Псалтыр 46 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Кіраўніку хору із сыноў Карэявых: на аламот. Песьня.
 

Бог нам прыпынак і сіла, магутная ў бядзе ўспамога.
 

Дык не спалохаемся, хоць-бы зямля захісталася і горы ў сэрца мора зваліліся.
 

Хоць-бы раўлі й уздымаліся воды ягоныя, хоць-бы ад шалу ягонага горы трасьліся: з намі Госпад сілаў нябесных, крэпасьць наша — Бог Якубавы. (Зэля)
 

Патокі рачныя ўзьвесяляюць Божае места, сьвятую сялібу Найвышэйшага.
 

Бог пасярод яго, дык не захістаецца; Бог вызваліць яго, як настане раніца.
 

Зварухнуліся народы, захісталіся царствы; Ён падаў голас Свой, і зямля растапілася.
 

Госпад сілаў (нябесных) з намі, крэпасьць наша — Бог Якубавы. (Зэля)
 

Хадзеце ды паўзірайцеся на дзела Госпада: якое спусташэньне зрабіў Ён на зямлі,
 

Госпад, што войны спыняе ажно па край зямлі, ламае лукі й рагатыны рассякае, ды паліць агнём вазы.
 

Спынецеся ды пазнайце, што Я — Бог! Узвышаны Я між народамі, узвышаны на зямлі!
 

Госпад сілаў з намі, крэпасьць наша — Бог Якубавы! (Зэля)