Лукаша 18 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Сказаў такжа ім прыповесьць аб тым, што трэба заўсёды маліцца і не апускаць рук,
 
Затым разказаў ім Езус прыповесьць аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не пераставаць, кажучы:

кажучы, што ў адным ме́сьце быў судзьдзя, які Бога не баяўся і людзе́й не сароміўся.
 
"Жыў адзін судзьдзя ў адным горадзе. Ён Бога не баяўся і не зважаў на людзей.

У тым жа ме́сьце была адна ўдава, і яна, прыходзячы да яго, казала: абарані мяне́ ад ворага майго.
 
Жыла таксама ў гэным адна ўдава, якая прыходзіла да яго з просьбай: "Вазьміся абараніць мяне ад майго праціўніка".

Але ён доўгі час не хаце́ў. А пасьля сказаў сам сабе́: хоць я і Бога не баюся, і людзе́й не саромлюся,
 
А ён не хацеў даўжэйшы час. Потым аднак адумаўся: хоць Бога не баяўся і з людзьмі не лічыўся,

але, як гэтая ўдава́ не дае́ мне́ спакою, абараню яе́, каб яна ня прыходзіла бале́й дакучаць мне́.
 
аднак дзеля дакучлівасьці ўдавы, вазьму яе абарону, каб наканец не прыйшла і не зьневажыла мяне.

І сказаў Госпад: чуеце, што кажа судзьдзя няпра́ведны?
 
Дык сказаў Госпад: "Паслухайце, што гаворыць несправядлівы судзьдзя,

Ці-ж Бог не абароніць вы́браных Сваіх, што клічуць яго дзе́нь і ноч, і доўга цярпе́ць будзе іх?
 
а ці ж Бог ня возьмецца бараніць выбраньнікаў сваіх днём і ноччу прызываючых Яго, ды ці будзе марудзіць у іх бядзе?

Кажу вам, што хутка ўчыніць ім справядлівасьць. Але Сын Чалаве́чы, прыйшоўшы, ці знойдзе ве́ру на зямлі?
 
Кажу вам, што скора возьме іх у абарону. Але калі прыйдзе Сын Чалавечы, ці знойдзе веру на зямлі?"

Сказаў такжа гэткую прыповесьць да некато́рых, што пэўныя былі сябе́, што яны пра́ведныя, і паніжалі другіх:
 
Некаторым, што надта сабе верылі, што яны былі справядлівыя, а іншымі пагарджалі — гэткую прыповесьць.

двое людзе́й увайшлі ў царкву памаліцца: адзін фарысэй, а другі мытнік.
 
Двух людзей увайшло ў сьвятыню памаліцца: адзін фарызэй, а другі мытнік.

Фарысэй, стоючы, гэтак маліўся ў сабе́: Божа, дзякую табе́, што я не такі, як другія людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытнік:
 
Фарызэй, стоячы, так маліўся ў душы: "Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправядліўцы, чужаложнікі, як і гэты мытнік.

пашчу́ два разы ў тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што прыдбаю.
 
Пашчу два разы ў тыдні, даю дзесяціну з усяго, што маю.

А мытнік, стануўшы здалёк, не адважа́ўся навет падняць вачэй на не́ба; але, б’ючы сябе́ ў грудзі, гаварыў: Божа! будзь міласьцівы нада мною грэшным.
 
А мытнік, стоячы здалёка, не сьмеў нават падняць у неба, але біўся ў грудзі і прасіўся: "Божа, будзь міласэрны мне грэшнаму".

Кажу-ж вам, што гэты пайшоў апра́ўданы бале́й, чымся той: бо ўсякі, хто сам сябе́ вывышшае, паніжоны будзе, а паніжаючы сябе ўзвысіцца.
 
Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а ня той. Бо кожны, хто выносіцца, будзе паніжаны, а хто паніжаецца будзе павышаны".

Прыносілі да Яго і дзяце́й, каб Ён дакрануўся да іх; вучні-ж, бачучы гэтае, забаранялі ім.
 
Часам прыносілі да Езуса дзеці, каб дакрануцца да іх. Бачачы гэта вучні сварыліся на іх.

Але Ісус, паклікаўшы іх, сказаў: пусьце́це дзяцей прыходзіць да Мяне́ і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае;
 
Але Езус паклікаўшы іх да Сябе, загадаў: "Пазваляйце дзеткам прыходзіць да Мяне і не бараніце ім: бо такіх — Каралеўства Божае.

запраўды кажу вам: хто ня пры́йме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
 
Сапраўды кажу вам: хто не прымае Каралеўства Божага як дзіця, не ўвойдзе ў яго.

І спытаўся ў Яго не́хта з начальнікаў: Вучыцель добры! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?
 
Аднойчы спытаўся ў Езуса высокі ўрадовец: "Вучыцелю добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

Ісус сказаў яму: чаму кажаш Мне́ «добры»? Ніхто ня добры, адзін толькі Бог.
 
А Езус яму адказаў: "Чаму Мяне завеш добрым? Ніхто ня добры, адно Бог.

Ве́даеш прыказа́ньні: не чужало́ж, не забівай, не крадзі, ня сьве́дчы крыва; паважай айца твайго і матку тваю (Выхад 20:12−16).
 
Знаеш прыказаньні: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведч фальшыва, паважай бацьку свайго і маці сваю" (Вых. 20:12−16, Паўт. Пр. 5:16−20).

Ён жа сказаў: усяго гэтага пільнаваўся я змалку ле́т маіх.
 
А ён сказаў: "Я гэта ўсё спаўняю ад маленства".

Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: яшчэ аднаго не хапае табе́: усё, што ма́еш, прадай і раздай убогім, і будзеш ме́ць скарб на не́бе; і прыходзь ідзі за Мною.
 
Пачуўшы гэта, Езус сказаў яму: "Табе не хапае аднаго: прадай усё, што маеш і раздай убогім, а заробіш скарб у небе, ды прыходзь ідзі за Мной".

Ён жа, пачуўшы, засумаваў, бо быў надта багаты.
 
А ён пачуўшы гэта, пасмутнеў: бо быў вельмі багаты.

Ісус, бачучы, што ён засумава́ў, сказаў: як трудна багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Затым Езус бачачы яго сумным сказаў: "Як трудна, маючым багацтвы ўвайсьці ў Каралеўства Божае.

Бо лягчэй вярблюду прайсьці праз го́лчына вуха, чымся багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.
 
Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вуха іголкі, чым багацею ўвайсьці ў Каралеўства Божае."

Чуўшыя гэтае сказалі: хто-ж можа спасьціся?
 
Дык спыталіся тыя, што слухалі: "Хто ж можа быць тады збаўлены?"

Але Ён сказаў: немагчымае для людзе́й магчыма для Бога.
 
Сказаў Ён ім: "Што не магчыма людзям, гэта магчыма Богу".

Пётр жа сказаў: вось мы кінулі ўсё і пайшлі за Табою.
 
Сказаў Пётр: "Вось жа пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".

А Ён сказаў ім: запраўды кажу вам: няма нікога, хто, кінуўшы дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сёстраў, ці жонку, ці дзяце́й дзеля Царства Божага,
 
Сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам, што няма нікога, хто б пакінуў дом, або бацькоў, або братоў, або жонку, або дзяцей дзеля Каралеўства Божага,

не атрымаў бы шмат бале́й у гэты час, а ў ве́к будучы — жыцьцё ве́чнае.
 
каб не атрымаў многа больш у жыцьці гэтым, а ў будучым жыцьцё вечнае.

Адклікаўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, сказаў ім: вось уваходзім у Ерузалім, і зьдзе́йсьніцца ўсе напісанае праз прарокаў аб Сыне Чалаве́чым;
 
Узяўшы з сабой дванаццаць казаў ім: "Ідзём у Ерузалім і зьдзейсьніцца ўсё, што напісана Прарокам пра Сына Чалавечага.

бо выдадуць Яго паганам і назьдзе́куюцца над Ім, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго;
 
Будзе выдадзены паганам, будзе высьмеяны, убічаваны, ды апляваны.

і будуць біць і заб’юць Яго на сьме́рць; і на трэці дзе́нь уваскрэсьне.
 
А па ўбічаваньні заб'юць Яго, а на трэці дзень уваскрэсьне.

Але яны нічога з гэтага не зразумелі; словы гэтыя былі закрыты для іх, і яны не разуме́лі ска́занага.
 
Але яны з гэтага нічога не разумелі, пра што гаварылася.

І ста́лася, як падыходзіў да Ерыхону, адзін сьляпы сядзе́ў ля дарогі, жабруючы;
 
Здарылася, што калі падыходзіў да Ерыха, нейкі сьляпы сядзеў пры дарозе жабруючы.

і, пачуўшы, што міма яго праходзіць народ, спытаўся: што гэта такое?
 
Пачуўшы гармідар натоўпу праходзячага спытаўся, што гэта такое?"

Яму сказалі, што Ісус Назарэй ідзе́.
 
Сказалі Яму, што Езус з Назарэту праходзіць міма.

Тады ён закрычэў: Ісус, Сын Давідаў, зьмілуйся нада мною!
 
Дык пачаў крычаць: "Езу, Сыне Давідаў, зжалься нада мной!"

Пярэднія закрычэлі на яго, каб маўчаў; але ён яшчэ мацне́й крычэў: Сын Давідаў! зьмілуйся нада мною!
 
А тыя, што ішлі на перадзе сварыліся на яго, каб маўчаў. Але ён тым яшчэ мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"

Ісус, затрымаўшыся, сказаў прыве́сьці яго да Сябе́. І, калі той падыйшоў да Яго, спытаўся ў яго:
 
Езус стрымаўся і загадаў яго прывесьці да Яго. А калі ён падыйшоў, спытаўся ў яго:

чаго ты хочаш ад Мяне́? Той сказаў: Госпадзе, каб мне́ бачыць.
 
"Што хочаш, каб Я зрабіў табе?" А ён сказаў: "Госпадзе, хачу відзець".

Ісус сказаў яму: Бач жа! ве́ра твая спасла́ цябе́.
 
Сказаў яму Езус: "Праглянь, вера твая аздаравіла цябе".

І ён той жа час пачаў бачыць і пайшоў за Ім, сла́вячы Бога. І ўве́сь народ, бачучы гэнае, аддаў хвалу Богу.
 
І зараз праглянуў, ды ішоў за Езусам, славячы Бога. А ўвесь народ бачачы гэта, славіў Бога.