Лукаша 24 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
У пе́ршы-ж дзе́нь тыдня, ве́льмі ра́на, нясучы́ прыгатава́ныя пахі, прыйшлі яны да магілы і разам з імі некато́рыя другія;
А ў першы дзень тыдня надта рана (на сьвітаньні) прыбылі яны да гробу, нясучы прыгатаваныя духмяннасьці.
але знайшлі ка́мень адва́лены ад магілы.
Знайшлі яны камень адвалены ад гроба.
І ўвайшоўшы, не знайшлі Це́ла Госпада Ісуса.
А ўвайшоўшы ў гроб не знайшлі цела Госпада Езуса.
І сталася, як зьняла іх ад гэтага трывога, зьявіліся перад імі два чалаве́кі ў бліскучым адзе́ньні.
Калі так былі занепакоены, здарылася, што паявіліся пры іх дзьве людзны ў блізкучых шатах.
Калі-ж ад страху скланілі яны абліччы свае́ да зямлі,— тыя сказалі ім: што́ вы шукаеце жывога між паме́ршымі?
А калі яны стрывожаны, пахінулі твары свае ўніз, сказалі тыя ім: "Чаму шукаеце жывога між памёршымі?
Яго няма тут: Ён ускрос; прыпомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,
Няма Яго тут, Ён ускрос. Прыпомніце, як вам казаў, калі яшчэ быў у Галілеі.
мовячы, што Сын Чалаве́чы мусіць быць вы́даны ў рукі людзе́й грэшных і будзе расьпяты, а на трэці дзень уваскрэсьне.
Казаў, што трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшнікаў, і што будзе ўкрыжаваны і што на трэці дзень уваскрэсьне."
І ўспомнілі яны словы Яго,
І яны прыпомнілі гэтыя Ягоныя словы.
і, вярнуўшыся ад магілы, апавясьцілі адзінаццацёх і ўсіх другіх аб гэтым.
А вярнуўшыся ад гробу, разказалі гэта ўсё гэным адзінаццаці ды ўсім іншым.
Былі-ж гэта Марыя Магдаліна і Іоанна, і Марыя, маці Якава, і другія з імі, што сказалі аб гэтым Апосталам.
А былі гэта: Мар'я Магдалена, і Ёанна, і Мар'я Якубава, ды іншыя з тымі, якія расказвалі Апосталам.
І здаліся ім словы іх пустымі, і не паве́рылі ім.
А словы гэтыя паказаліся ім недарэчнасьцю і не ўверылі ім.
Але Пётр, устаўшы, пабег да гробу і, нахіліўшыся, убачыў толькі ляжаўшую тканіну і пайшоў назад, дзіўлючыся сам у сабе́ з стаўшагася.
Пётр жа падняўся і пабег да гроба і нахіліўшыся, убачыў толькі палатно лежачае, і адыйшоў зьдзіўлены тым, што сталася.
У той жа дзе́нь двое з іх ішлі ў сяло, што ў шэсьцьдзесяцёх стадыях ад Ерузаліму, званае Эмаус,
І вось тога самога дня вучні ішлі ў вёску Эмаўс, аддаленае ў шаснаццаць стадыяў ад Ерузаліму.
і гутарылі між сабою аб усіх гэтых здарэньнях.
Яны гаварылі між сабой аб падзеях, што адбыліся.
І ста́лася, як гутарылі яны ды разважалі між сабою, вось Сам Ісус, падыйшоўшы, пайшоў з імі;
Так здарылася, што калі яны гутарылі і адзін другога пыталіся, што сам Езус падыйшоўшы, далучыўся да іх.
але вочы іх былі стрыманы, дык не пазналі Яго.
а вочы іхнія былі стрыманы, каб не пазналі Яго.
Ён жа сказаў ім: аб чым гэта вы разважаеце між сабою, і чаго вы засмучоны?
Сказаў затым ім Езус: "Што за размовы вядзіцё між сабой і чаму такія сумныя?"
Адзін з іх, на імя Кляопа, сказаў Яму ў адказ: ці-ж ты адзін з прыйшоўшых у Ерузалім ня ве́даеш, што ста́лася ў ім у гэтыя дні?
А ў адказ, адзін з іх, імем Клеафас, сказаў Яму: "Чаму ты адзін з падарожнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтых днях адбылося?"
І сказаў ім: аб чым? Яны сказалі Яму: што было з Ісусам Назаранінам, Каторы быў прарок, моцны ў дзе́ле і слове перад Богам і ўсім народам;
А Езус спытаўся: "А што менавіта? Дык разказалі Яму пра Езуса з Назарэта, Каторы быў Прарокам, магутным ў дзейнасьці і ў мове перад Богам і перад усім народам.
як выдалі Яго архірэі ды начальнікі нашыя на прысуд сьмяротны і раскрыжавалі Яго?
І як перадавыя сьвятары (архісьвятары) і начальнікі выдалі Яго на сьмерць ды ўкрыжавалі.
А мы спадзяваліся, што Ён ёсьць Той, што павінен збавіць Ізраіля; а да ўсяго гэтага вось ужо трэці дзе́нь сяньня, як тое сталася,
А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць (асвабадзіць) Ізраеля. І цяпер па ўсім гэтым ужо ёсьць трэці дзень з таго часу.
але некаторыя жанчыны з нашых абаламуцілі нас: яны былі раніцай ля магілы
Але і жанчыны некаторыя, што былі пры гробе на сьвітаньні, зьбянтэжылі нас,
і не знайшлі це́ла Яго і, прыйшоўшы, сказалі, што яны бачылі, як зьявіліся Ангелы, якія кажуць, што Ён жывы́;
не знайшоўшы цела Ягонага, прыйшоўшы казалі, што відзелі анёлаў, якія кажуць, што Езус жыве.
і пайшлі некато́рыя з нашых да магілы і знайшлі так, як і жанчыны казалі, але Яго ня бачылі.
Пайшлі таксама да гроба некаторыя з нашых і яны таксама знайшлі, як разказвалі жанчыны, але Яго самога не знайшлі.
Тады Ён сказаў ім: О, бязмысныя і ляныя сэрцам паве́рыць усяму, што прарочылі прарокі!
А Езус ім сказаў: "О, глупыя і тупога сэрца ўверыць ва ўсё, што прадсказалі Прарокі.
Ці-ж ня гэтак і трэба было цярпе́ць Хрысту і ўвайсьці ў славу Сваю?
Ці ня трэба было, каб Хрыстус цярпеў і так увайшоў у хвалу Сваю?"
І, пачаўшы ад Майсе́я, з усіх прарокаў выясьняў ім усё напісанае аб Ім.
І пачаўшы ад Майсея і ўсіх Прарокаў, выясьняў ім, што адносілася да Яго ва ўсіх Пісаньнях.
І падыйшлі яны да таго сяла, куды йшлі; і Ён паказаў ім від, што хоча йсьці дале́й;
І так падыйшлі да сяла, да каторага ішлі, а Езус хацеў быццам далей ісьці.
але яны затрымлівалі Яго, ка́жучы: застанься з намі, бо дзе́нь ужо схіліўся да ве́чара. І Ён увайшоў, і застаўся з імі.
Але яны прымусілі Яго, казалі: "Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень спыняецца. І ўвайшоў Езус з імі у дом.
І, калі Ён сядзе́ў за сталом з імі, то, узяўшы хле́б, багаславіў, паламаў і падаў ім.
І калі сеў з Імі за стол і ўзяў хлеб і багаславіў і ламаў і падаваў ім,
І тады адчыніліся ў іх вочы, і яны пазналі Яго; але Ён стаўся нявідным для іх.
адкрыліся вочы іхнія і пазналі Езуса, але Ён зьнік з іх вачэй.
І яны сказалі адзін аднаму: ці-ж не гарэла ў нас сэрца нашае, калі Ён гаварыў да нас у дарозе і калі выясьняў Пісаньне?
Тады казалі яны адзін аднаму: "Ці ж сэрцы нашыя не гарэла ў нас. калі размаўляў у дарозе і Пісаньне выясьняў?"
І, устаўшы ў той жа час, вярнуліся ў Ерузалім і знайшлі разам адзінаццаць Апосталаў і быўшых з імі,
І падняўшыся ў тую гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім. І там знайшлі сабраўшыхся адзінаццаць, ды тых, што з імі былі.
якія гаварылі, што Госпад запраўды ўваскрос і зьявіўся Сымону.
Яны казалі, што Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сымону.
І яны расказвалі, што зда́рылася ў дарозе, і як пазналі Яго ў ламаньні хле́ба.
А яны разказвалі, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба Паяўленьне Езуса Апосталам
Калі-ж яны гэтак гаварылі, Сам Ісус стануў сярод іх і сказаў ім: мір вам!
А калі яны гэта разказвалі, стануў пасярэдзіне іх Езус, і сказаў ім: "Супакой вам. Гэта Я, не трывожцеся".
Яны, здуме́ўшыся і спалохаўшыся, падумалі, што відзяць духа,
А яны стрывожаны і напалоханы думалі, што духа бачаць.
але Ён сказаў ім: чаго здуме́ліся? і чаму такія думкі ўваходзяць у сэрцы вашыя?
Сказаў ім Езус: "Чаго стрывожыліся ды ўсякія думкі ўзьнікаюць у вашых сэрцах?"
Паглядзе́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; ашчупайце Мяне́ й разгле́дзьце, бо дух це́ла і касьце́й ня ма́е, што́, як бачыце, Я ма́ю.
Аглядайце рукі мае і ногі, гэта Я той самы: дакранайцеся і глядзіце, бо дух ня мае цела, ані касьцей, як бачыце, што Я маю.
І, сказаўшы гэтае, паказаў ім рукі і ногі.
І калі гэта гаварыў, паказаў ім рукі і ногі.
Калі-ж яны ад радасьці яшчэ ня ве́рылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: ці ёсьць у вас тут якая е́жа?
А калі яны яшчэ ня верылі і дзівіліся з радасьці, сказаў: "Маеце што есьці?"
Яны падалі Яму частку пе́чанай рыбы й сотавага мёду.
І затым падалі Яму частку пячонай рыбы і сотку мёду.
І, узяўшы, е́ў перад імі.
А калі пад'еў у прысутнасьці іхняй, узяў астаткі і аддаў ім.
І сказаў ім: вось тое, аб чым Я вам гаварыў, яшчэ як быў з вамі: што павінна выпаўніцца ўсё, напісанае аба Мне́ ў законе Майсе́явым і ў прароках ды псальмах.
Затым сказаў ім: "Ці ж не такія былі Мае словы, якія гаварыў вам, будучы яшчэ з вамі: Што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было аба Мне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах.
Тады расчыніў ім розум дзеля зразуме́ньня Пісаньня.
Затым адкрыў ім розум зразумець Пісаньні.
І сказаў ім: так напісана і так нале́жала цярпе́ць Хрысту і ўваскрэснуць з уме́ршых на трэці дзень,
Ды сказаў ім: "Так было напісана і трэба было, каб Хрыстус цярпеў і трэцяга дня ўваскрос.
і прапаве́дывацца ў імя Яго пакая́ньню ды адпушчэньню грахоў ува ўсіх народах, пачынаючы ад Ерузаліму;
І каб у імя Яго была вешчана ўсім народам пакута і адпушчэньне грахоў, пачынаючы ад Ерузаліму.
вы-ж сьве́дкі гэтага;
І вы, казаў, гэтага сьведкамі.
і вось Я пасылаю абяцанае Айцом Маім на вас; вы-ж аставайцеся ў ме́сьце Ерузаліме, дакуль не адзе́нецеся сілаю звыш.
І Я сашлю вам, што абяцаў Мой Айцец. Вы заставайцеся ў горадзе, аж будзеце абдараваны моцай з неба."
І вы́веў іх з ме́ста да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае́, багаславіў іх.
Затым завёў іх за горад у Бэтанію і падняўшы рукі свае, пабагаславіў іх.
І ста́лася, як багасла́віў іх, стаў аддаляцца ад іх і ўзнасіцца на не́ба.
І калі багаславіў іх, адзяліўся ад іх і падняўся ў неба.
І яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалім з вялікаю радасьцяй,
А яны пакланіліся Яму і з радасьцю вярнуліся ў Ерузалім.
і былі ўсьцяж у царкве́, сла́вячы і хва́лючы Бога. Амін.
І прабывалі яны заўсёды ў сьвятыньні і славілі Бога.