Дзеі 16 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І прыйшоў ён у Дэрбу й Лістру. І вось быў тамака адзін вучань, на ймя Цімахвей, сын аднае́ жанчыны Жыдоўскае, ве́ручае, і ба́цькі Грэка.
 
І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын веруючай Гебрайкі і бацькі Грэка;

Аб ім сьве́дчылі браты ў Лістры й Іконіі.
 
браты з Лістры і Іконіі добра пра яго сведчылі.

Паўла зажадаў, каб ён з ім пайшоў; і, узяўшы яго, абрэзаў дзеля Жыдоў, што былі ў тых ваколіцах: бо ўсе́ ве́далі бацьку ягонага, што быў Грэк.
 
Яго Паўла захацеў узяць у дарогу з сабой і, прымаючы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясцовасцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.

Калі-ж праходзілі праз ме́сты, аддавалі ім перахоўваць уставы, пастаноўленыя Апосталамі й старшымі, што ў Ерузаліме.
 
Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя апосталамі і старэйшымі ў Ерузаліме пастановы.

І цэрквы крапчэлі ў ве́ры ды ўзрасталі што-дня лікам.
 
І цэрквы ўмацоўваліся вераю і штодзень раслі лікам.

Прайшоўшы-ж праз Фрыгію й зямлю Галятыйскую, ня даў ім Дух Сьвяты абвяшчаць слова ў Азіі.
 
Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галатыйскую, бо Дух Святы забараніў ім прамаўляць слова ў Азіі.

Прыйшоўшы ў Мізію, маніліся йсьці ў Віфінію; і не дазволіў ім Дух.
 
Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, спрабавалі ісці ў Бітынію, і Дух Ісуса не дазволіў ім.

Дык, прайшоўшы праз Мізію, зыйшлі ў Троаду.
 
Перайшоўшы Мізію, яны накіраваліся ў Трааду.

І паказалася Паўлу ўначы зьява: не́йкі муж, Македонец, стоючы, прасіў яго й мовіў: Прыходзь у Македонію й памажы нам.
 
І тут уночы Паўлу адкрылася ў з’яве: нейкі Мацэдонец стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Мацэдонію, дапамажы нам!»

Як жа пабачыў ён зьяву, ураз-жа памкнуліся мы йсьці ў Македонію, разуме́ючы, што паклікаў нас Госпад абвяшчаць ім Эвангельле.
 
Як пабачыў ён з’яву, мы, не марудзячы, вырашылі выправіцца ў Мацэдонію, перакананыя, што Бог паклікаў нас дабравесціць ім.

Дык, вырушыўшы з Троады, мы борзда пайшлі ў Самафракію, а назаўтрае ў Нэапаль,
 
Выплыўшы з Траады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень — у Неапаль;

адтуль-жа ў Філіппы, што ёсьць пе́ршае ме́ста тае́ часьці Македоніі — калёнія. І былі мы ў гэтым ме́сьце не́калькі дзён.
 
а адтуль — у Піліпы, галоўны горад той часткі Мацэдоніі, [рымскую] калонію. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.

А ў дзе́нь суботні выйшлі мы за ме́ста к рацэ, дзе́ звычайна адбывалася мале́ньне, і, пасе́ўшы, прамаўлялі да сабраных жанчын.
 
А ў суботу выйшлі мы за браму да ракі, дзе, як мы меркавалі, моляцца, і, сеўшы, гутарылі з жанчынамі, што сабраліся.

І слухала адна жанчына, на ймя Лідзія, таргоўка парфірай, з ме́ста Фіатыра, якая шанавала Бога; і Госпад расчыніў сэрца яе́, каб зважала на прамову Паўлы.
 
І слухала адна богабаязная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца, каб успрымаць тое, што казаў Паўла.

Калі-ж ахрысьцілася яна й дом яе́, прасіла нас, мовячы: калі вы прызналі мяне́ ве́рнай Госпаду, дык увайдзе́це ў дом мой ды жыве́це. І прымусіла нас.
 
І, калі была ахрышчана разам з домам сваім, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце мяне вернай Госпаду, увайдзіце ў дом мой і застаньцеся», і змусіла нас.

Сталася-ж, як мы йшлі на малітву, сустрэла нас адна дзяўчына, якая ме́ла ве́шчага духа ды варажбой вялікі даход давала гаспадаром сваім.
 
І сталася, што, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа варажбіта, і прыносіла яна многа даходу сваім гаспадарам, праракуючы.

Яна, ідучы за Паўлам і намі, закрычэла, мовячы: Людзі гэтыя — рабы Госпада Найвышэйшага; яны абвяшчаюць нам шлях да збаўле́ньня!
 
Яна, бегучы за Паўлам і за намі, крычала: «Гэтыя людзі — слугі Бога Узвышняга, яны прапаведуюць вам дарогу збаўлення».

І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла-ж, узлаваўшыся, павярнуўся й сказаў духу: Прыказую табе́ імем Ісуса Хрыста: выйдзі з яе́! І выйшаў той-жа час.
 
І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла ж, у роспачы, павярнуўся і сказаў: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста, выйдзі з яе!», і ў тую ж гадзіну ён выйшаў.

Гаспадары-ж яе́, бачучы, што прапала надзе́я заробку іхняга, схапіўшы Паўлу й Сілу, павалаклі на плошчу да начальнікаў.
 
Калі яе гаспадары ўбачылі, што надзея іх даходу знікла, дык, схапіўшы Паўлу і Сілу, завалаклі на рынак да начальнікаў,

Прывёўшы-ж іх да ваяводаў, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць ме́ста нашае, а яны — Жыды
 
і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: «Гэтыя людзі, хоць і Юдэі, уводзяць у замяшанне наш народ

і вучаць звычаяў, якіх нам, Рымлянам, ня сьле́д ні прыймаць, ні выпаўняць.
 
і абвяшчаюць звычаі, якія нам не след прымаць ды выконваць, бо мы — Рымляне».

І паўстаў народ проці іх, і ваяводы, сарваўшы вопраткі з іх, загадалі біць іх кіямі.
 
І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў  хвастаць іх розгамі, сцягнуўшы тунікі.

Даўшы-ж ім шмат удараў, кінулі іх у вязьніцу, загадаўшы сторажу вастрожнаму крэпка пілнаваць іх.
 
І, нанёсшы ім шматлікія раны, укінулі іх у вязніцу, загадваючы варце пільна іх вартаваць.

Ён, дастаўшы гэткі прыказ, кінуў іх у ўнутраную вязьніцу ды ногі ім паўшчамляў у калоду.
 
Атрымаўшы такі загад, вартавы кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і ногі іх замкнуў у калоду.

Каля паўночы Паўла й Сіла маліліся й пяялі гімны Богу, і вязьні чулі іх.
 
Апоўначы Паўла і Сіла, молячыся, услаўлялі Бога, і іншыя вязні слухалі іх.

Зьнячэўку сталася вялікае трасе́ньне, ажно захісталіся падваліны вязьніцы; і ўраз расчыніліся ўсе́ дзьве́ры, і ўсім апалі путы.
 
Раптам сталася вялікае трасенне, аж захісталіся падмуркі астрога, і адкрыліся ўсе дзверы, ды з усіх апалі путы.

І стораж вязьніцы, прачхнуўшыся ды бачучы расчы́неныя дзьве́ры вязьніцы, дастаўшы ме́ч, хаце́ў забіць сябе́, бо думаў, што вязьні паўцякалі.
 
Калі вартавы абудзіўся і ўбачыў дзверы астрога адчыненыя, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязні паўцякалі.

І моцным голасам загаласіў Паўла, мовячы: Не рабі сабе́ нічога благога: бо ўсе́ мы тут!
 
Тады Паўла закрычаў на ўвесь голас, кажучы: «Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут».

Папрасіўшы сьвятла́, ён убе́г і, дрыжучы, прыпаў да Паўлы й Сілы
 
Тады ён, запатрабаваўшы святла, ускочыў унутр ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўлы і Сілы.

ды, выводзячы іх вонкі, сказаў: Гаспадары! Што трэ’ рабіці мне́, каб спасьціся?
 
І, вывеўшы іх навонкі, гаворыць: «Гаспадарове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?»

Яны-ж адказалі: Ве́руй у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўве́сь дом твой.
 
І яны сказалі: «Увер у Госпада Ісуса, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».

І казалі слова Гасподняе яму і ўсім хатнім ягоным.
 
І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.

І ў тую-ж гадзіну ўначы, узяўшы іх, паабмываў ім раны й ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя безадкладна.
 
І, узяўшы іх, абмыў раны іх, і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.

Завёўшы-ж іх у свой дом, паставіў ім пачастунак і це́шыўся разам з усе́нькім домам, што ўве́раваў у Бога.
 
І, калі ўвёў іх у дом, запрасіў да стала ды з усім домам сваім вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.

Як-жа настаў дзе́нь, паслалі ваяводы слуг ме́скіх, кажучы: Звольніце гэных людзе́й.
 
І, калі настаў дзень, магістрат  паслаў ліктараў сказаць: «Адпусціце гэтых людзей».

І стораж вязьніцы абвясьціў словы тыя Паўлу: Прыслалі ваяводы, каб звольніць вас. Дык вось, выходзьце і йдзе́це з мірам.
 
Вартавы астрога перадаў Паўлу гэтыя словы: «Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакоі».

Паўла-ж сказаў да іх: Нас, грамадзян Рымскіх, бяз суду білі перад народам і кінулі ў вязьніцу, а цяпе́р цішком звальняюць нас? О, не́: няхай самі прыйдуць ды вывядуць нас.
 
Але Паўла сказаў ім: «Збіўшы нас прылюдна без суда, хоць мы — Рымскія грамадзяне, яны кінулі нас у астрог, а цяпер цішком выпускаюць? О не! Хай прыйдуць і самі выведуць нас».

Слугі ме́скія пераказалі словы гэтыя ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што яны Рымскія.
 
Ліктары перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта Рымляне,

І, прыйшоўшы, перапрашалі іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць ме́ста.
 
і, прыйшоўшы, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.

Выйшаўшы-ж з вязьніцы, прыйшлі ў Лідзію. І, бачучы братоў, навучалі іх ды пайшлі стуль.
 
Яны ж, выйшаўшы з вязніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, суцешылі іх і выправіліся ў дарогу.