знайшлі мы, што псуе народ наш і забараняе плаціць падатак ке́сару, называючы Сябе́ Хрыстом-Царом.
І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы ўстанавілі, што Ён бунтуе наш народ і бароніць плаціць падаткі Цэзару, Ён цьвярдзіць, што Ён Хрыстус Кароль."
Пілат спытаўся ў Яго: Ты цар Юдэйскі? Ён сказаў яму ў адказ: ты ка́жаш.
Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Сам гэта кажаш?"
Пілат сказаў архірэям і народу: я не знаходжу ніякае віны ў гэтым Чалаве́ку.
Затым Пілат сказаў архісьвятарам і людзям: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку."
Але яны наста́йвалі, кажучы, што Ён бунтуе народ, ву́чачы па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галіле́і да гэтага ме́сца.
Але яны настаівалі, кажучы: "Бунтуе народ, вучучы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж сюды".
Пілат, пачуўшы пра Галіле́ю, спытаўся: ці-ж Ён Галіле́янін?
А Пілат пачуўшы аб Галілеі спытаўся: "Ці гэты чалавек Галілеец?"
І, даве́даўшыся, што Ён з краіны Ірадавай, паслаў Яго да Ірада, які ў тыя дні быў таксама ў Ерузаліме.
А калі даведаўся, што Ён быў спад улады Герада, адаслаў Яго да Гэрада, які ў той час прабываў у Ерузаліме.
Ірад, угле́дзіўшы Ісуса, ве́льмі ўце́шыўся, бо даўно жадаў бачыць Яго, бо шмат чуў аб Ім і спадзяваўся, што Ён учыніць не́йкае знаме́ньне.
Гэрад убачыўшы Езуса надта абрадаваўся, бо прагнуў даўно ўвідзець Езуса, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які цуд Ім зроблены.
І пытаўся ў Яго многімі словамі, але Ён нічога не адказаў яму.
Дык ставіў Яму многа пытаньняў, але Езус яму нічога не адказаў.
Архірэі-ж і кніжнікі стаялі, заўзята абвінава́чываючы Яго.
А архісьвятары і вучоныя ўсяк Яго вінавацілі.
Ірад жа з жаўне́рамі сваімі, зьняважыўшы Яго і насьмяяўшыся над Ім, адзе́ў Яго ў сьве́тлую вопратку і адаслаў назад да Пілата.
Таму Гэрад узгардзіў Ім разам з сваім войскам. Наругаўся з Яго ды адзеўшы ў белую шату адправіў да Пілата.
І сталіся ў той дзе́нь Пілат і Ірад пры́яцелямі сабе́, бо ране́й былі ў не́прыязьні між сабою.
Такім чынам у той дзень Гэрад і Пілат сталіся прыяцелямі, бо перад тым былі ворагамі сабе.
Пілат жа, склікаўшы архірэяў ды начальнікаў і народ,
Затым Пілат пазваўшы архісьвятараў, начальнікаў і народ
сказаў ім: вы прывялі да мяне́ чалаве́ка гэтага, які псуе народ; і вось я, пры вас пытаючы, не знайшоў чалаве́ка гэтага вінаватым ні ў чым тым, у чым вы абвінава́чваеце Яго;
сказаў ім: "Выдалі вы гэтага чалавека быццам бунтуючага народ, а вось разпытваючыся ў вашай прысутнасьці не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вінаваціце Яго.
і Ірад таксама, бо я яму пасылаў Яго, і нічога ня знойдзена ў Ім, дастойнага сьме́рці;
Таксама і Гэрад, бо я да яго адправіў — і там яму не даказана вартага сьмерці".
дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
Таму ўкараўшы Яго, выпушчу.
Яму-ж трэба было дзеля сьвята звольніць ім аднаго вязьня.
А на сьята мусіў ім некага ўласкавіць.
Але ўве́сь народ пачаў крычаць: Вазьмі Яго! адпусьці нам Варавву!
Дык усё зборышча супольна закрычала: "Сьмерць Яму, а выпусьці Барабу".
Варавва быў паса́джаны ў вязьніцу за паднятае ім у ме́сьце паўстаньне і забойства.
А той быў пасаджаны ў вязьніцу за заварушэньне ў горадзе і за забойства.
Пілат ізноў прамовіў, хочучы адпусьціць Ісуса.
Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса.
Але яны крычалі: распні, распні Яго!
Але яны крычалі: "Укрыжуй Яго, укрыжуй Яго!"
Ён трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ўчынíў Ён? Нічога, заслугоўваючага сьме́рці, я не знайшоў у Ім; дык вось, пакараўшы Яго, звольню.
Але ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, пакараю Яго і выпушчу".
Але яны дале́й з вялікім крыкам дамагаліся, каб Яго ўкрыжавалі. І перамог крык іх і архірэяў.
Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны. Дый узрастаў іх гармідар.
І Пілат прысудзіў, каб ста́лася па просьбе іх.
Дык тады Пілат рашыўся споўніць іхнія трэбаваньні.
І звольніў ім паса́джанага за бунт і забойства ў вязьніцу, каго яны прасілі, а Ісуса выдаў на іх волю.
Адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.
І, як вялі Яго, то, узяўшы не́йкага Сымона Кірэнэйца, што йшоў з поля, узвалілі на яго крыж, каб нёс за Ісусам.
А калі Езуса вялі, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі. Усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.
І йшло за Ім вялікае множства народу і жанчын, якія плакалі й галасілі па Ім.
Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчын, каторыя плакалі і наракалі.
Ісус жа, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: дочкі Ерузалімскія! ня пла́чце па Мне́, але пла́чце па сабе́ і па дзе́цях вашых;
А Езус адвярнуўшыся да іх сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але самі дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.
бо падыхо́дзяць дні, калі скажуць: шчасьлівыя няплодныя і чэравы, што не раджалі, і грудзі, што не кармілі.
Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, што ня ссалі.
Тады пачнуць гаварыць го́рам: «упадзіце на нас», і ўзго́ркам: «пакрыйце нас!»
Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас; і ўзгоркам: схавайце нас".
бо калі зялёнаму дрэву гэтае робяць, то з сухім што́ ста́нецца?
Бо калі гэта робяць з зялённым дрэвам, што станецца з сухім?"
Вялі з Ім на сьме́рць і двох ліхадзе́яў.
Вялі з Ім таксама двух іншых злачынцаў на пакараньне сьмерцю.
І, калі прыйшлі на ме́сца, называнае Чараповае, там укрыжавалі Яго й ліхадзе́яў, аднаго па правы, а другога па ле́вы бок.
А калі прыбылі на месца, званае Кальварыя, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай старане (боку).
Ісус жа сказаў: Аце́ц, даруй ім, бо ня ве́даюць, што робяць. І дзялілі адзе́жы Яго, кідаючы жэрабе.
Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. Ды дзелячыся Яго адзеньнем, кінулі жэрабя.
І стаяў народ і глядзе́ў. Насьмяхаліся-ж разам з імі й нача́льнікі, ка́жучы: другіх спаса́ў, няхай жа Сябе́ Самога спасе́, калі Ён Хрыстос, выбра́нец Божы.
А народ стаяў прыглядаючыся. Наругаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай жа і сябе паратуе, калі Ён Хрыстус, выбраньнік Божы".
Таксама й жаўне́ры ла́ялі Яго, падыхо́дзячы й падносячы воцат,
Таксама і жаўнеры (ваякі) наругаліся з Езуса падыходзячы і падаючы Яму воцат
і казалі: калі Ты Цар Юдэйскі, спасі Сябе́ Самога.
і кажучы: "Калі Ты кароль Юдэйскі, ратуй самога сябе!"
І быў над Ім надпіс, напісаны сло́вамі грэцкімі, рымскімі й жыдоўскімі: гэты ёсьць Цар Юдэйскі.
Над Ім была надпісь: "Гэта кароль Юдэйскі".
Адзін з паве́шаных ліхадзе́яў зьняважа́ў Яго, кажучы: калі Ты Хрыстос, спасі Сябе́ і нас.
А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў Яму, кажучы: "Калі Ты Хрыстус, уратуй (спасі) самога сябе і нас".
Другі-ж, наадварот, сунімаў Яго ды гаварыў: ці-ж ты не баішся Бога, калі й сам засуджаны на тое-ж?
А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць цярпіш тую самую кару".
І мы засуджаны справядліва, бо мы дасталі тое, чаго варты нашы ўчынкі; а Ён нічога благога не зрабіў.
Мы то справядліва на належную кару заслужылі, а Ён нічога благога не зрабіў".
І сказаў Ісусу: успо́мні аба мне́, Госпадзе, калі прыйдзеш у Царства Тваё!
Ды казаў Езусу: "Госпадзе, прыпомні мяне, калі прыйдзеш у Сваё Каралеўства".
І сказаў яму Ісус: Запраўды́ кажу табе́: сяньня-ж будзеш са Мною ў раю.
Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, сёньня будзеш са Мною ў раю."
Было-ж каля шо́стае гадзіны дня, і ста́лася це́мра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявя́тае:
Была блізу шостая гадзіна і цемра аханіла ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны.
і паме́ркла сонца, і заслона ў царкве́ разарва́лася пасярэдзіне.
Сонца зацьмела, а завеса сьвятыні распалася папалам.
Ісус, загаласіўшы моцным голасам, сказаў: Аце́ц, у рукі Твае́ аддаю дух Мой. І, сказаўшы гэтае, аддаў дух.
А Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю (паручаю) духа Майго. Сказаўшы гэта — сканаў.
Сотнік жа, бачучы зда́рыўшаеся, славіў Бога й казаў: запраўды́, чалаве́к гэты быў пра́веднік.
Сотнік бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы."
І ўве́сь народ, што прыйшоў паглядзе́ць на гэта, бачучы зда́рыўшаеся, варочаўся, б’ючыся ў грудзі.
А ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, відзячы, што сталася, вятраліся, б'ючыся ў грудзі.
Усе́-ж, знаўшыя Яго, і жанчыны, што йшлі за Ім з Галіле́і, стаялі здалёк і глядзе́лі на гэтае.
А здалёку стаялі ўсе знаёмыя Яго раз з жанчынамі, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі.
Тады не́хта на імя Язэп, ся́бра ра́ды, чалаве́к добры і справядлівы
А вось жа чалавек, імем Юзэф, з горада Юдэйскага — Арыматэі, член рады, чалавек добры і справядлівы,
(ён ня прымаў учасьця ў радзе і паступку яе́), родам з Арыматэі, ме́ста Юдэйскага, які таксама ждаў Царства Божага,
ён не згаджаўся з Радай і на іх дзейнасьць (на іх рашэньні), ды чакаў ён Каралеўства Божага.
прыйшоў да Пілата і прасіў Це́ла Ісусавага;
Вось ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса.
і, зьняўшы Яго, абвіў плашчаніцаю і палажыў Яго ў гробе, высечаным у скале́, дзе́ яшчэ ніхто ня быў пакла́дзены.
Затым зьнятага ўвярнуў у палатно і палажыў у высечаным гробе, у якім яшчэ ніхто ня быў пахаваны (паложаны).
Дзе́нь той быў пятніца, і надыходзіла субота.
А быў гэта дзень Прыгатаваньня і надыходзіў шабат.
І жанчыны, што прыйшлі з Ісусам з Галіле́і, пайшлі і глядзе́лі магілу і як клалі це́ла Яго;
Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі. Яны відзелі гроб і як улажылі цела Ягонае.
вярнуўшыся-ж прыгатавалі пахі і масьці; і ў суботу супачывалі паводле прыказа́ньня.
Вярнуўшыся, прыгатавалі духмяннасьці і масьці, але нічога не рабілі ў шабат па Закону.