Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999
Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
Між фарысэяў быў чалавек, імем Мікодым, начальнік Юдэйскі.
Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Раббі, мы ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх знакаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з ім".
І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Каралеўства Божага".
Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
Сказаў яму Мікодым: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці ды зноў нарадзіцца?"
Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
Адказаў Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і з Духа, ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
Тое, што нарадзілася з цела, ёсьць целам, а што нарадзілася з Духа, ёсьць дух.
Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: Трэба вам нарадзіцца нанова.
Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
Дух дзьме, куды хоча, і голас яго чуеш, але ня ведаеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць. Таксама з кожным, хто з Духа нарадзіўся".
Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
Дык спытаўся Мікодым: "Як можа гэта стацца?"
Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
Сказаў яму Езус у адказ: "Ты — вучыцель Ізраэля і ня ведаеш гэтага?
Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы кажам тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але сьведчаньня нашага не прыймаеце.
калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
Калі казаў вам пра зямныя рэчы, і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра нябесныя?
І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
Ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Той, хто зыйшоў з неба, Сын Чалавечы.
І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
І як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыцьцё вечнае.
Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
Бо не паслаў Бог Сына свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго.
Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, бо ня ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
А суд такі, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.
Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
Бо кожны, хто блага робіць, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не выявіліся яго ўчынкі.
А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
А кожны, хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу былі ўчынены".
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі сваімі ў зямлю Юдэйскую і там, прабываючы з імі, хрысьціў.
Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
І Ян таксама хрысьціў у Эноне блізка Саліма, бо там было шмат вады, і людзі прыходзілі і прыймалі хрост;
бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
І ўзьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.
І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
Дык прыйшлі да Яна і сказалі яму: "Раббі, вось жа Той, што з табой быў за Ярданам і пра якога ты сьведчыў, вось Ён хрысьціць, ды ўсе ідуць да Яго".
Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
Вы самі можаце засьведчыць, што я вам сказаў: Я не Хрыстос, але пасланы перад Ім.
Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца з голасу жаніха. І гэтая радасьць мая споўнілася.
Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
Ён мае расьці, а я — малець.
Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
Хто прыходзіць з высока, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і пра зямное гаворыць. Хто прыходзіць з неба, Той па-над усімі.
і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
Ён сьведчыць аб тым, што чуў і бачыў, і сьведчаньня Яго ніхто ня хоча прыймаць.
Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
А хто прыняў Яго сьведчаньне, той сьцьвердзіў, што Бог праўдамоўны.
Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
Бо Той, каго Бог паслаў, абвяшчаеслова Божае, бо ня мераючы Бог дае Духа.
Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у рукі Ягоныя.
Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім".