Дзеі 14 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сталася ж у Іконіі ўвайсьці ім разам у сынагогу жыдоўскую і прамаўляць гэтак, што ўверыла жыдоў і грэкаў вялікае мноства.
Падобна ў Іконіі ўвайшлі ў жыдоўскую сынагогу і навучалі так, што многа жыдоў і Грэкаў уверыла.
А няверучыя жыды падбурылі і варожа настроілі душы паганаў супраць братоў.
Але тыя жыды, што ўверылі, падбуралі і курсталі /пад'юджалі/ паганаў супроць братоў.
Але яны прабылí шмат часу, адважна прамаўляючы аб Госпадзе, Які сьведчыў аб Слове Багадаці Сваёй і даваў тварыць цуды і знакі цераз рукі іхныя.
Усёж такі Павал і Барнаба прабывалі там доўгі час і навучалі адважна, здавераны ў Госпаду, Каторы пацьверджаў слова Сваёй ласкі цудамі і знакамі, чыненымі іхнімі рукамі.
І была падзелена грамада́ мястовая: і адны былі з жыдамі, другія ж з Апосталамі.
3атым жыхары горада падзяліліся: адны былі з жыдамі, а другія з апосталамі.
Калі ж пагане і жыды разам з начальнікамі іхнымі памкнуліся напасьці на іх, каб зьнява́жыць ды пабіць каме́ньмі,
Калі аднак апосталы даведаліся, што пагане і жыды сумесна з сваімі ўладамі маняцца зьневажыць іх і ўкаменаваць,
дык (яны), даведаўшыся, уцяклі ў месты Лікаоні: Лістру і Дэрбу, дый у навако́льле.
уцяклі ў гарады: Ліконію, Лістру, Дэрбэ і ў іхнія ваколіцы.
І былі тамака (і) абвяшчалі Эвангельле.
Ды там вясьцілі Эвангелію.
У Лістры ж нейкі мужчына са спаралізаванымі нагамі сядзеў, бо быў ад чэрава маткі сваёй кульгавым, які ніколі ня хадзіў.
У Лістры жыў адзін чалавек хворы на ногі, калека ад нараджэньня. Ён ніколі не хадзіў.
Ён слухаў, як прамаўляў Паўла. Той, паўзіраўшыся на яго і ўбачыўшы, што мае веру на аздараўленьне,
Ён слухаў навукі Паўла. Павал глянуў на яго ўважна ды бачачы, што ён мае веру, патрэбную на аздараўленьне,
сказаў моцным голасам: Устань на ногі твае роўна. І (той) падскочыў ды хадзіў.
крыкнуў моцна: "Стань проста на нагах!" Той падскочыў і стаў хадзіць.
І людзі, убачыўшы, што зрабíў Паўла, узвысілі галасы свае, кажучы па-лікаонску: (самі) бо́гі, упадо́бленыя людзям, зыйшлі да нас!
Грамады, бачачы, што ўчыніў Павал, пачалі моцна крычаць па лікаонску: "Багі сталіся падобнымі да людзей і сыйшлі да нас!"
І называ́лі Барнабу Зэўсам, а Паўлу — Гэрмэсам, бо ён быў вяду́чым у слове.
Барнабу назвалі Зэўсам, а Паўла — Мэркурам, бо ў асноўным ён навучаў.
А жрэц Зэўса, пастаўленага перад местам іхнім, прывёўшы быкоў зь вянкамі да варотаў, хацеў разам з народам учыніць ахвярапрынашэньне.
А сьвятар Зэўса, каторы меў сьвятыню перад горадам, прывёў прад браму валы ды прынёс вянкі. Хацеў разам з грамадамі скласьці ахвяру.
Пачуўшы ж, Апосталы Барнаба і Паўла, разадраўшы вопраткі свае, кíнуліся ў народ, крычучы
Калі пра гэта даведаліся: Барнаба і Павал, разьдзёрлі адзеньне ды скінулі ў народ, крычучы:
ды ка́жучы: мужчыны, што гэта (вы) ро́біце? І мы ёсьць падо́бныя вам людзі, якія дабравесьцяць вам, каб (вы) ад гэтых ма́рных навярнуліся да Бога Жывога, Які сатварыў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
"Людзі, што гэта робіце? І мы сьмяротнікі, падобныя да вас людзі. Навучаем вас, каб вы адвярнуліся ад гэтых пустотаў /марнасьцяў/ да Бога Жывога, Каторы стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў ім знаходзіцца.
Які ў міну́лых родах дапусьціў усім народам хадзіць шляхамі сваімі,
Дапусьціў Ён у даунейшых часах, што народ кожны хадзіу сваімі дарогамі,
хаця і ня пакíнуў сьведчыць аб Сабе, робячы дабро зь неба нам, даючы дажджы і по́ры ўраджайныя, напаўняючы ежай і ўцехай сэрцы нашыя.
але не пераставаў даказваць ад сабе, чынячы дабро. Зсылау вам дождж з неба, урадлівыя леты, карміў вас ды сэрцы вашыя напаўняў радасьцю."
І, гэта кажучы, ледзьве спынíлі народ, каб ня чынілі ахвярапрынашэньне ім.
Гэтымі словамі чуць паўстрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.
З Антыёхі ж і Іконіі прыйшлі жыды і, падбурыўшы народ ды ўкаменаваўшы Паўлу, вывалаклі (яго) за места, падумаўшы, што ён памёр.
Затым падыйшлі жыды з Антыёхіі і з Іконіі, падбурылі грамады, укаменавалі Паўла ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.
Калі ж абступілі яго вучні, (ён) устаўшы, увайшоў у места і на наступны дзень выйшаў разам з Барнабаю ў Дэрбу.
Але калі сабраліся вакруг яго вучні, падняўся, пайшоў у горад, а на другі дзень сумесна з Барнабай направіўся у Дэрбэ.
І абвясьціўшы Эвангельле гэнаму месту ды прыдбаўшы шмат вучняў, (яны) вярнуліся назад у Лістру, і Іконію і Антыёху,
У гэтым горадзе вясьцілі Эвангелію і здабылі яны многа вучняў, за-тым вярнуліся у Лістру, у Іконію ды у Антыёхію,
умацоўваючы душы вучняў, заклікаючы трываць у веры, ды што праз шмат мукаў належыць нам увайсьці ў Валадарства Бога.
закрапляючы душы вучняў, заахвочваючы да трываньня у веры, бо ўвайсьці ў Каралеўства Божае трэба прайсьці праз многа ўцісьненьняў."
Рукапаклаўшы ж ім па цэрквах старэйшынаў (ды) памаліўшыся з по́стам, даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
Потым з мальбой і постам для кожнага Касьцёла празначылі /пасьвяцілі/ сьвятароў /прэзбітэраў/ ды паручылі Госпаду, у Каторага ўверылі.
І, прайшоўшы Пісідыю, прыйшлі ў Памхвілю.
Прыйшлі праз Пізідзію ў Памфілію,
І, узьвясьціўшы Слова ў Пэрзе, зыйшлі ў Атталю,
вясьцілі слова ў Пэрэе, а затым зыйшлі ў Атталію,
а адтуль адплылí да Антыёхі, адкуль былí аддадзены Багадаці Бога на справу, якую выпаўнілі.
а адсюль паплылІ ў Антыёхію, дзе дзякуючы ласцы Божай выканалі місію, на якую былі празначаны.
Прыйшоўшы ж ды склікаўшы царкву, яны расказалі ўсё, што ўчыніў зь імі Бог і як расчыніў паганам дзьверы веры.
Вярнуўшыся, склікалі /мясцовы/ касьцёл і разсказалі, колькі дабра ўчыніў Бог праз іх ды як адкрыў Ён паганам браму веры.
І былі тамака ня малы час з вучнямі.
Доўгі час правялі яны сярод вучняў.