Да Эфэсянаў 6 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дзе́ці, слухайце бацькоў сваіх у Госпадзе, бо гэта справядліва.
 
Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.

Паважай бацьку твайго і матку, — гэта пе́ршая за́паведзь з прырачэньнем:
 
Шануй бацьку твайго і маці — гэта першая запаведзь з абяцаньнем:

каб было табе́ добра, і быў даўгале́тнім на зямлі (Выхад 20:12).
 
«Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».

І вы, айцы, не дражне́це дзяце́й вашых, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінаньні Гасподнім.
 
І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.

Рабы́, будзьце паслухмянымі паном сваім водле це́ла, з страхам і дрыжэньнем, у прастаце́ сэрца вашага, як-бы Хрысту,
 
Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,

не на вачох толькі паслугуючы, як дагаджаючыя чалаве́ку, але як рабы Хрыстовыя, выпаўняючы волю Божую ад душы,
 
ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,

са шчырасьцяй паслугуючы Госпаду, а ня людзям,
 
служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,

ве́даючы, што кожны, хто зробіць не́шта добрае атрымае тое ад Госпада, ці ён раб, ці свабодны.
 
ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.

І вы, гаспадары, тое-ж рабе́це ім, палягчаючы суровасьць, ве́даючы, што й вам самым ёсьць на нябёсах гаспадар, у якога няма ўвагі на аблічча.
 
І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.

Накане́ц, браты мае́, крапчэйце ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Яго;
 
Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;

апране́цеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябальскіх;
 
апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д’ябальскіх;

бо наша барацьба ня супраць крыві й це́ла, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьве́тных валадароў це́мры гэтага ве́ку, супраць духаў злосьці паднябе́сных.
 
бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.

Дзеля гэтага прыме́це ўсю зброю Божую, каб вы маглі ўстаяці ў ліхі дзе́нь і, усё зрабіўшы, астацца стаяць.
 
Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.

Дык стойце-ж, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю і апрануўшыся ў зброю праведнасьці,
 
Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,

і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
 
і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;

а па-над усё вазьме́це шчыт ве́ры, якім зможаце затушыць усе́ разпаленыя стрэлы крывадушніка;
 
а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;

і шалом збаўле́ньня вазьме́це, і ме́ч духоўны, які ёсьць слова Божае;
 
і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;

усякаю малітваю і просьбаю мале́цеся ў-ва ўсякі час духам і таго пілнуйцеся ў усякім цярпе́ньні і мале́ньні за ўсіх сьвятых
 
усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых

дый за мяне́, каб мне́ дадзена было слова на адчыняньне вуснаў маіх, каб адважна абвяшчаць тайну Эвангельля,
 
і за мяне, каб мне дадзена было слова — вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,

якога я й паслане́ц у путах, каб у ім быў сьме́лы, як мне́ трэба гаварыць.
 
дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.

А каб і вы ве́далі аба мне́, што я ро́блю, усё вам раскажа Тыхік, умілаваны брат і ве́рны служка ў Госпадзе,
 
А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,

якога я і паслаў да вас дзеля гэтага самага, каб вы даве́даліся аб нашых справах, і каб ён пацешыў сэрцы вашыя.
 
якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.

Мір братом і любоў з ве́раю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

Ласка з усімі, што любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў нятле́ннасьці. Амін.
 
Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.