Марка 4 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Вітаўта Тумаша
І ізноў пачаў навучаць над морам; і сабралося да Яго такое множства народу, што Ён увайшоў у човен і сядзе́ў у моры, а ўве́сь народ быў на зямлі ля мора.
І навучаў іх шмат прыпо́весьцямі, і ў навуцы сваёй гаварыў ім:
Слухайце: вось вы́йшаў се́йбіт се́яць.
І сталася, як се́яў, што іншае ўпала пры дарозе, і наляце́лі птушкі нябе́сныя ды падзёўбалі тое;
іншае ўпала на каме́нны грунт, дзе́ мала было зямлі, і хутка ўзыйшло, бо зямля была няглыбокая;
калі-ж узыйшло сонца, завя́ла ды, ня ма́ючы караня́, засохла.
Іншае ўпала між шыпшы́ньнікам, і шыпшыньнік вы́рас, і заглушы́ў яго, і яно не дало плёну;
іншае ўпала на добрую зямлю і дало плён, што ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла іншае трыццаць, іншае шэсьцьдзесят, іншае сто.
І сказаў ім: хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
Калі-ж Ён быў Сам, акружаўшыя Яго разам з дванаццацьма спыталіся ў Яго аб прыпо́весьці.
І сказаў ім: вам да́дзена ве́даць тайны царства Божага, а тым вонках усё стае́цца ў прыповесьцях,
каб, гле́дзячы вачы́ма, глядзе́лі й ня бачылі; слу́хаючы, чулі й не разуме́лі; каб не навярнуліся, ды каб ня былі дарава́ны ім грахі іхнія.
І кажа ім: не разуме́еце гэтае прыпо́весьці? Як жа вам зразуме́ць усе́ прыпо́весьці?
Вось жа тыя, што ля дарогі, дзе́ се́ецца слова, як толькі пачуюць яго, дык ураз жа сатана́ й вырывае слова, пасе́янае ў сэрцах іх.
Таксама й тыя, што пасе́яны на камянíстым ме́сцы, якія, ле́дзь пачуюць слова, зараз з ра́дасьцю прыймаюць яго,
ды ня маюць у сабе́ караня́, дык дачэсныя: як толькі прыйдзе у́ціск ці перасьле́даваньне за слова, зараз спакуша́юцца.
І тыя, што ў шыпшы́ньніку пасе́яны, гэта тыя, што чуюць слова,
але ў якіх турботы гэтага ве́ку, прына́да багацьця ды іншыя пажаданьні, увахо́дзячы ў іх, глу́шаць слова, і яно стае́цца бясплодным.
І што пасе́яна на добрай зямлі, гэта тыя, якія слу́хаюць слова і прыймаюць яго, і даюць плен: адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзесят, іншы ў сто разоў.
І сказаў Ім: ці на тое прыносіцца сьвятло́, каб паставіць яго пад пасу́дзіну ці пад ложак, а не на тое, каб паставіць яго на сьве́тачу?
Бо няма нічога тайнага, каб не зрабілася яўным: бо ня сталася дзеля ўкрываньня, а каб вы́явілася.
Калі хто ма́е вушы чуць, няхай чуе.
І сказаў ім: заўважа́йце, што чуеце: якою ме́раю ме́раеце, гэткаю й вам адме́рана будзе і дададзена будзе вам, што слухаеце.
Бо хто ма́е, таму будзе да́дзена, а хто ня ма́е, у таго ады́мецца й тое, што ма́е.
І сказаў: гэтак ёсьць царства Божае, як калі чалаве́к кíдае зе́рне ў зямлю,
і сьпіць, і ўстае́ ўначы і ўдзе́нь, і насе́ньне ўзыходзіць і расьце́, што ён ня ве́дае;
бо зямля́ сама́ сабою родзіць сьпярша рунь, пасьля колас, пасьля зе́рне ў коласе.
Калі-ж дасьпява́е плён, ураз жа шле́ць се́рп, бо надыйшло жніво́.
І сказаў: да чаго падобна царства Божае? Ці якою прыпо́весьцю вы́кажам яго?
Яно як зе́рне гарчы́чнае, якое, калі се́ецца ў зямлю, дык ёсьць ме́ншае за ўсе́ зярнаты на зямлі,
а калі пасе́яна, узыходзіць і робіцца большым за ўсе́ расьлíны і пускае такія вялікія галіны, што пад це́нем яго могуць хава́цца пта́хі нябе́сныя.
І многімі гэткімі прыпо́весьцямі казаў ім слова, колькі яны маглі слухаць;
бяз прыпо́весьці-ж не́ гавары́ў нічога, а вучням насамо́це тлумачыў усё.
Уве́чары таго-ж дня сказаў ім: пераплыве́м на той бок.
І яны, адправіўшы народ, узялí Яго з сабою, як быў у чаўне́, бо з Ім былі і другія чаўны́.
І ўзьнялася вялікая бу́ра; хва́лі білі ў чо́вен так крэпка, што ўжо пачаў напаўняцца вадою.
А Ён спаў на карме́ на падушцы. Яго будзяць ды кажуць да Яго: Вучыцель! Няўжо-ж Цябе́ ня ру́піць, што мы гінем?
І, падыймаючыся, забараніў ве́тру і кажа да мора: змоўкні, пакінь! І ве́цер заціх, і настала вялікая ціша.
І кажа ім: чаму вы гэткія палахлíвыя? як гэта ў вас няма́ ве́ры?
І спалохаліся вялікім страхам ды гаварылі між сабою: Хто гэта, што й ве́цер і мора слу́хаюцца загаду Яго?