Дзеі 5 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Адзін муж, на імя Ананія, з жонкай сваёй Сафіраю прадаў маемасьць сваю
Адзін чалавек, імем Ананій, з сваёй жонкай, Сафірай, прадаў палетак зямлі, ды з ведама жонкі, адлажыў сабе часьць атрыманых грошэй, а рэшту прынёс
ды прыхаваў із цаны, з ве́дама жонкі сваёй, і, прыне́сшы не́йкую частку, палажыў к нагам Апосталаў.
і палажыў ля ног апосталаў.
Але Пётр сказаў: Чаму напоўніў сатана сэрца тваё, каб ашукаці Духа Сьвятога ды прыхаваці із цаны за зямлю?
Пётр запытаўся: "Ананій, чаму шатан заўладзеў тваім сэрцам? Чаму ты лгаў Духу Сьвятому, затрымоўваючы часьць атрыманых за поле грашэй?
Ці-ж не тваё было, што ты ме́ў, дый праданае ці-ж не ў твае́й моцы было? Дзеля чаго паклаў ты дзе́ла гэтае ў сэрцы сваім? Ты ашукаў не людзе́й, а Бога.
Ці ж ты ня мог палетак для сябе пакінуць, а прадаўшы, ці ня мог грошы сабе затрымаць? Дык чаму надумаўся гэтак у сэрцы сваім? Ты ж салгаў ня людзям, а Богу!"
Пачуўшы словы гэтыя, Ананія ўпаў бяз духу. І вялікі страх зьняў усіх, што чулі гэта.
Выслухаўшы гэтыя словы Ананій паў мёртвы. А ўсіх што чулі ахапіў страх вялікі.
І дзяцюкі, устаўшы, узялі яго ды, вынесшы, пахаранілі.
Некалькі юнакоў устала, закруцілі палатном цела, вынесьлі і пахавалі.
Сталася-ж гадзіны це́раз тры пасьля гэтага, прыйшла й жана ягоная, ня ве́даючы, што́ зда́рылася.
Каля трох гадзін увайшла яго жонка, ня ведаючы, што сталася.
І прамовіў да яе́ Пётр: Скажы мне́, ці за гэтулькі аддалі вы зямлю? Яна-ж сказала: Але́, за гэтулькі.
Запытаўся ў яе Пётр: "Скажы мне, ці за толькі прадалі палетак?" А яна адказала: "Так, за толькі".
Дык Пётр сказаў да яе́: Дзе́ля чаго змовіліся вы спакусіць Духа Гасподняга? Вось ля дзьве́раў стопы тых, што пахавалі мужа твайго; яны вынясуць і цябе́.
Пётр сказаў: "Навошта вы змовіліся каб гнявіць Духа Госпадавага? Вось стаяць у парозе тыя, што пахавалі твайго мужа. Вынясуць яны таксама цябе".
Дык яна ўраз павалілася да ног ягоных і аддала душу. А дзяцюкі, што ўвайшлі, знайшлі яе́ няжывую ды, вынесшы, пахавалі ля мужа яе́.
І яна зараз-жа ўпала да ног яго і сканала. Калі юнакі ўвайшлі знайшлі яе не жывой. Дык занесьлі і пахавалі яе каля мужа.
І вялікі страх зьняў усю царкву дый усіх, што чулі аб гэтым.
Дык ахапіў вялікі страх усю супольнасьць хрысьціянскую, ды ўсіх, што аб гэтым пачулі.
Рукамі-ж Апосталаў рабілася многа знакоў ды цудаў у народзе (і былі аднадушныя ўсе ў се́нях Салямонавых,
Рукамі апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды. Сабіраліся ўсе аднадушна ў прысьценку Салямона.
з рэшты-ж ніхто не адважа́ўся далучыцца да іх; ды народ іх вы́сака стаўляў, —
Ніхто з іншых ня сьмеў да іх далучыцца, але хваліў народ іх.
і ўсё бале́й прыбывала ве́руючых у Госпада, множства мужчын ды жанчынаў);
Што раз больш павялічаўся лік мужчын і жанчын веруючых у Госпада.
дык выносілі хворых на вуліцы й клалі на пасьце́лях і ложках, каб пры праходзе Пятра хоць це́нь ягоны ацяніў каго з іх.
Людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб хоць цень праходзячага Пятра паў на каторага з іх.
І зыходзілася ў Ерузалім з акалічных ме́стаў множства людзе́й, нясучы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, дый усе́ яны аздараўляліся.
Таксама з суседніх гарадоў зьбягалася ў Ерузалім многа народу, дастаўляючы хворых ды апанаваных дэманам. Яны ўсе былі аздароўлены.
І, паўстаўшы, архірэй і ўсе́, што былі з ім, тагачасная гэрэзія Саддуке́йская, напоўніліся зайздрасьцяй
Тады архісьвятар і ўсе староннікі, належачыя да садукеяў партыі заварушыліся. Палаючы ненавісьцю,
і палажылі рукі свае́ на Апосталаў ды пасадзілі іх у вязьніцу грамадзкую.
накінулі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у агульную вязьніцу.
І Ангел Гасподні ўначы адамкнуў дзьве́ры вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў:
Ноччу анёл Госпадаў адчыніў дзьверы вязьніцы, вывеў іх і сказаў:
Ідзе́це ды, стаўшы, кажэце ў царкве́ да народу ўсе́ словы жыцьця гэтага.
"Ідзіце і вясьціце ў сьвятыні народу ўсе гэтага жыцьця словы".
Пачуўшы гэта, яны ўвайшлі нараніцы ў храм і навучалі. Прыйшоўшы-ж архірэй і тыя, што з ім, склікалі сынэдрыон і ўсю старшызну сыноў Ізраілявых ды паслалі ў вязьніцу прывясьці іх.
Яны паслухалі і на сьвітаньні пайшлі ў сьвятыню і пачалі навучаць. Тым часам архісьвятар і яго староннікі склікалі сангэдрын ды ўсіх старшын сыноў Ізраеля. Яны паслалі ў вязьніцу слуг прывезьці іх.
Слугі-ж, прыйшоўшы, не знайшлі іх у вязьніцы і, вярнуўшыся, расказалі, мовячы:
Калі пайшлі слугі, адчыніўшы вязьніцу не знайшлі іх. Вярнуўшыся, паведамілі яны:
Вязьніцу дык знайшлі мы замкнёную ве́льмі крэпка, і варта во́нках стаяла перад дзьвярыма; але, адамкнуўшы, ўсярэдзіне нікога не знайшлі.
"Знайшлі мы вязьніцу старанна замкнутую ды вартаўнікоў, стоячых перад дзьвярымі. Адчыніўшы ж, у нутры не знайшлі мы анікога".
Калі-ж пачулі словы тыя сьвяшчэньнік і начальнік ва́рты царкоўнае ды архірэі, дык сумляваліся аб іх, што-б гэта сталася?
Калі начальнік варты сьвятыні і архісьвятары пачулі гэтыя словы, не маглі зразумець, што з імі сталася.
І не́хта, прыйшоўшы, расказаў ім, кажучы: Што вось мужы, якіх вы кінулі ў вязьніцу, стаяць у храме й навучаюць народ.
У той час хто-та прыйшоўшы, паведаміў: "Гэтыя людзі, каторых вы запёрлі ў вязьніцы, знаходзяцца ў сьвятыні і вучаць людзей".
Тады пайшоў начальнік варты з слугамі ды прывёў іх, але бяз прымусу, бо баяліся народу, каб не ўкаменаваў іх.
Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не пабіў іх каменямі.
І, прывеўшы, паставілі іх перад радай; і запытаўся ў іх архірэй, кажучы:
Прывёўшы іх, паставілі перад сангэдрынамі. Тады начальнік сьвятароў спытаўся ў іх.
Ці не забаранілі мы вам крэпка навучаць у імя гэтае? І вось вы напоўнілі Ерузалім навукай вашай ды хочаце ўзьвясьці на нас кроў чалаве́ка гэнага.
"Мы вот строга забаранілі, каб вы не навучалі ў гэта імя, а вы запоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўвесьці на нас кроў гэтага чалавека.
І, адказваючы, Пётр ды Апосталы сказалі: Больш трэба слухацца Бога, чым людзе́й.
У адказ Пётр і апосталы сказалі: "Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.
Бог айцоў нашых падняў Ісуса, якога вы забілі, паве́сіўшы на дзе́раве.
Бог нашых бацькоў ускрасіў Езуса, Каторага вы забілі, прыбіўшы да дрэва.
Яго Бог правіцай сваёй узвысіў на Павадыра й Спаса, каб даць Ізраілю пакаяньне й адпушчэньне грахоў.
Бог узвысіў Яго на правіцу Сваю як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраелю наварачэньне ды грахоў адпушчэньне.
І сьве́дкі Яго на словы гэтыя — мы і Дух Сьвяты, Якога Бог даў тым, што слухаюцца Яго.
Мы вось яўляемся гэтых падзей сьведкамі як і Дух Сьвяты, каторага Бог удзяліў паслушным Яму".
Тыя-ж, слухаючы, ажно лопаліся ды ра́дзіліся, каб пазабіваць іх.
Чуючы гэтыя словы — закіпелі страшнаю злосьцю і хацелі іх забіць.
Устаўшы-ж адзін у сынэдрыоне, фарысэй, на імя Гамаліэль, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў на часіну вывясьці Апосталаў
Тады адзін фарызэй імем Гамаліэль, вучоны ў Законе і паважаны ўсім народам, загадаў на нейкі час удаліць Апосталаў і прамовіў у Радзе:
ды сказаў ім: Мужы Ізраільскія, разважце з сабою аб людзях гэтых, што́ маеце зрабіць.
"Мужы Ізраельцы! Добра абдумайце, як паступіць з гэтымі людзьмі.
Бо перад гэтымі днямі паўстаў быў Тэўда, кажучы, што ён ёсьць не́хта, і да яго прыстала на лік каля чатырохсот людзей; ён забіты, і ўсе́, што́ слухаліся яго, разыйшліся й абярнуліся ў нішто.
Вось недаўна выступіў Тэудас, уважаючыся за нейкага незвычайнага. Меў каля чатырыста прыхільнікаў. І быў забіты, а ўсе, што давералі яму, разсыпаліся і след іх зчэз.
Пасьля яго ў дні сьпісаваньня паўстаў Юда Галіле́янін ды пацягнуў за сабою даволі народу; дый той пагіб, і ўсе́, што слухаліся яго, рассыпаліся.
Потым у час перапісі людзей выступіў Юда Галілеец. Ён пацягнуў за сабой людзей. І ён згінуў сам і ўсе яго прыхільнікі — былі разагнаны.
І цяпе́р кажу вам: пакіньце гэтых людзе́й і дайце ім волю; бо, калі ад людзе́й рада гэтая ці дзе́ла гэтае, дык змарне́е,
Дык я і цяпер вам кажу: Пакінце гэтых людзей у супакою і адпусьціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасьць ад людзей паходзіць, прападзе па сабе,
а калі ад Бога, дык ня здолееце зьніштожыць яго, дый каб самі ня сталіся змагарамі проці Бога.
а калі ад Бога, дык вы ня зможаце іх зьнішчыць. Можа часам аказацца што вы ваюеце з Богам". Паслухалі яго.
Яны паслухаліся яго і, паклікаўшы Апосталаў, пабіўшы, загадалі не гаварыць аб імі Ісуса ды звольнілі іх.
Паклікалі апосталаў, убічаваўшы іх, забаранілі прамаўляць у імя Езуса і пусьцілі.
Тыя-ж пайшлі ад аблічча сынэдрыонавага, радыя, што сталіся годнымі зьняважэньня за імя Ягонае,
А яны выходзілі з Сангэдрыну цешачыся, што дзеля імя Езуса пацярпелі зьнявагу.
ды кожын дзе́нь у храме й дома ня кідалі навучаць і абвяшчаць пра Ісуса Хрыста.
Яны не перастаючы і штодзень у сьвятыні і па дамах вясьцілі добрую навіну аб Езусе Хрысьце.