Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо Жыды шукалі, як бы забіць Яго.
І потым Езус хадзіў па Галілеі, бо не хацеў прабываць у Юдэі, бо Юдэі зьбіраліся забіць Яго.
Блізка-ж было сьвята жыдоўскае кучкі.
А надыходзіла Юдэйскае сьвята Палатак.
Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.
Сказалі затым Яму браты Яго: "Адыйдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае аглядалі даконы Твае, якія робіш.
Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;
Бо ніхто ня робіці чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы сябе сьвету".
бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.
Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час;
Кажа ім затым Езус: "Яшчэ не прыйшла Мая пара, а ваш час заўсёды.
вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.
Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.
Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.
Вы ідзіце на гэта сьвята, а Я не пайду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ не надыйшоў".
І, сказаўшы гэтае ім, астаўся ў Галіле́і.
Гэта сказаўшы, застаўся ў Галілеі.
Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшо́ў на сьвята, ня яўна, але як-быццам пата́йна.
Але калі браты Яго адправіліся, і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але быццам употай.
Жыды-ж шукалі Яго на сьвяце й пыталіся: дзе́ Ён?
А ў час сьвята шукалі Яго Юдэі і казалі: "Дзе Ён?"
І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не́, бо зводзіць народ.
І гаварылася пра Яго між людзей многа. Адны казалі, што Ён добры, а другія гаварылі, што не, бо зводзіць народ.
Але-ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся Жыдоў.
Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна, бо баяліся Юдэяў.
У палове-ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.
А калі сьвята ўпалавінілася, Езус увайшоў у сьвятыню і стаў навучаць.
І дзівіліся Жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучы́ўшыся?
А Юдэі дзівіліся і казалі: "Як Ён можа ведаць Пісаньне, бо ж не вучыўся?"
Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;
Езус казаў ім: "Мая навука не Мая, але Таго, хто Мяне паслаў.
хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.
Калі хто хоча спаўняць волю Ягоную, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я сам ад сябе гавару.
Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той пра́ведны, і няма ў ім няпраўды.
Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй спахвалы шукае, але хто шукае хвалы Таго, хто Яго паслаў, той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконьня.
Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?
Ці не Майсей даў вам закон, але ніхто з вас не спаўняе закону. Чаму хочаце Мяне забіць?"
Народ адказаў: ці ня чорт у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?
Адказала грамада, кажучы: "Чарта маеш! Хто хоча Цябе забіць?"
Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;
У адказ сказаў ім Езус: "Я даканаў адзін чын, а ўсе дзівіцеся.
Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абраза́еце чалаве́ка;
Вось Майсей устанавіў абразаньне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.
калі ў суботу абраза́ецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною, што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?
Калі можна абразаць чалавека ў суботу, не парушаючы Майсеявага закону, дык чаму злуецёся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека вылечыў у суботу?
Ня судзіце па вы́гляду, але судзіце судом справядлівым.
Дык не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце справядлівым судом".
Іншыя-ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
Дык некаторыя з жыхароў Ерузаліма казалі: "Ці гэта ня Той, каторага хочуць забіць?
Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
Бо вось яўна навучае, і нічога Яму ня кажуць. Ці сапраўды пераканаліся начальнікі, што Ён — Хрыстос?
Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.
Але аб Ім ведаем, скуль Ён родам, а пра Хрыста, калі паявіцца, ніхто ведаць ня будзе, скуль Ён прыходзіць".
І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце;
А Езус, навучаючы ў сьвятыні, голасна сказаў: "І Мяне ведаеце, і ведаеце скуль Я. І Я сам ад сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, хто Мяне паслаў, а Якога вы ня ведаеце.
Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне́.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў".
І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.
Дык маніліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго пара.
Многія-ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, няўжо-ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?
А спасярод грамады многа ўверыла ў Яго, і яны казалі: "Ці ж калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў даканае, чым Ён учыніў?"
Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі й архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.
А калі фарысэі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі сьвятары і фарысэі слугаў, каб Яго ўзяць.
Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі, і пайду да Паслаўшага Мяне́.
Сказаў тады Езус: "Кароткі толькі час буду з вамі, і пайду да Таго, хто Мяне паслаў.
Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
Будзеце Мяне шукаць і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы туды ня можаце прыйсьці".
І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць Грэкаў?
Дык гаварылі Юдэі між сабой: "Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго ня знойдзем? Ці меўся пайсьці да раскінутых між Грэкаў ды Грэкаў навучаць?
Што́ маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?»
Што ж гэта за слова, якое сказаў: "Шукаць Мяне будзеце і ня знойдзеце", ды: "Дзе Я буду, вы туды прыйсьці ня можаце"?"
У апошні-ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу ма́е, ідзі да Мяне́ і пі.
А ў апошні вялікі дзень сьвята стаў Езус і казаў уголас: "Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п'е.
Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні, з жывата пацякуць рэкі вады́ жывое.
Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, у таго рэкі жывой вады пацякуць з яго нутра".
Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ на іх Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус усла́ўлены.
А так казаў аб Духу, якога мелі атрымаць веручыя ў Яго. Бо Дух ня быў яшчэ на іх, бо Езус ня быў яшчэ праслаўлены.
Многія з народу, чуўшы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.
Многія з-паміж людзей, чуючы гэтыя словы, казалі: "Гэта сапраўды прарок".
Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?
Іншыя ж казалі: "Гэта Хрыстос". А яшчэ іншыя гаварылі: "Ці ж Хрыстос прыйдзе з Галілеі?
Ці-ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?
Ці ж Пісаньне ня кажа, што Хрыстос прыйдзе з роду Давіда, і зь мястэчка Бэтлеем, скуль быў Давід?"
Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.
З гэтае прычыны дайшло да спрэчкі ў народзе.
Некато́рыя-ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.
І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?
Прыйшлі затым слугі да сьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі: "Чаму вы Яго не прывялі?"
Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалаве́к.
Слугі адказалі: "Ніводзін чалавек так не гаварыў, як Ён".
Фарысэі сказалі ім: няўжо-ж і вас зьвялі?
Дык адказалі ім фарысэі: "Ці і вы ім зьведзены?
Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?
Ці ўверыў у Яго хоць хто з фарысэяў або начальнікаў?
Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.
А гэта грамада, якая ня ведае закону, праклятая".
Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:
Сказаў ім Мікодым, той, што прыходзіў да Яго ноччу, а быў адным з іх:
ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня вы́слухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?
"Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не праверыць, што ён робіць?"
На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.
У адказ яму сказалі: "Ці і ты не з Галілеі? Пашукай і пераканайся, што прарок не зьявіцца з Галілеі".
І разыйшліся да дому.
Ды разыйшліся кожны ў свой дом.