Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Паўла-ж, паўзіраўшыся на сынэдрыон, сказаў: Мужы браты! У-ва ўсім добрым сумле́ньні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
 
Павал, гледзячы адважна на Сангэдрын /Раду/, прамовіў: "Браты! Да сёньняшняга дня я паступаў на віду Бога з чыстым сумленьнем".

Архірэй-жа Ананія загадаў тым, што стаялі перад ім, каб білі яго ў вусны.
 
Тады архісьвятар Аніній загадаў тым, што пры ім стаялі ўдарыць яго ў твар.

Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе́, падбе́леная сьцяна! Бо ты сядзіш, каб судзіць мяне́ паводле закону, і незаконна кажаш мяне́ біці.
 
Тады Павал сказаў яму: "Хай ўдарыць цябе Бог, сьцяна пабелена: Бо ты сеў мяне судзіць па Закону, а загадваеш мяне біць супраць Закону?"

А тыя, што стаялі перад ім, сказалі: Архірэя Божага зьневажаеш?
 
Каторыя пры ім стаялі, сказалі: "Архісьвятару ты дакараеш?"

Паўла-ж азваўся: Ня ве́даў я, браты, што ён архірэй. Бо-ж напісана: На павадыра народу твайго не кажы блага (Выхад 22:28).
 
Сказаў Павал: "Ня ведаў, браты, што гэта архісьвятар. Напісана ж: "Вярхоўніку /начальніку/ народу твайго — не дакарай".

І, ве́даючы, што адна часьціна ёсьць Саддуке́і, а другая Фарысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыоне: Мужы браты! Я — Фарысэй, сын Фарысэявы. За надзе́ю й ускрасе́ньне мёртвых судзяць мяне́!
 
Павал ведаючы, што адна часьць садуцэяў, а другая з фарызэяў складаецца, ускрыкнуў Павал перад Сангэдрынам: "Я фарызэй, браты, і сын фарызэяў! Стаю перад судом за тое, што надзеюся на ўваскрасеньне памёршых".

Калі-ж ён гэтае сказаў, узьнялася спрэчка паміж Фарысэямі й Саддуке́ямі, і разьдзялілася грамада.
 
Калі гэта сказаў, узьнікла звадка паміж фарызэямі і садуцэямі, ды дайшло да раздваеньня паміж сабраўшыхся.

Бо Саддуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, ані Ангела й духа; Фарысэі-ж прызнаюць абодвух.
 
Бо садуцэі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць адно і другое.

Узьняўся вялікі крык. І, паўстаўшы, кніжнікі Фарысэйскае часткі спрачаліся, кажучы: Нічога благога не знаходзім мы ў чалаве́ку гэтым. Ці дух гаварыў яму, ці Ангел, не змагаймася з Богам.
 
Зрабіўся вялікі гармідар, ускочылі некаторыя з вучоных па Пісаньню спаміж фарызэяў па баявому крычалі: "Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. А можа сапраўды гаварыў да яго дух або анёл?"

Калі-ж спрэчка ўзгаралася, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўне́рам зыйсьці ўзяць яго спасярод іх ды вясьці ў замак.
 
Калі дайшло да вялікага замяшаньня, трыбун, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам сыйсьці, узяць яго спасярод іх і завесьці ў крэпасьць.

У наступную-ж ноч Госпад, стануўшы перад ім, сказаў: Бадрыся, Паўла! Бо як ты сьве́дчыў аба Мне́ ў Ерузаліме, гэтак мусіш сьве́дчыць і ў Рыме.
 
У другую ноч аб'явіўся яму Госпад і сказаў: "Адвагі, трэба, каб ты і ў Рыме сьведчыў аба Мне, так як даказваў ты ў Ерузаліме пра Мяне."

А як настаў дзе́нь, некаторыя Жыды, зрабіўшы змову, далі зарок, кажучы, што ня будуць е́сьці ані піці, пакуль не заб’юць Паўлу.
 
Калі настаў дзень сабралася зборышча жыдоў, каторыя /пад клятвай/ пакляліся ня есьці, ані піць, пакуль не заб'юць Паўла.

Было-ж іх больш за сорак, што далі гэткі зарок.
 
Такую змову зрабіла болей за сорак чалавек, што гэтак запрысягліся.

Яны, прыйшоўшы да архірэяў і старшых, сказалі: Мы пад прысягай заракліся е́сьці што-колечы, пакуль не заб’е́м Паўлу.
 
Яны пайшлі да архісьвятараў і старэйшын, і сказалі: "Мы прысяглі ні чога ня браць у вусны пакуль не заб'ём Паўла".

Вы-ж цяпе́р павядомце тысячніка з сынэдрыонам, каб заўтра вывеў яго да вас, быццам хочаце пільне́й разглядзе́ць справу ягоную; а мы, пе́рш, чым ён падойдзе, гатовы забіць яго.
 
Цяпер вы, разам з Сандэгрынам, пераканайце трыбуна, каб прывесьці яго да вас пад відам для падрабязнейшага абсьледаваньня яго справы, а мы рашыліся забіць яго перш, чым дойдзе".

Пачуўшы-ж пра гэту засаду, сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў замак, паведаміў Паўлу.
 
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўла, прыбыў ды ўвайшоў у крэпасьць і расказваў пра гэта Паўлу.

Паўла-ж, паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: Завядзі гэтага дзяцюка да тысячніка, бо ён мае не́шта сказаць яму.
 
Павал жа пазваў аднаго з сотнікаў і сказаў: "Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць."

Дык той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Паўла, паклікаўшы мяне́, прасіў завясьці да цябе́ гэтага дзяцюка, які мае не́шта сказаці табе́.
 
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і сказаў: "Вязень Павал пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака. Ён мае нешта табе сказаць".

Тысячнік, узяўшы яго за руку й адыйшоўшыся набок, запытаўся: Што маеш сказаць мне́?
 
Затым трыбун узяў яго за руку і адвёўшы на бок, запытаўся: "Што маеш мне сказаць?"

І сказаў: Жыды пастанавілі прасіць цябе́, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыону, быццам манючыся падрабне́й распытацца аб ім.
 
Ён адказаў: "Жыды рашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўла ў Сангэдрын пад відам падробнейшага абсьледаваньня яго справы.

Ты-ж не патурай ім: бо на яго засе́лі больш за сорак мужоў із іх, якія далі зарок ня е́сьці й ня піць, пакуль не заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ве́сткі ад цябе́.
 
Ты аднак ня вер ім. Бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны запрысягліся пад клятвай: ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго, дый ужо прыгатаваны, чакаючы на тваё пазваленьне".

Дык тысячнік пусьціў дзяцюка, загадаўшы: Нікому не кажы, што мяне аб гэтым паведаміў.
 
3атым трыбун адпусьціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў, што пра гэта яго паведаміў."

І, паклікаўшы не́йкіх двух сотнікаў, сказаў: Прыгатуйце дзьве́сьце жаўне́раў, каб ісьці ў Кесарыю, ды коньнікаў се́мдзесят ды стральцоў дзьве́сьце — на трэцюю гадзіну ночы.
 
Паклікаўшы двух сотнікаў, загадаў: "Прыгатуйце дзвесьце жаўнераў і семдзесят коннікаў, ды дзьвесьце дзіднікаў, каб у тры гадзіны ночы ішлі ў Цэзарэю."

Прыгатуйце й жывёлу, каб, пасадзіўшы Паўлу, адвясьці жывога да старасты Фэлікса.
 
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб пасадзіўшы Паўла на яе бязпечна /здаровага/ даставілі правіцелю Феліксу.

Дый напісаў пісьмо гэткага зьме́сту:
 
Напісаў прытым ліст такога зьместу:

Клаўдзі Лізі вяльможнаму старасьце Фэліксу: радуйся!
 
"Клаўдзій Лізій высокадастойнаму правіцелю Феліксу — прывітаньне.

Чалаве́ка гэтага, якога Жыды схапілі й маніліся забіць, я, выступіўшы з войскам, адабраў, даве́даўшыся, што ён — Рымскі грамадзянін.
 
Гэтата чалавека схвацілі жыды і хацелі забіць. Я пасьпяшыўшы з войскам вырваў яго, даведаўшыся, што ён Рымлянін,

Хочучы-ж ве́даць прычыну, за што вінавацяць яго, я прывёў яго ў сынэдрыон іхні
 
xочучы пазнаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, даставіў яго ў іх Сангэдрын.

і знайшоў, што яго вінавацяць за супярэчнасьці ў законе іхнім, ды што няма ў ім ніякае віны, вартае сьме́рці ці кайданоў.
 
Даведаўся, што вінавацяць яго ў спрэчных справах іхняга Закону, а не аб злачынства, а не аб што вартае сьмерці або вастрогу.

Калі-ж паведамілі мяне́ пра змову проці чалаве́ка гэтага, што ме́ла стацца ад Жыдоў, я ўраз паслаў яго да цябе́, загадаўшы й абвінавачываючым яго гаварыць проці яго перад табою. Бывай здароў.
 
Калі мне данесена аб змове, на гэтага чалавека, выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы вінавацеляў, каб падалі абвіненьне на яго перад табой."

Дык жаўне́ры, як ім было загадана, узялі Паўлу й павялі ўначы ў Антыпатрыду;
 
Жаўнеры па загаду, узялі Паўла і ноччу павялі ў Антыпатрыду.

назаўтрае-ж, пакінуўшы коньнікаў ісьці з ім, вярнуліся ў замак.
 
Назаўтра пакінуўшы коннікаў з ім, каб правадзілі яго, самі вярнуліся ў крэпасьць.

Тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо старасьце, паставілі перад ім і Паўлу.
 
Гэныя прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст правіцелю, ды даставілі Паўла да яго.

Стараста-ж, прачытаўшы й спытаўшыся, з якое ён краіны, дый даве́даўшыся, што із Кілікіі,
 
А ён прачытаўшы ліст, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі даведаўся што з Цыліцыі,

сказаў: Я выслухаю цябе́, як зьявяцца абвініцелі твае́. І загадаў пілнаваць яго ў прэторыі Ірадавай.
 
сказаў: "Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае вінавацелі." І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Гэрада.