Дзеі 3 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Пётр ды Іоан ішлі разам у храм у дзявятай гадзіне малітвы.
Аднойчы Пётра і Ян уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
І не́сьлі нейкага чалаве́ка, храмога ад матчынага чэрава; яго кожын дзе́нь садзілі перад дзьвярыма храму, называнымі Краснымі, прасіць міласьціну ў прыходзіўшых у храм.
І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціны ва ўваходзячых у святыню.
Ён, угле́дзіўшы Пятра й Іоана, што ме́ліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны.
Ён, убачыўшы Пётру і Яна, што збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
Пётр жа, паўзіраўшыся на яго з Іоанам, сказаў: Паглядзі на нас.
Тады Пётра з Янам, гледзячы на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
Ён жа пільна ўзіраўся на іх, спадзяючыся не́шта дастаць.
А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
І сказаў Пётр: Серабра ды золата няма ў мяне́, дык дам табе́ тое, што ма́ю. У імя Ісуса Хрыста Назарэя ўстань і хадзі!
Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго, і ўраз жа акрэплі ногі й ступні ягоныя,
І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
і, падскочыўшы, стануў і хадзіў ды разам з імі ўвайшоў у храм, пахаджаючы, падско́кваючы ды слаўлючы Бога.
і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
І ўве́сь народ бачыў яго ходзячы й слаўлючы Бога.
І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
І пазналі яго, што гэта быў той, што дзеля міласьціны сядзе́ў ля Красных дзьве́раў царквы; і напоўніліся страхам і зьдзіўле́ньнем ад стаўшагася з ім.
і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
А як аздароўлены кульгач не адставаў ад Пятра й Іоана, дык уве́сь народ у задзіўле́ньні прыбе́г да іх у се́ні, што называюцца Салямонавымі.
А як ён трымаўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
Бачучы гэта, Пётр прамовіў да народу: Мужы Ізраільскія! што́ дзівуецеся з гэтага, ці што́ так пільна ўгляда́ецеся на нас, як быццам уласнай сілай або пабожнасьцяй зрабілі мы, каб ён хадзіў?
Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы Ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
Гэта Бог Аўраамаў і Ізаакаў і Якубаў, Бог бацькоў нашых, уславіў сына Свайго Ісуса, якога вы выдалі й адракліся ад Яго перад абліччам Пілата, калі той судзіў звольніць Яго.
Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Слугу Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
Вы-ж ад Сьвятога й Справядлівага адракліся ды прасілі памілаваць вам чалаве́ка душагуба,
вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі падараваць вам забойцу,
а Павадыра жыцьця забілі. Бог падняў Яго із мёртвых, і мы — сьве́дкі гэтага.
а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
І дзеля ве́ры ў імя Ягонае дало імя Яго сілу таму, каго бачыце й ведаеце; і ве́ра, што́ ад Яго, дала яму гэтае аздараўле́ньне перад вамі ўсімі.
І дзеля веры ў імя Яго — гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэта, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
Але цяпе́р, браты, я ве́даю, што праз няве́даньне ўчынілі вы гэта, так, як і павадыры вашыя.
Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашыя;
Бог жа, што прадказаў вуснамі ўсіх Сваіх Прарокаў, каб цярпе́ць мукі Хрысту, тое і споўніў.
А Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
Дык пакайцеся й навярне́цеся, каб былі зьняты з вас грахі вашыя,
Дык пакутуйце і навярніцеся, каб грахі вашыя былі скасаваныя,
каб прыйшлі часы́ асьвяжэньня ад аблічча Госпада, ды Ён прыслаў-бы вам Ісуса Хрыста, якога абвясьціў наперад,
каб насталі часы астуды ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
ды якога мусіла не́ба прыняць да часу зьдзейсьненьня ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых Прарокаў ад вякоў.
Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, што спрадвеку прадказваў Бог вуснамі святых Сваіх прарокаў.
Бо-ж Майсе́й сказаў бацьком: Прарока паставіць вам Госпад Бог із братоў вашых, як мяне́. Яго слухайцеся ў-ва ўсім, што каза́ціме да вас.
Майсей жа сказаў: «Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
І будзе, што кожная душа, якая не паслухаецца Прарока гэнага, будзе вы́нішчана з народу (Другазаконьне 18:15−18).
І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа».
Дый усе́ Прарокі ад Самуіла ды пасьля іх, якія толькі прамаўлялі, прадвяшчалі гэтыя дні.
І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
Вы — сыны Прарокаў і тае́ запаведзі, што даў Бог бацьком нашым, кажучы да Аўраама: І ў насе́ньні тваім багаслаўлёны будуць усе́ народы зямлі.
Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: «У патомстве тваім блаславёныя будуць усе зямныя народы».
Вам найпе́рш Бог, паставіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго багаславіць вас, каб адвярнуўся кожын ад благіх учынкаў сваіх.
Вам найперш Бог, паставіўшы Слугу Свайго, паслаў Яго, каб блаславіў кожнага з вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці вашай».