Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

І ў гэты ж час прыйшлі некаторыя і паведамілі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
 
І ў гэты час прыйшлі нікаторыя, (і) расказалі Яму пра галілейцаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў зь іхнымі ахвярамі.

І ў адказ Ён31 сказаў ім: Ці думаеце вы, што гэтыя галілеяне былі больш грэшныя за ўсіх галілеян, калі яны гэтак пацярпелі?
 
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: (вы) думаеце, што гэтыя галілейцы былі больш грэшныя за ўсіх галілейцаў, што так адпакутавалі?

Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.

Або тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і забіла іх, — ці думаеце вы, што яны былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, што жывуць у Іерусаліме?
 
Альбо тыя васямнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і пабіла іх, думаеце, што яны былі вінаватыя больш за ўсіх людзей жывучых у Ярузаліме?

Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, усе гэтак жа загінеце.
 
Не, кажу вам, але калі ня пакаецеся, усе гэтаксама загінеце.

І Ён казаў гэтую прыпавесць: У аднаго чалавека ў вінаградніку было пасаджана фігавае дрэва, і прыйшоў ён шукаць на ім плоду, і не знайшоў.
 
І казаў гэтую прыповесьць: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду і ня знайшоў.

І ён сказаў вінаградару: Вось тры гады, як я прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; [дык] ссячы яго, навоўта яно і зямлю марнуе?
 
І сказаў (ён) вінаградару: вось, (я) трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і ня знаходжу; сьсячы яе, на што (яна) і зямлю займае бяз карысьці?

Але той у адказ яму кажа: Гаспадару, пакінь яго і на гэты год, пакуль я не абкапаю яго і не абкладу гноем,
 
Ён жа, адказаўшы, гаворыць яму: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапаю яе і абкладу гноем,

ці не дасць плоду на наступны год? Калі ж не, ссячэш яго.
 
і можа прынясе плод, калі ж не, (то) на той год сьсячэш яе.

І навучаў Ён у адной з сінагог у суботу.
 
І навучаў (Ён) у адной з сынагогаў па суботах.

І вось была там жанчына, што васямнаццаць гадоў мела духа немачы, і была яна скурчаная і не магла зусім выпрастацца.
 
І вось (там) была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы; і была яна скорчыўшыся, і ня магла ані выпрастацца.

І Ісус, убачыўшы яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызваленая ад твае немачы.
 
Убачыўшы ж яе, Ісус падазваў яе і сказаў ёй: жанчына! (ты) вызвалена ад немачы тваёй.

І Ён усклаў на яе рукі, і яна зараз жа выпрасталася і славіла Бога.
 
І ўсклаў на яе Рукі; і адразу выпрасталася, і славіла Бога.

У адказ жа на гэта начальнік сінагогі, абурыўшыся, што Ісус вылечыў у суботу, сказаў да натоўпу: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць; таму ў гэтыя дні прыходзьце і вылечвайцеся, а не ў суботні дзень.
 
Загаварыўшы ж начальнік сынагогі, абураючыся, што ў суботу Ісус аздаравіў, казаў народу: ёсьць шэсьць дзён, у якія належыць працаваць, у тыя прыходзьце (і) аздараўляйцеся, а ня ў дзень суботы.

І адказаў яму Госпад і сказаў: Крывадушнікі32, ці ж не кожны з вас у суботу адвязвае свайго вала ці асла ад ясляў і вядзе паіць?
 
Тады адказаў яму Госпад і сказаў: крывадушнік! кожны з вас у суботу ці ня адвязвае вала свайго ці асла ад ясьляў і вядзе паіць?

А гэтую — Аўраамаву дачку, якую звязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у суботні дзень?
 
А гэтую дачку Абрагамавую, якую вось ўжо васямнаццаць гадоў, як зьвязаў шатан, ці ня належала вызваліць ад путаў гэтых у дзень суботы?

І калі Ён казаў гэта, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь натоўп цешыўся з усіх слаўных учынкаў, якія Ён рабіў.
 
І калі гаварыў Ён гэтае, усе праціўнікі Ягоныя засароміліся; і ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных учынкаў Ягоных.

Дык Ён казаў: Да чаго падобнае Царства Божае і з чым яго параўнаю?
 
(Ён) жа сказаў: да чаго падобна Каралеўства Бога, і да чаго прыпадобню яго?

Яно падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек, узяўшы, кінуў у свой сад, і вырасла яно і стала [вялікім] дрэвам, і нябесныя птушкі гняздзіліся ў голлі яго.
 
Яно падобна да зярняці гарчычнага, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім, і (яно) вырасла і сталася вялікім дрэвам; і птушкі нябесныя гняздзіліся ў гольлі ягоным.

І зноў сказаў Ён: З чым параўнаю Царства Божае?
 
І яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Каралеўства Бога?

Яно падобнае да закваскі, якую ўзяла жансына і паклала ў тры саты33 мукі, пакуль усё не ўкісла.
 
Яно падобна да рашчыны, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль ня ськісла ўсё.

І праходзіў Ён па гарадах і сёлах, навучаючы і кіруючыся ў Іерусалім.
 
І праходзіў па местах і сёлах, навучаючы і кіруючы шлях Свой да Ярузаліму.

І нехта сказаў Яму: Госпадзе, ці нямногія будуць уратаваны? — А Ён адказаў ім:
 
І нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо ратуюцца нямногія? Ён жа сказаў ім:

Змагайцеся, каб увайсці праз вузкія дзверы34, бо многія, кажу вам, будуць імкнуцца ўвайсці, але не змогуць.
 
старайцеся ўвайсьці праз вузкія (або цесныя) вароты; бо многія, кажу вам, будуць памыкацца ўвайсьці ды ня здолеюць.

Калі ўстане Гаспадар дома і зачыніць дзверы, і вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: «Госпадзе, [Госпадзе,] адчыні нам», а Ён у адказ скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы».
 
Калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзьверы, тады (вы), стоячы вонках, станеце стукаць у дзьверы і казаць: Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам. Але, адказаўшы, (ён) скажа вам: ня ведаю вас, адкуль вы.

Тады вы пачняце казаць: «Мы елі перад Табою і пілі, і на нашых вуліцах навучаў Ты».
 
Тады пачнецё гаварыць: мы елі і пілí перад Табою, і на вуліцах (нашых) Ты нас навучаў.

А Ён скажа, мовячы вам: [Кажу вам:] не ведаю [вас], адкуль вы; адыдзіце ад Мяне ўсе, што чыняць няправеднасці.
 
Але (Ён) скажа: кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, што чыняць беззаконьне.

Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Аўраама, і Ісаака, і Іякава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а вас выкідваюць вон.
 
Там будзе рыданьне (плач наўзрыд) і скрыгот зубоў, калі вы ўбачыце Абрагама, Ісагака, Якуба і ўсіх прарокаў ў Каралеўстве Бога, вас жа праганяемымі вон.

І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня, і ўзлягуць у Царстве Божым.
 
І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Каралеўстве Бога.

І вось ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.
 
І вось, ёсьць апошнія, якія будуць першымі, і ёсьць першыя, якія будуць апошнімі.

У гэтую ж гадзіну35 падышлі некаторыя з фарысеяў, кажучы Яму: Выйдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
 
У гэны дзень падыйшлі нікаторыя хварысэі (і) казалі Яму: выйдзі і ідзі адсюль, бо Гірад хоча Цябе забіць.

А Ён сказаў ім: Пайдзіце і скажыце гэтаму лісу: вось Я выганяю дэманаў і вылечваю сёння і заўтра, і на трэці дзень скончу.
 
І сказаў ім: пайшоўшы, скажыце гэтай лісіцы: вось, (Я) выганяю дэманаў і аздараўленьні чыню сёньня і заўтра, а на трэйці (дзень) скончу Сваю справу.

Але Мне трэба хадзіць сёння, і заўтра, і ў наступны [дзень], бо немажліва, каб прарок загінуў па-за Іерусалімам.
 
Але Мне належыць хадзіць сягоньня і заўтра і пасьлязаўтра, бо ня бывае, каб прарок загінуў вонках Ярузаліму.

Іерусалім, Іерусалім, што забівае прарокаў і каменуе пасланых да яго! Колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка сваіх птушанят пад крылле, ды вы не захацелі!
 
Ярузалім, Ярузалім, (ты) што забіваеш прарокаў і што камянуеш пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў (Я) сабраць дзяцей тваіх, як птушка (зьбірае) птушанят (сваіх) пад крылы, але (вы) ня захацелі.

Вось павідаецца вам дом ваш [пусты]. Кажу [ж] вам: Вы не ўбачыце Мяне, пакуль не [прыйдзе час, калі] скажаце: Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Госпада!»
 
Вось, пакідаецца вам дом ваш пусты. І кажу вам праўду, што ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе (час) калі скажаце: Багаслаўлены, Каторы ідзе ў Імя Госпада!