Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

У той час прыйшлі некато́рыя і расказалі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат зьмяшаў з жэртвамі іх.
 
І ў гэты час прыйшлі нікаторыя, (і) расказалі Яму пра галілейцаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў зь іхнымі ахвярамі.

Ісус сказаў ім на гэтае: ці думаеце вы, што гэтыя Галіле́яне былі больш грэшныя за ўсіх Галіле́ян, што яны пацярпелі гэткія мукі?
 
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: (вы) думаеце, што гэтыя галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх галілейцаў, што так адпакутавалі?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ так сама пагінеце.
 
Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.

Ці думаеце, што тыя восемнаццаць душ, на якіх завалілася Сілаа́мская ве́жа ды пабіла іх, больш вінаватыя былі за ўсіх жыўшых у Ерузаліме?
 
Альбо тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей жывучых у Ярузаліме?

Не́, кажу вам; але, калі не пака́ецеся, усе́ таксама пагінеце.
 
Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.

І сказаў вось якую прыповесьць: не́хта ме́ў у вінаградніку сваім паса́джаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй і не знайшоў;
 
І казаў гэтую прыповесьць: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду і ня знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; зрубай яе́: на што́ яна і зямлю займае?
 
І сказаў (ён) вінаградару: вось, (я) трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і ня знаходжу; сьсячы яе, на што (яна) і зямлю займае бяз карысьці?

Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе́ і на гэты год, пакуль я акапаю яе́ і абкладу гноем:
 
Ён жа, адказаўшы, гаворыць яму: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем,

ці ня дасьць плоду; калі-ж не́, то на той год ссячэш яе́.
 
і можа прынясе плод, калі ж не, (то) на той год сьсячэш яе.

У аднэй з школаў навучаў Ён у суботу;
 
І навучаў (Ён) у адной з сынагогаў па суботах.

і вось там была жанчына, восемнаццаць гадоў ме́ўшая духа нядужасьці; яна была скорчыўшыся і не магла вы́прастацца.
 
І вось (там) была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы; і была яна скорчыўшыся, і ня магла ані выпрастацца.

Ісус, угле́дзіўшы яе́, паклікаў яе́ і сказаў ёй: жанчына! Ты вы́звалена ад не́мачы твае́.
 
Убачыўшы ж яе, Ісус падазваў яе і сказаў ёй: жанчына! (ты) вызвалена ад немачы тваёй.

І ўсклаў на яе́ рукі; і ўраз жа вы́прасталася і пачала славіць Бога.
 
І ўсклаў на яе Рукі; і адразу выпрасталася, і славіла Бога.

Пры гэтым начальнік школы, узлаваўшыся, што Ісус аздаравіў у суботу, сказаў народу: ёсьць шэсьць дзён, калі можна працаваць: у тыя і прыходзьце аздараўляцца, а ня ў дзе́нь суботні.
 
Загаварыўшы ж начальнік сынагогі, абураючыся, што ў суботу Ісус аздаравіў, казаў народу: ёсьць шэсьць дзён, у якія належыць працаваць, у тыя прыходзьце (і) аздараўляйцеся, а ня ў дзень суботы.

Але Госпад сказаў яму ў адказ: крывадушнік: ці не адвязвае кожны з вас вала́ свайго ці асла́ ад ясьляў у суботу, і ці-ж не вядзе́ паіць?
 
Тады адказаў яму Госпад і сказаў: крывадушнік! кожны з вас у суботу ці ня адвязвае вала свайго ці асла ад ясьляў і вядзе паіць?

А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую зьвязаў шатан вось ужо восемнаццаць гадоў, ці-ж не нале́жала звольніць ад путаў гэтых у дзе́нь суботні?
 
А гэтую дачку Абрагамавую, якую вось ўжо васямнаццаць гадоў, як зьвязаў шатан, ці ня належала вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботы?

І, калі гаварыў Ён гэтае, усе́ ворагі Яго засароміліся; і ўве́сь народ ра́даваўся з усіх слаўных дзе́яньняў Яго.
 
І калі гаварыў Ён гэтае, усе праціўнікі Ягоныя засароміліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных учынкаў Ягоных.

Ён жа сказаў: да чаго падобна Царства Божае і да чаго прыраўную яго?
 
(Ён) жа сказаў: да чаго падобна Каралеўства Бога, і да чаго прыпадобню яго?

Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое ўзяўшы пасадзіў чалаве́к у садзе сваім: і вырасла і сталася вялíкім дрэвам, і птушкі нябе́сныя хаваліся ў галінах яго.
 
Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім, і (яно) вырасла і сталася вялікім дрэвам; і птушкі нябесныя гняздзіліся ў гольлі ягоным.

Яшчэ сказаў: да чаго прыраўную Царства Божае?
 
І яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Каралеўства Бога?

Яно падобна да рашчыны, якую жанчына ўзяла й палажыла ў тры ме́ры мукі, пакуль ня скісла ўсё.
 
Яно падобна да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль ня ськісла ўсё.

І праходзіў па ме́стах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях свой да Ерузаліму.
 
І праходзіў па местах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях Свой да Ярузаліму.

Не́хта сказаў Яму: Госпадзе! Няўжо-ж ма́ла такіх, што спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:
 
І нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо ратуюцца нямногія? Ён жа сказаў ім:

Старайцеся ўвайсьці праз це́сныя вароты, бо, кажу вам, многія будуць памыка́цца ўвайсьці ды ня здолеюць.
 
старайцеся ўвайсьці праз вузкія (або цесныя) вароты; бо многія, кажу вам, будуць памыкацца ўвайсьці ды ня здолеюць.

Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьве́ры, тады вы, стоячы вонках, пачнецё стукаць у дзьве́ры і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам! Але Ён скажа вам у адказ: ня ве́даю вас, адкуль вы.
 
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады (вы), стоячы вонках, станеце стукаць у дзьверы і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам. Але, адказаўшы, (ён) скажа вам: ня ведаю вас, адкуль вы.

Тады пачнецё гаварыць: мы е́лі й пілі перад Табою, і на вуліцах нашых навучаў Ты.
 
Тады пачнецё гаварыць: мы елі і пілí перад Табою, і на вуліцах (нашых) Ты нас навучаў.

Але Ён скажа: кажу вам: ня ве́даю вас, адкуль вы; адыдзе́це ад Мяне́ ўсе́, што чыняць няпраўду.
 
Але (Ён) скажа: кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, што чыняць беззаконьне.

Там будзе плач і скрыгот зубоў, калі ўбачыце Аўраама, Ізаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, вас жа прагоняць вон.
 
Там будзе рыданьне (плач наўзрыд) і скрыгот зубоў, калі вы ўбачыце Абрагама, Ісагака, Якуба і ўсіх прарокаў ў Каралеўстве Бога, вас жа праганяемымі вон.

І пры́дуць з усходу і за́хаду, і поўначы і паўдня, і сядуць за сталом у Царстве Божым.
 
І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Каралеўстве Бога.

І вось ёсьць апошнія, што будуць пе́ршымі, і ёсьць пе́ршыя, якія будуць апошнімі.
 
І вось, ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі.

У гэны дзе́нь прыйшлі некато́рыя з фарысэяў і гаварылі Яму: Ідзі сабе́ згэтуль, бо Цябе́ Ірад хоча забіць.
 
У гэны дзень падыйшлі нікаторыя хварысэі (і) казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль, бо Гірад хоча Цябе забіць.

І сказаў ім: пайдзе́це, скажэце гэтай лісіцы: вось выганяю чарто́ў і аздараўляю сягоньня і заўтра, а на трэці дзе́нь будзе Мне́ кане́ц.
 
І сказаў ім: пайшоўшы, скажыце гэтай лісіцы: вось, (Я) выганяю дэманаў і аздараўленьні чыню сёньня і заўтра, а на трэйці (дзень) скончу Сваю справу.

Толькі-ж мушу йсьці сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок пагіб вонках Ерузаліму.
 
Але Мне належыць хадзіць сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня бывае, каб прарок загінуў вонках Ярузаліму.

Ерузалім! Ерузалім! Ты, што забіваеш прарокаў і ка́меньмі закідаеш пасла́ных да цябе́! Колькі разоў хаце́ў Я сабраць дзяце́й тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крыльлі, і не хаце́лі.
 
Ярузалім, Ярузалім, (ты) што забіваеш прарокаў і што камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў (Я) сабраць дзяцей тваіх, як птушка (зьбірае) птушанят (сваіх) пад крылы, але (вы) ня захацелі.

Вось жа пакідаецца вам дом ваш пусты́. Кажу-ж вам, што вы ня ўбачыце Мяне́, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: багасла́ўлены, што ідзе́ ў імя Госпада.
 
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. І кажу вам праўду, што ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе (час) калі скажаце: Багаслаўлены, Каторы ідзе ў Імя Госпада!