Дзеі 23 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Паўла ж, паўзіраўшыся на сынэдрыён, сказаў: мужчыны браты! ува ўсім добрым сумленьні жыў я перад Богам ажно да сягоньняшняга дня.
 
Павал, гледзячы адважна на Сангэдрын /Раду/, прамовіў: "Браты! Да сёньняшняга дня я паступаў на віду Бога з чыстым сумленьнем".

Архірэй жа Гананя загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны.
 
Тады архісьвятар Аніній загадаў тым, што пры ім стаялі ўдарыць яго ў твар.

Тады Паўла сказаў да яго: Бог будзе біць цябе, падбе́леная сьцяна! І ты сядзіш судзячы мяне паводля Закону, і парушаючы Закон загадваеш мяне біць.
 
Тады Павал сказаў яму: "Хай ўдарыць цябе Бог, сьцяна пабелена: Бо ты сеў мяне судзіць па Закону, а загадваеш мяне біць супраць Закону?"

А тыя, што стаялі побач, сказалі: архірэя Бога зьняважаеш?
 
Каторыя пры ім стаялі, сказалі: "Архісьвятару ты дакараеш?"

Паўла ж сказаў: ня ведаў (я) браты, што ён архірэй. Бо напісана: на кіраўніка народу твайго ня кажы блага.
 
Сказаў Павал: "Ня ведаў, браты, што гэта архісьвятар. Напісана ж: "Вярхоўніку /начальніку/ народу твайго — не дакарай".

І даведаўшыся што адна часьціна ёсьць саддукеі, а другая хварысэі, загаласіў Паўла ў сынэдрыёне: мужчыны браты! я — хварысэй, сын хварысэявы. За надзею на ўскрасеньне мёртвых судзяць мяне!
 
Павал ведаючы, што адна часьць садуцэяў, а другая з фарызэяў складаецца, ускрыкнуў Павал перад Сангэдрынам: "Я фарызэй, браты, і сын фарызэяў! Стаю перад судом за тое, што надзеюся на ўваскрасеньне памёршых".

Калі ж гэтае ён сказаў, узьнялася спрэчка паміж хварысэямі і саддукеямі, і разьдзялілася грамада.
 
Калі гэта сказаў, узьнікла звадка паміж фарызэямі і садуцэямі, ды дайшло да раздваеньня паміж сабраўшыхся.

Бо саддукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня ані Ангела ні духа, хварысэі ж прызнаюць і тое і другое.
 
Бо садуцэі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць адно і другое.

І ўзьняўся вялікі крык. І ўстаўшы, кніжнікі хварысэйскай часткі спрачаліся, кажучы: нічога благога ня знаходзім (мы) у чалавеку гэтым. Калі ж дух сказаў яму, ці Ангел, ня змагаймася з Богам.
 
Зрабіўся вялікі гармідар, ускочылі некаторыя з вучоных па Пісаньню спаміж фарызэяў па баявому крычалі: "Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. А можа сапраўды гаварыў да яго дух або анёл?"

Калі ж спрэчка ўзмацнілася дык тысячнік, баючыся каб Паўла ня быў імі разарваны, загадаў жаўнерам, зыйшоўшы, узяць яго спасярод іх ды весьці ў крэпасьць.
 
Калі дайшло да вялікага замяшаньня, трыбун, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам сыйсьці, узяць яго спасярод іх і завесьці ў крэпасьць.

У наступную ноч зьявіўшыся яму Госпад сказаў: будзь мужны Паўла! бо як ты засьведчыў аба Мне ў Ярузаліме, гэтак мусіш засьведчыць і ў Рыме.
 
У другую ноч аб'явіўся яму Госпад і сказаў: "Адвагі, трэба, каб ты і ў Рыме сьведчыў аба Мне, так як даказваў ты ў Ерузаліме пра Мяне."

А як настаў дзень, нікаторыя жыды, зрабіўшы змову, да́лі зарок ка́жучы і ня есьці, і ня піці пакуль ня заб’юць Паўлу.
 
Калі настаў дзень сабралася зборышча жыдоў, каторыя /пад клятвай/ пакляліся ня есьці, ані піць, пакуль не заб'юць Паўла.

Было ж (іх) больш за сорак, што да́лі гэткі зарок.
 
Такую змову зрабіла болей за сорак чалавек, што гэтак запрысягліся.

Яны, прыступіўшы да архірэяў і старэйшынаў, сказалі: мы пакляліся клятваю нічога ня зьесьці пакуль ня заб’ём Паўлу.
 
Яны пайшлі да архісьвятараў і старэйшын, і сказалі: "Мы прысяглі ні чога ня браць у вусны пакуль не заб'ём Паўла".

Вы ж цяпер павядомце тысячніку разам з сынэдрыёнам, каб заўтра вывеў яго да вас быццам хочаце больш дакладней даведацца пра яго, а мы, перш чым ён падыйдзе, гатовы забіць яго.
 
Цяпер вы, разам з Сандэгрынам, пераканайце трыбуна, каб прывесьці яго да вас пад відам для падрабязнейшага абсьледаваньня яго справы, а мы рашыліся забіць яго перш, чым дойдзе".

Пачуўшы ж пра гэтую засаду сын сястры Паўлавае прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, паведаміў Паўлу.
 
Калі пра змову пачуў сын сястры Паўла, прыбыў ды ўвайшоў у крэпасьць і расказваў пра гэта Паўлу.

Паўла ж паклікаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: гэтага юнака завядзі да тысячніка, бо (ён) мае нешта сказаць яму.
 
Павал жа пазваў аднаго з сотнікаў і сказаў: "Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць."

І той, узяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: вязень Паўла, паклікаўшы мяне папрасіў завесьці да цябе гэтага юнака, які мае нешта сказаць табе.
 
Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і сказаў: "Вязень Павал пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака. Ён мае нешта табе сказаць".

Тысячнік, узяўшы ж яго за руку́ і адыйшоўшыся набок, запытаўся: што (ты) маеш сказаць мне?
 
Затым трыбун узяў яго за руку і адвёўшы на бок, запытаўся: "Што маеш мне сказаць?"

І (ён) сказаў: жыды пастанавілі папрасіць цябе, каб заўтра вывеў Паўлу да сынэдрыёну, быццам (яны) хочуць уважлівей распытацца аб ім.
 
Ён адказаў: "Жыды рашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўла ў Сангэдрын пад відам падробнейшага абсьледаваньня яго справы.

Ты ж ня паддавайся іхным довадам: бо яго падпільноўваюць больш за сорак мужчын зь іх, якія пакляліся ня есьці і ня піць пакуль ня заб’юць яго, і цяпер яны гатовы, чакаючы ад цябе распараджэньня.
 
Ты аднак ня вер ім. Бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны запрысягліся пад клятвай: ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго, дый ужо прыгатаваны, чакаючы на тваё пазваленьне".

Дык тысячнік адпусьціў юнака, загадаўшы: нікому ня скажы, што гэта данёс да мяне.
 
3атым трыбун адпусьціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў, што пра гэта яго паведаміў."

І паклікаўшы нейкіх двух сотнікаў сказаў: прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб прыйсьці да Кесары, ды коньнікаў семдзясят, ды стральцоў дзьвесьце — на трэйцюю гадзіну ночы.
 
Паклікаўшы двух сотнікаў, загадаў: "Прыгатуйце дзвесьце жаўнераў і семдзесят коннікаў, ды дзьвесьце дзіднікаў, каб у тры гадзіны ночы ішлі ў Цэзарэю."

Прыгатуйце і жывёлаў, каб пасадзіўшы Паўлу, адвесьці ў цэласьці да правіцеля Хвэлікса.
 
Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб пасадзіўшы Паўла на яе бязпечна /здаровага/ даставілі правіцелю Феліксу.

Напісаў ліст гэткага зьместу:
 
Напісаў прытым ліст такога зьместу:

Клаўдзі Лізі вяльможнаму правіцелю Хвэліксу: радавацца!
 
"Клаўдзій Лізій высокадастойнаму правіцелю Феліксу — прывітаньне.

Мужчыну гэтага, схопленага жыдамі, якія маніліся (яго) забіць, я, напаўшы на іх з войскам, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін.
 
Гэтата чалавека схвацілі жыды і хацелі забіць. Я пасьпяшыўшы з войскам вырваў яго, даведаўшыся, што ён Рымлянін,

Хочучы ж даведацца прычыну, за што вінавацяць яго, (я) прывёў яго ў іхны сынэдрыён
 
xочучы пазнаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, даставіў яго ў іх Сангэдрын.

і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, ды што няма (у ім) ніякай віны вартай сьмерці ці кайданоў.
 
Даведаўся, што вінавацяць яго ў спрэчных справах іхняга Закону, а не аб злачынства, а не аб што вартае сьмерці або вастрогу.

Калі ж я выкрыў змову супраць гэтага мужчыны, што мела стацца ад жыдоў, (я) ураз паслаў (яго) да цябе, загадаўшы і абвінавальнікам (ягоным) гаварыць супраць яго перад табою. Бывай здароў.
 
Калі мне данесена аб змове, на гэтага чалавека, выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы вінавацеляў, каб падалі абвіненьне на яго перад табой."

Дык жаўнеры, як ім было зага́дана, узяўшы Паўлу павялі ўначы ў Антыпатрыду;
 
Жаўнеры па загаду, узялі Паўла і ноччу павялі ў Антыпатрыду.

а назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць.
 
Назаўтра пакінуўшы коннікаў з ім, каб правадзілі яго, самі вярнуліся ў крэпасьць.

Тыя, прыйшоўшы ў Кесару і аддаўшы пісьмо правіцелю, паставілі перад ім і Паўлу.
 
Гэныя прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст правіцелю, ды даставілі Паўла да яго.

Правіцель прачытаўшы і спытаўшы, зь якой ён правінцыі, ды даведаўшыся, што з Кілікі,
 
А ён прачытаўшы ліст, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі даведаўся што з Цыліцыі,

сказаў: (я) выслухаю цябе, як зьявяцца і твае абвініцелі. І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Гірада.
 
сказаў: "Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае вінавацелі." І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Гэрада.