Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
Пасьля гэтага выбраў Госпад і другіх се́мдзесят вучняў і паслаў іх па двох перад абліччам Сваім у кожнае ме́ста і ме́сца, куды Сам ме́ўся йсьці.
Пасьля гэтага прызначыў Госпад іншых семдзясят і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці.
І сказаў ім: жніво бага́тае, а работнікаў мала; дык прасе́це Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
Ідзе́це! Я пасылаю вас, як ягня́т сярод ваўкоў.
Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Не бярэце ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе ня вітайце.
Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце.
У якую-ж хату ўво́йдзеце, пе́рш кажэце: мір дому гэтаму!
У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!”
І калі будзе там сын міру, то супачыне на ім мір ваш; а калі не́, то да вас ве́рнецца.
І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца.
У доме-ж тым аставайцеся, е́шце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варт платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі пры́дзеце ў якое ме́ста, і прымуць вас, е́шце, што вам дадуць;
І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць;
і адзараўляйце ў іх хворых, і кажэце ім: падыйшло да вас Царства Божае.
і аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
Калі-ж пры́дзеце ў якое ме́ста, і ня прымуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце:
і пыл, што прыліп да нас ад вашага ме́ста, абтрасаем вам: аднак жа ве́дайце, што падыйшло да вас Царства Божае.
“І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
Кажу-ж вам, што Садому ў дзе́нь той ле́пей будзе, чымся ме́сту гэткаму.
Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму.
Гора табе́, Харазін! гора табе́, Віфсаіда! Бо калі-б у Тыры й Сідоне сталіся цуды, што дзе́яліся ў вас, то даўно-б яны пака́яліся, се́дзячы ў валася́ніцы ды по́пелі;
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле.
але Тыру й Сідону ле́пш будзе на судзе́, чым вам.
Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
І ты, Капэрнаум, да не́ба ўзьнёсшыся, да пе́кла спадзе́ш.
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш.
Хто слухае вас — Мяне́ слухае, і хто вас цураецца, той Мяне́ цураецца; а хто цураецца Мяне́, цураецца і Пасла́ўшага Мяне́.
Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне».
Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю ды гаварылі: Госпадзе! і чарты́ слухаюцца нас дзеля іме́ньня Твайго.
А семдзясят вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё».
Ён жа сказаў ім: Я бачыў шатана́, спаўшага з не́ба як мало́ньня;
Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца.
вось даю вам уладу наступаць на зьме́яў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам.
аднак жа з таго ня це́шцеся, што духі вам пакараюцца; але це́шцеся з таго, што іме́ньні вашыя запісаны на нябёсах.
Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе».
У той час узрадаваўся духам Ісус і сказаў: Хвала́ Табе, Ойча, Госпадзе не́ба й зямлі, што ты ўтаіў гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў малым. Запраўды, Ойча; бо так яно ўпадабалася прад абліччам Тваім.
У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе».
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне́ адда́на Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ве́дае ніхто, апрача Айца, і Хто ёсьць Аце́ц, ня ве́дае ніхто, апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць.
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць».
І, зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: шчасьлівыя во́чы, бачучы тое, што вы бачыце!
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
бо кажу вам, што многія прарокі й цары хаце́лі бачыць, што́ вы бачыце, і ня бачылі; і слышаць, што́ вы чуеце, і ня слышалі.
Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі».
І вось адзін законьнік устаў і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Вучыцель! што мне́ рабіць, каб унасьле́даваць жыцьцё ве́чнае?
І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
Ён сказаў у адказ: узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсе́ю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе́.
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».
Ісус сказаў яму: справядліва ты адказаў; так рабі, і будзеш жыць.
[Ісус] сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць»
Але ён, хочучы апраўдаць сябе́, сказаў Ісусу: а хто мой бліжні?
Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?»
На гэтае сказаў Ісус: не́йкі чалаве́к ішоў з Ерузаліму да Ерыхону і папаўся разбойнікам, каторыя зьнялі з яго вопратку, ранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ле́дзь жывым.
На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
Здарэньнем адзін сьвяшчэньнік ішоў гэтай дарогай і, угле́дзіўшы яго, прайшоў міма.
Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго.
Таксама й лявіт, быўшы на тым ме́сцы, падыйшоў, паглядзе́ў і прайшоў міма.
Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго.
Самаранін жа не́йкі, ідучы, найшоў на яго і, угле́дзіўшы, зьлітаваўся,
А Самаранін нейкі, ідучы, падыйшоў да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся.
і, падыйшоўшы, перавязаў яму ра́ны, паліўшы але́ем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў зае́зд і паклапаціўся аб ім;
І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго.
а на другі дзе́нь, ад’яжджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару зае́зду і сказаў яму: даглядай яго і, калі выдаш што бале́й, я, вярнуўшыся, аддам табе́.
А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”.
Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў бліжні таму, што папаўся разбойнікам?
Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?»
Ён сказаў: той, што зьлітаваўся над ім. Тады Ісус сказаў яму: ідзі й ты рабі гэтак.
Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак».
І сталася ў часе дарогі іх, прыйшоў Ён у вадно сяло; тут жанчына, іме́ньнем Марта, прыняла Яго ў дом свой;
І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой.
у яе́ была сястра, на імя Марыя, якая се́ла ля ног Ісусавых і слухала слова Яго.
І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае.
Марта-ж клапацілася аб вялікай паслузе і, падыйшоўшы, сказала: Госпадзе! ці-ж Табе́ ня рупіць, што сястра мая адну мяне́ пакінула паслугоўваць? скажы ёй, каб памагла мне́.
А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне».
Ісус жа сказаў ёй у адказ: Марта! Марта! ты турбуешся і клапоцішся аб многае,
Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
а адно толькі патрэбна. Марыя-ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе́.
а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе».