Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Сабілы і Малахава
І ста́лася, прыйшоў Ён у суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зье́сьці хле́ба, і яны сачылі Яго;
І сталася Яму прыйсьці ў суботу ў дом нейкага начальніка хварысэяў паесьці хлеба, і яны сачылі за Ім;
і вось перад Ім зьявіўся чалаве́к, хворы на вадзянку.
і вось зьявіўся перад Ім нейкі чалавек, хворы на вадзянку.
І, азваўшыся, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям: ці дазваля́ецца аздараўляць у суботу?
І, загаварыўшы да законьнікаў і хварысэяў, Ісус запытаў (іх) кажучы: ці дазваляецца (па Закону) аздараўляць у суботу?
Яны маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Яны ж прамаўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе́ ў студню, ці ня ўраз выцягне яго ў суботу?
І, загаварыўшы да іх, запытаў: калі чый-небудзь із вас асёл ці вол уваліцца ў студню, ці ня адразу выцягнеце яго ў дзень суботы?
І не маглі адказаць Яму на гэтае.
І ня змаглі (яны) Яму запярэчыць на гэта.
Заўважыўшы-ж, як запро́шаныя выбіралі пе́ршыя ме́сцы, сказаў ім прыповесьць:
Казаў жа (Ён) запрошаным прыповесьць, убачыўшы як (яны) выбіралі першыя мейсцы, гаворачы ім:
Калі запросіць цябе́ не́хта на вясе́льле, не сяда́й на пе́ршае ме́сца, каб не надарыўся хто паважне́йшы за цябе́ спамíж запрошаных ім,
калі ты запрошаны кім-небудзь на вясельле, ня узьлягай на першае мейсца, каб сярод запрошаных ім ня аказаўся (нехта) больш шаноўны за цябе,
і каб той, што прасіў цябе́ і яго, падыйшоўшы не сказаў бы табе: дай яму ме́сца; і тады з сорамам павінен будзеш се́сьці на апошняе ме́сца.
і той, хто запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: саступі яму мейсца; і тады (ты) з сорамам зоймеш апошняе мейсца.
Але, калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы сядай на апошняе ме́сца, каб той, што прасіў цябе́, падыйшоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй; тады будзе табе́ пашана перад се́дзячымі з табою;
Але, калі (ты) запрошаны, прыйшоўшы, узьляж на апошнім мейсцы, каб, калі падыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: дружа! перайдзі вышэй. Тады будзе табе гонар перад узьляжачымі з табою.
бо кожын, хто сам сябе́ вывышша́е, будзе панíжаны, а хто сябе́ паніжа́е, будзе ўзвы́шаны.
Бо кожны, хто ўзвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
Сказаў жа і запрасіўшаму Яго: калі ладзіш абе́д, ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні сусе́дзяў багатых, каб і яны цябе́ не запрасілі не́калі, і ты не дастаў адплаты.
Казаў жа (Ён) і запрасіўшаму Яго: калі ты ладзіш абед ці вячэру ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні суседзяў багатых, каб і яны цябе ня запрасілі (узаемна) каб ня сталася табе адплата.
Але, калі ладзіш, заклікай убогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
Але, калі ты ладзіш урачысты абед, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых,
І шчасьлівы будзеш, што яны ня змогуць адплаціць табе́, бо адда́сца табе́ ў ускрасе́ньне праведных.
і шчасьлівы будзеш, бо яны ня могуць адплаціць табе; бо аддасца табе ў ускрасеньне праведных.
Пачуўшы гэтае, не́хта з супачываўшых з Ім сказаў Яму: шчасьлівы, хто пакаштуе хле́ба ў царстве Божым.
Нехта ж з узьляжачых, пачуўшы гэта, сказаў Яму: шчасьлівы той, хто будзе есьці хлеб у Каралеўстве Бога.
Ён жа сказаў яму: адзін чалаве́к справіў вялікі банке́т і паклікаў многіх;
Ён жа сказаў яму: нейкі чалавек зладзіў багатую вячэру і запрасіў многіх.
і, калі настаў час банке́ту, паслаў слугу́ свайго сказаць запро́шаным: ідзе́це, бо ўжо ўсё гатова.
І паслаў раба свайго ў час вячэры сказаць запрошаным: прыходзьце, бо ўжо ўсё гатова.
І пачалі ўсе́, быццам змовіўшыся, прасіць прабачэньня. Пе́ршы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне́ трэба пайсьці паглядзе́ць яе́; прашу цябе́, выбач мне́.
І пачалí дружна, усе як адзін, прасіць прабачэньня. Першы сказаў яму: (я) купіў зямлю і мне трэба пайсьці паглядзець яе; прашу цябе, прабач мне.
Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і йду про́баваць іх; прашу цябе́, выбач мне́.
І другі сказаў: (я) купіў пяць пар валоў, і іду выпрабаваць іх; прашу цябе, прабач мне.
Трэці сказаў: я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
І іншы сказаў: (я) ажаніўся, і таму ня магу прыйсьці.
І, вярнуўшыся, слуга той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дому сказаў слузе́ свайму: пайдзі хутчэй па вуліцах і вулках места і прывядзі сюды ўбогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
І, вярнуўшыся, раб той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгневаўшыся, гаспадар дому сказаў рабу свайму: выйдзі хутчэй на вуліцы і завулкі места і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, і сьляпых, і кульгавых.
І сказаў слуга: гаспадар! ста́лася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць ме́сцы.
І сказаў раб: гаспадар! сталася, як ты загадаў, і яшчэ ёсьць мейсца.
І гаспадар сказаў слузе́: пайдзі па дарогах і ля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
І сказаў гаспадар рабу: выйдзі на дарогі і каля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой.
бо кажу вам, што ніхто з тых, што былі про́шаны, не пакаштуе мае́ вячэры.
Бо кажу вам, што ніхто з тых запрошаных мужчын ня пакаштуе маёй вячэры.
І вялікія грамады йшлі за Ім; і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
І вялікія грамады ішлі за Ім, і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
Калі хто прыходзіць да Мяне́ і не зьненавідзіць бацьку свайго і матку, і жану, і дзяце́й, і братоў, і сёстраў, а пры тым і са́мае жыцьцё сваё, той ня можа быць вучнем Маім;
Калі хто прыходзіць да Мяне і ня зьнянавідзіць бацьку свайго і матку, і жонку і дзяцей, і братоў і сёстраў, а яшчэ і жыцьцё сваё, ня можа быць Маім вучнем;
і хто не нясе́ крыжа свайго і йдзе́ за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
і хто ня нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
Бо хто з вас, надумаўшы башту стаўляці, ня сядзе ране́й і не аблічыць выдаткаў, ці ма́е, каб дакончыць яе́,
Бо хто з вас, жадаючы пабудаваць вежу, перш, сеўшы, ня палічыць выдаткі, ці мае (патрэбнае) для завяршэньня,
каб, калі паложа фундамант і ня здолее дако́нчыць, усе́, гле́дзячы, ня сталі сьмяяцца з яго,
Каб калі паложыць ён падмурак і ня здолее дакончыць, усе назіраючыя ня пачалí сьмяяцца зь яго,
кажучы: гэты чалаве́к пача́ў будаваць башту і ня мог дакончыць!
кажучы: гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць.
Або ці які цар, ідучы на вайну супраць другога цара, ня сядзе і не парадзіцца ране́й, ці здолее ён з дзесяцьма тысячамі даць адпор таму, хто йдзе́ на яго з дваццацьма тысячамі;
Або які кароль ідучы на вайну супраць другога караля, сеўшы, перш, ня параіцца, ці здолее (ён) з дзесяцьцю тысячамі сустрэць ідучага на яго з дваццацьцю тысячамі?
бо, калі не́, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ да яго пасольства прасіць міру.
Бо калі не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Гэтак кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што ма́е, ня можа быць Маім вучнем.
Гэтак кожны з вас, хто ня адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.
Соль добрая рэч; але калі соль згубіць сілу, чым паправіш яе́?
Соль — добрая (рэч), але калі соль страціць сілу, як вернеш ёй салёнасьць?
Ні ў зямлю, ні ў гной не надае́цца, вон выкідаюць яе́. Хто ма́е вушы слышаць, няхай слухае.
Ні ў зямлю, ні на ўгнаеньне яна ня прыдатная; вон выкідаюць яе. Хто мае вушы, каб чуць, няхай слухае!