Лукаша 14 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І ста́лася, прыйшоў Ён у суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зье́сьці хле́ба, і яны сачылі Яго;
І сталася прыйсьці Яму ў суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зьесьці хлеба, і яны сачылі за Ім.
і вось перад Ім зьявіўся чалаве́к, хворы на вадзянку.
І вось, быў перад Ім нейкі апухлы чалавек.
І, азваўшыся, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям: ці дазваля́ецца аздараўляць у суботу?
І, адказваючы, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям, кажучы: «Ці належыцца аздараўляць у суботу?»
Яны маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
Яны ж маўчалі. І, дакрануўшыся, Ён аздаравіў яго і адпусьціў.
Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе́ ў студню, ці ня ўраз выцягне яго ў суботу?
І, адказваючы ім, сказаў: «Калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе ў калодзеж, ці не адразу выцягне яго ў дзень суботні?»
І не маглі адказаць Яму на гэтае.
І не маглі яны з Ім пра гэта спрачацца.
Заўважыўшы-ж, як запро́шаныя выбіралі пе́ршыя ме́сцы, сказаў ім прыповесьць:
І ўгледзеўшы, як тыя, што былі запрошаныя, выбіралі першыя месцы, сказаў ім прыповесьць, кажучы ім:
Калі запросіць цябе́ не́хта на вясе́льле, не сяда́й на пе́ршае ме́сца, каб не надарыўся хто паважне́йшы за цябе́ спамíж запрошаных ім,
«Калі запросіць цябе нехта на вясельле, не ўзьлягай на першае месца, каб не было каго паважнейшага за цябе паміж запрошаных ім.
і каб той, што прасіў цябе́ і яго, падыйшоўшы не сказаў бы табе: дай яму ме́сца; і тады з сорамам павінен будзеш се́сьці на апошняе ме́сца.
І той, які запрасіў цябе і яго, падыйшоўшы, скажа табе: “Дай яму месца”, і тады ты з сорамам павінен будзеш сесьці на апошняе месца.
Але, калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы сядай на апошняе ме́сца, каб той, што прасіў цябе́, падыйшоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй; тады будзе табе́ пашана перад се́дзячымі з табою;
Але, калі будзеш запрошаны, прыйшоўшы, узьлягай на апошняе месца, каб той, які запрасіў цябе, калі падыйдзе, сказаў табе: “Сябра, перасядзь вышэй”. Тады будзе табе слава перад тымі, што ўзьлягаюць разам з табою.
бо кожын, хто сам сябе́ вывышша́е, будзе панíжаны, а хто сябе́ паніжа́е, будзе ўзвы́шаны.
Бо ўсякі, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны».
Сказаў жа і запрасіўшаму Яго: калі ладзіш абе́д, ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні сусе́дзяў багатых, каб і яны цябе́ не запрасілі не́калі, і ты не дастаў адплаты.
Сказаў жа і таму, які запрасіў Яго: «Калі ладзіш бяседу ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў тваіх, ані суседзяў багатых, каб і яны цябе не запрасілі, і ты атрымаў бы нагароду.
Але, калі ладзіш, заклікай убогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
Але калі ты ладзіш пачастунак, запрашай убогіх, калекаў, кульгавых, сьляпых.
І шчасьлівы будзеш, што яны ня змогуць адплаціць табе́, бо адда́сца табе́ ў ускрасе́ньне праведных.
І шчасьлівы ты будзеш, што яны ня змогуць аднагародзіць табе, бо будзе аднагароджана табе ва ўваскрасеньне праведных».
Пачуўшы гэтае, не́хта з супачываўшых з Ім сказаў Яму: шчасьлівы, хто пакаштуе хле́ба ў царстве Божым.
Пачуўшы гэта, нехта з тых, якія ўзьлягалі, сказаў Яму: «Шчасьлівы, хто будзе есьці хлеб у Валадарстве Божым».
Ён жа сказаў яму: адзін чалаве́к справіў вялікі банке́т і паклікаў многіх;
Ён жа сказаў яму: «Нейкі чалавек справіў вялікую вячэру, і паклікаў многіх,
і, калі настаў час банке́ту, паслаў слугу́ свайго сказаць запро́шаным: ідзе́це, бо ўжо ўсё гатова.
і ў гадзіну вячэры паслаў слугу свайго сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо ўсё падрыхтавана”.
І пачалі ўсе́, быццам змовіўшыся, прасіць прабачэньня. Пе́ршы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне́ трэба пайсьці паглядзе́ць яе́; прашу цябе́, выбач мне́.
І пачалі ўсе па чарзе выбачацца. Першы сказаў яму: “Я купіў зямлю, і мне трэба пайсьці і паглядзець яе; прашу цябе, выбач мне”.
Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і йду про́баваць іх; прашу цябе́, выбач мне́.
І другі сказаў: “Я купіў пяць параў валоў і іду выспрабаваць іх; прашу цябе, выбач мне”.
Трэці сказаў: я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
І другі сказаў: “Я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці”.
І, вярнуўшыся, слуга той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дому сказаў слузе́ свайму: пайдзі хутчэй па вуліцах і вулках места і прывядзі сюды ўбогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
І, вярнуўшыся, слуга той паведаміў гэтае пану свайму. Тады, загневаўшыся, гаспадар дому сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй па вуліцах і завулках гораду і прывядзі сюды і ўбогіх, і калекаў, і кульгавых, і сьляпых”.
І сказаў слуга: гаспадар! ста́лася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць ме́сцы.
І сказаў слуга: “Пане! Сталася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць месцы”.
І гаспадар сказаў слузе́: пайдзі па дарогах і ля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
І сказаў пан слузе: “Ідзі на дарогі і да платоў і змушай прыйсьці, каб напоўніўся дом мой,
бо кажу вам, што ніхто з тых, што былі про́шаны, не пакаштуе мае́ вячэры.
бо кажу вам, што ніхто з тых мужоў, што былі запрошаныя, не пакаштуе маёй вячэры”».
І вялікія грамады йшлі за Ім; і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
І сабраліся шматлікія натоўпы да Яго, і, павярнуўшыся, Ён сказаў ім:
Калі хто прыходзіць да Мяне́ і не зьненавідзіць бацьку свайго і матку, і жану, і дзяце́й, і братоў, і сёстраў, а пры тым і са́мае жыцьцё сваё, той ня можа быць вучнем Маім;
«Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацьку свайго і маці, і жонку, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і саму душу сваю, той ня можа быць вучнем Маім.
і хто не нясе́ крыжа свайго і йдзе́ за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
І хто не нясе крыжа свайго і ідзе за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
Бо хто з вас, надумаўшы башту стаўляці, ня сядзе ране́й і не аблічыць выдаткаў, ці ма́е, каб дакончыць яе́,
Бо хто з вас, хочучы пабудаваць вежу, сеўшы спачатку, не аблічыць выдаткаў, ці мае, каб дакончыць яе,
каб, калі паложа фундамант і ня здолее дако́нчыць, усе́, гле́дзячы, ня сталі сьмяяцца з яго,
каб, калі закладзе падмурак і ня здолее дакончыць, усе, якія гэта бачылі, ня сталі сьмяяцца з яго,
кажучы: гэты чалаве́к пача́ў будаваць башту і ня мог дакончыць!
кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і ня здолеў дакончыць!”
Або ці які цар, ідучы на вайну супраць другога цара, ня сядзе і не парадзіцца ране́й, ці здолее ён з дзесяцьма тысячамі даць адпор таму, хто йдзе́ на яго з дваццацьма тысячамі;
Або які валадар, ідучы на вайну супраць другога валадара, сеўшы спачатку, не парадзіцца, ці магчыма з дзесяцьцю тысячамі супрацьстаць таму, хто ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі.
бо, калі не́, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ да яго пасольства прасіць міру.
Калі ж не, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасольства прасіць міру.
Гэтак кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што ма́е, ня можа быць Маім вучнем.
Гэтак усякі з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць вучнем Маім.
Соль добрая рэч; але калі соль згубіць сілу, чым паправіш яе́?
Соль добрая; калі ж соль згубіць сілу, чым прыправіць яе?
Ні ў зямлю, ні ў гной не надае́цца, вон выкідаюць яе́. Хто ма́е вушы слышаць, няхай слухае.
Ані ў зямлю, ані ў гной яна не надаецца, вон выкідаюць яе. Хто мае вушы каб слухаць, няхай слухае».