Мацьвея 3 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У тыя дні прыходзіць Іоан Хрысьціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай
 
У тыя дні прыйшоў Ян Хрысціцель, прапаведуючы ў пустыні Юдэйскай

і кажучы: пакайцеея, бо наблізілася царства нябе́снае.
 
і кажучы: «Навяртайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».

Бо ён той, пра якога сказаў прарок Ісая: голас гука́ючага ў пустыні: гатуйце дарогу Госпаду, про́стымі рабе́це сьце́жкі Яму (Ісая 40:3).
 
А ён быў той, што быў названы Ісаем прарокам, які казаў: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму!”»

Сам жа Іоан ме́ў адзе́ньне з вярблю́давага валосься і скураны́ пояс на паясьніцы сваёй, а ядою яго была шаранча́ і дзікі мёд.
 
Сам жа Ян насіў адзенне з вярблюджага воласу і дзяжку скураную на паясніцы сваёй, а ежай яму была саранча і лясны мёд.

Тады Ерузалім ды ўся Юдэя і ўсе́ ваколіцы Іорданскія выходзілі да яго
 
Тады да яго выходзілі Ерузалім і ўся Юдэя, ды ўсе ваколіцы каля Ярдана,

і хрысьціліся ў яго ў Іордане, спавядаючыся з грахоў сваіх.
 
і яны былі ім хрышчаны ў Ярдане, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы-ж многа фарысэяў і садуке́яў, якія ішлі да яго хрысьціцца, сказаў ім: плод яхіднавы! Хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
А калі ўгледзеў многіх фарысеяў і садукеяў, што прыходзілі да хросту яго, сказаў ім: «Род змяіны, хто засведчыў вам, што пазбегнеце будучага гневу?

Учыніце-ж плады, дастойныя пакаяньня,
 
Стварыце належны плод навяртання

і ня думайце гаварыць у думках сваіх: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.
 
і не жадайце сказаць у сабе: “Маем айца Абрагама”. Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.

Ужо й сяке́ра ля караня́ дзярэў ляжыць: кожнае дрэва, якое не дае́ плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Бо ўжо сякера прыстаўлена да кораня дрэў; а кожнае дрэва, якое не дае добрага плода, высякаецца і кідаецца ў агонь.

Я хрышчу вас у вадзе́ ў пакаяньне, але той, што йдзе́ за мною, дужэйшы за мяне́, я ня варт нясьці вобуй Яго. Ён будзе хрысьціць вас у Духу Сьвятым і ў вагні.
 
Я вас хрышчу вадою дзеля навяртання, але Той, Хто прыйдзе па мне, дужэйшы за мяне. Яму я не варты насіць пасталоў. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём.

Лапа́та Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно сваё і зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а салому спаліць агнём неўгасаючым.
 
Веялка Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысціць ток Свой і збярэ пшаніцу Сваю ў свіран, а салому спаліць агнём незгасальным».

Тады прыходзіць Ісус з Галіле́і на Іордан да Іоана хрысьціцца ў яго.
 
Тады прыйшоў Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, каб прыняць хрост ад яго.

Іоан жа ўстрымліваў Яго, кажучы: мне́ трэба хрысьціцца ў Цябе́, а Ты прыходзіш да мяне́.
 
Але Ян утрымліваў Яго, кажучы: «Я з Твайго дазволу павінен быць ахрышчаны, а Ты ідзеш да мяне?»

Але Ісус сказаў яму ў адказ: пакінь цяпе́р; бо гэтак нам нале́жыць выпаўніць усякую праўду. Тады Іоан дапускае Яго.
 
Адказваючы ж, Ісус сказаў яму: «Дазволь цяпер, бо гэтак нам належыць выканаць усякую справядлівасць». Тады Ян дапусціў Яго.

І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы, і ўгле́дзіў Іоан Духа Божага, Каторы зыходзіў, як галу́б, і спускаўся на Яго.
 
А калі Ісус быў ахрышчаны, зараз выйшаў з вады; і вось, адкрыліся нябёсы, і ўбачыў, што Дух Божы сыходзіць, як голуб, і ідзе да Яго.

І вось голас з не́ба гаворачы: Гэты ёсьць Сын Мой улюблены, якому спагадаю.
 
І вось, голас з неба, які кажа: «Гэта Сын Мой улюбёны, Якога Я ўпадабаў Сабе».